Перайсці да зместу

Юзаф Сцыпіён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Сцыпіён
Józef Scipio del Campo
Герб «Сцыпіён»
Герб «Сцыпіён»
Маршалак надворны літоўскі
1739 1743
Папярэднік Фердынанд Плятэр
Пераемнік Ігнацы Агінскі
Староста лідскі
1720 1743
Папярэднік Ян Сцыпіён
Пераемнік Ігнацы Сцыпіён

Нараджэнне 1710
Смерць да 9 чэрвеня 1743
Род Сцыпіёны дэль Кампа
Бацька Ян Сцыпіён
Маці Тэрэза з Юзафовічаў-Глябіцкіх[d]
Жонка Вераніка з Фірлеяў[d][1] і Тэрэза Барбара з Радзівілаў[d][2][3][…]
Дзеці ад першага шлюбу:
Станіслаў, Ігнацы, Ганна, Магдалена, Тэрэза
ад другога шлюбу:
Ксаверый Мікалай
Грамадзянства
Узнагароды
Ордэн Белага арла
Ордэн Белага арла

Юзаф Сцыпіён (Сцыпіё дэль Кампа) (? — да 9 чэрвеня 1743) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста лідскі (1720—1743), маршалак надворны літоўскі (1739—1743).

Паходзіў з роду Сцыпіёнаў уласнага герба, адзіны дасцігшы паўналецця сын Яна Сцыпіёна, смаленскага кашталяна, і Тэрэзы Юзафовіч-Глябіцкай.

Ян Сцыпіён рана пачаў далучаць сына да адказных спраў. У 1717 годзе той быў абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1720 годзе бацька перадаў Юзафу Лідскае староства. Як мага раней Ян Сцыпіён імкнуўся вылучыць адзінаму сыну асобнае ўладанне. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста II Моцнага ён перадаў Юзафу вёску Горні, у 1735 — Кульбакі, у 1736 — Барцяны і Пуршчы ў Лідскім павеце. Юзаф атрымаў заможны стан, адпаведны для актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці. Юзаф Сцыпіён неаднаразова выбіраўся на соймы Рэчы Паспалітай ад Лідскага павета, Смаленскага ваяводства і Інфлянтаў. На соймах 1729, 1730 і 1733 Юзаф Сцыпіён спрабаваў атрымаць пасаду маршалка сойму, але безпаспяхова. Паводле аўтараў «Польскага біяграфічнага слоўніка» за кулісамі сойму Юзафа абвінавачвалі ў плябейскім паходжанні, але ніхто не адважыўся выказаць гэта адкрыта.

Некалькі разоў Юзаф Сцыпіён выконваў знешнепалітычныя місіі. Ён веў перамовы з папскім нунцыям (1724), працаваў у камісіі па справах Курляндыі (1727). Юзаф Сцыпіён не здолеў атрымаць пасаду троцкага кашталяна, чаму перашкодзіў літоўскі падканцлер Міхал Чартарыйскі. Затое ў 1739 ён стаў маршалкам надворным літоўскім, што лічылася міністэрскай пасадай.

Юзаф Сцыпіён неверагодна ўзмацніў маёмасны і дынастычны стан свайго роду. Першы раз ён ажаніўся ў 1728 з Веранікай Фірлей — дачкой каменьскага кашталяна Анджэя Фірлея. Пасля смерці ў 1730 яе брата Якуба, Вераніка стала адзіным нашчадкам усёй маёмасці Фірлеяў, якая такім чынам трапіла да Сцыпіёнаў. Ад бацькі Юзаф Сцыпіён меў Шчучынак, Балотна (Воранава), Палубнікі, Сукурчы, Горні, Кульбакі, Борці і Пуршчы ў Лідскім павеце і Канюхі ў Ваўкавыскім павеце. Пасля смерці каля 1739 жонкі Веранікі Юзафу Сцыпіёну дасталася ўся спадчына Фірлеяў ў Люблінскім і Рускім ваяводствах, у тым ліку юрыдыка ў Любліне. Дзякуючы сваім багаццям Юзаф Сцыпіён рабіў вялікія ахвяраванні кляштарам піяраў у Шчучыне і Воранаве і дамініканам у Канюхах. Ён падтрымаў сваю маці ў заснаванні ў Шчучыне канвенту сясцёр міласэрнасці ў 1742. Другой жонкай Юзафа Сцыпіёна стала ў 1740 Тэрэза Барбара Радзівіл — дачка новагародскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла. Фактычна гэты шлюб можна разглядаць як прызнанне за Сцыпіёнамі роўнага становішча з боку магнатаў ВКЛ. У 1742 у Дрэздэне кароль Аўгуст III адзначыў Юзафа Сцыпіёна ордэнам Белага Арла — вышэйшай узнагародай у Рэчы Паспалітай.

  1. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. I, Województwo wileńskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. A. RachubaWarszawa: Wydawnictwo DiG, 2004. — С. 388. — 764 с. — ISBN 83-7181-305-8
  2. Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  3. Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 290, 297. — 377 с.