Ястрабец (герб)
Ястрабе́ц (польск.: Jastrzębiec) — герб польскай і вялікалітоўскай шляхты. Адзін з найбольш распаўсюджаных гербаў, яго ўжывалі да 1740 шляхецкіх родаў.
Найранейшая выява — 1319 год, пячатка Адама з Каменя. Першая вядомая пісьмовая ўзгадка — 1335 год. Спачатку быў распаўсюджаны ў Малапольшчы і Мазовіі. На шляхту ВКЛ быў распаўсюджаны згодна з Гарадзельскім прывілеем 1413 года. Пры заключэнні уніі гэты герб прыняў полацкі намеснік Ян Няміра ад кракаўскага біскупа Войцеха Ястрабца . Апрача біскупа Войцеха, род Ястрабцоў прадстаўляў таксама Марцін з Любеніцы, які выступаў у ролі сведкі[1][2]. Найстарэйшыя вядомыя вялікалітоўскія пячаці з выявай «Ястрабца» належаць Андрэю Няміровічу, выявы 1431 і 1434 гадоў.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]На шчыце на блакітным полі залатая падкова, павернутая канцамі ўверх, у яенай сярэдзіне залаты (часам срэбны) Крыж. Шчыт увянчаны шляхецкім шоламам са шляхецкаю каронай. Над Каронай Ястраб з прыўзнятымі крыламі, які глядзіць направа ад шчыта. На лапах — бразготкі, у кіпцюрах правай лапы трымае такую ж падкову з Крыжом, як і на шчыце. Часам тая ж падкова змяшчаецца на грудзях арла. Герб мае адзінаццаць адменнікаў, апісаных у Гербоўніку шляхецкіх родаў Царства Польскага.
Легенда пра паходжанне герба
[правіць | правіць зыходнік]Герб Ястрабец абавязаны назваю рыцару Ястрэбчыку. Існуе легенда (па Б. Папроцкаму)[3]. У адным з набегаў паганцаў (каля 999 года) была захоплена Лысая гара, названая пазней гарой Святога Крыжа. Гара была ператворана ў выдатна ахаваную крэпасць дзякуючы таму, што яе крутыя ледзяныя схілы былі неадольнымі для конніцы. Язычнікі, ведаючы сваю непаражальнасць і бачачы разгубленасць праціўніка, пагардліва насміхаліся над ляшскімі ваярамі, запрашаючы на паядынак за Хрыста любога з іх. Выклік прыняў рыцар Ястрэбчык, «натхнёны верай і славай Божай». Ён, як сцвярджае аўтар, прыдумаў падковы на конскія капыты, падкаваў свойго боявога каня і, дзякуючы гэтаму вынаходніцтву, пераадолеў непрыступныя схілы гары, сышоўся ў паядынкў з пагардлівым асілкам-паганцам і ўзяў яго ў палон. А пасля доставіў няўдачлівага супраціўніка каралю Баляславу Харобраму. Тым самым, рыцарь Ястрэбчык падаў прыклад іншым ваярам польскай конніцы, якія, падкаваўшы коней, імкліва адолелі слізкую гару і выбілі ворага. Перамога была поўнай. У якасці ўзнагароды за свой гераічны ўчынак рыцар атрымаў ад караля змену ў гербе. На яго щыт дадалі падкову з Крыжом, а на шолам быў змешчаны ястраб.
З легендай наконт вынаходніцтва падковы не згаджаецца К. Нясецкі. Ён піша, што не можа згадзіцца з гэтымі аўтарамі наконт таго, што Ястрэбчык першы тут, у Польшчы, толькі ў 999 годзе вынайшаў падкову і мастацтва каваць коней. Нясецкі прыводзіць і іншыя неадпаведнасці, але пры гэтым падкрэслівае, што ўсе гісторыкі згодныя з тым, што род гэты старажытны і квітнеў у Польшчы яшчэ ў часы язычніцтва.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Władysław Semkowicz O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle r. 1413. // 'Miesięcznik Heraldyczny. Organ Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie'. — Lwów — Т. 7. — № 5-6. — С. 96-97.
- ↑ D. Zincavage. Union of Horodle Roll Архівавана 22 чэрвеня 2009.
- ↑ Bartosz Paprocki: Gniazdo cnoty : zkąd herby rycerstwa sławnego Krolestwa Polskiego, Wielkiego Księstwa Litewskiego, Ruskiego, Pruskiego, Mazowieckiego, Zmudzkiego y inszych Państw do tego Krolestwa nalezacych Książąt y Panow poczatek swoy maią. Kraków: 1578, s. 36. (польск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ястрабец // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. С. 312.
- Herbarz polski K. Niesieckiego … Т. 4. С. 462.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ястрабец (герб)
- Лычкоўскі Ю.. Гербы беларускай шляхты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2017. Праверана 24 лістапада 2017. (бел.)
- Гербоўнік беларускай шляхты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2017. Праверана 24 лістапада 2017. (бел.)
- Апісанне герба на рускай мове Архівавана 4 чэрвеня 2009.
- Выявы гербоў