Іван IV Грозны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Іван IV Грозны
Іван IV у апошнія гады жыцця. Рэканструкцыя з чэрапа.

Іван Васільевіч, Іван IV (25 жніўня 1530, с. Каломенскае пад Масквой — 18 сакавіка 1584, Масква), вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі (з 1533), цар усяе Русі (з 1547). З дынастыі Рурыкавічаў, сын Васілія III з яго другога шлюбу з Аленай Глінскай.

Адзін з найзначнейшых дзяржаўных дзеячаў расійскай гісторыі, але і дзеяч, дзейнасць якога атрымала самыя разнастайныя ацэнкі.

Імя

Іван Васільевіч па нараджэнні атрымаў прамое імя Ціт. Незадоўга да смерці, калі прыняў іноцтва, насіў імя Іона.

Прыдомак «Грозны», пад якім цар Іван Васільевіч стаў вядомым у пазнейшай літаратуры, не сустракаўся ў расійскіх крыніцах 16 ст. Хутчэй за ўсё, як мяркуе Скрыннікаў, ён атрымаў такі прыдомак тады, калі стаў героем гістарычных песняў. Фальклорны ж вобраз Івана Грознага ― вялікага гаспадара сфарміраваўся, відаць, у часы Смуты, калі ва ўмовах вялікіх бедстваў часы «цара Івана» сталі ўзгадвацца як часы росквіту і дабрабыту, а расправы ў часы апрычніны былі забыты.

Пераклад прыдомку, які азначае «Іван Страшны» ці «Іван Грозны», як лічыць Скрыннікаў, відавочным чынам скажае яго сэнс ― ва ўяўленні людзей таго часу «граза (навальніца)» ўвасабляла больш боскую, чым прыродную, стыхію, якая лічылася няўхільнай, знішчальнай і бліскучай. ― знак умяшальніцтва нябесных сіл у жыцці людзей.

Магчымую памылковасць традыцыйнага англійскага перакладу прыдомку, «Ivan the Terrible», пацверджвае, напрыклад, Дэвід Стоўн[1], прапануючы як лепшыя «Ivan the Dread» (літар. «Пагрозлівы»[2]) or «Ivan the Awe-Inspiring» (літар. «Наводзіць Страх і Пашану»[2]).

На думку І. Марзалюка, звычай іменаваць Івана IV «Жахлівым», што ўкараніўся ў частцы новай беларускай гістарыяграфіі, з'яўляецца прадуктам міфалагізацыі гісторыі, і не існаваў у старабеларускіх крыніцах. Беларуская шляхта ў эпісталярных крыніцах называла цара Івана або «Маскоўскім», або «Тыранам», але нідзе ― «Жахлівым».[3]

Валадарства

Пасля смерці бацькі Іван Васільевіч быў абвешчаны гаспадаром пад апекай маці (3 снежня 1533); потым знаходзіўся пад апекай высокіх баярскіх радоў ― Шуйскіх, Вельскіх; самастойна кіраваць пачаў у 13-гадовым узросце, калі нечакана загадаў пакараць смерцю галоўнага са сваіх тагачасных апекуноў, князя Андрэя Шуйскага, і абвясціў сябе самадзержцам (29 снежня 1543). У 1547 годзе ён, як першы валадар у расійскай гісторыі, прыняў тытул цара (16 студзеня 1547).

Пачынаючы з 1549, ён, з апорай на г.зв. «Выбраную раду», здзейсніў рад значных дзяржаўных пераўтварэнняў: Земскую, Губную, ваенную рэформы; скасаваў кармленні і прыняў «Улажэнне аб службе» (15551556), а таксама «Прыгавор аб месніцтве»; зацвердзіў новы судзебнік (1550); пад яго наглядам быў прыняты зборнік пастановаў аб царкоўным жыцці «Стоглаў» (1551); у пачатку 1560-х гадоў правёў рэформу дзяржаўнай сфрагістыкі (гл. герб Расіі пасля 1560-х гг.); была завершаная грашовая рэформа, пачатая пры Алене Глінскай.

Гл.далей: гісторыя Расіі, 16 ст.

У 1560-х — 1570-х гг. Іван Васільевіч ліквідаваў дарадчыя органы і пачаў валадарыць аднаасобна; у гэты перыяд ён здзейсніў некалькі хваляў палітычных рэпрэсій (вядомых таксама як «эпохі казняў» і «апрычніна»), скіраваных супраць баярства і на ўмацаванне самаўладдзя (гл. апрычніна, паход на Ноўгарад); як самі рэпрэсіі такога размаху, так і асабісты ўдзел у іх цара, цяжка адбіліся на грамадстве (гл. ацэнкі дзейнасці).

У замежнай палітыцы Іван Васільевіч спрабаваў умацаваць пазіцыі Расіі на ўсходнім і паўднёвым кірунках, а таксама выйсці да Балтыйскага мора (гл. Усходняе пытанне, Балтыйскае пытанне); пры ім быў укладзены першы гандлёвы трактат з Англіяй (1554). З 1545 і амаль да самай смерці Іван Васільевіч вёў войны: у Паволжы, Крыме і Сібіры супраць татарскіх дзяржаў; у Прыбалтыцы і Беларусі ― супраць Лівоніі, Швецыі, ВКЛ і Польшчы (гл. Лівонская вайна). Лівонская вайна скончылася для Расіі няўдала, але ў Паволжы і Сібіры былі зробленыя значныя тэрытарыяльныя заваёвы (гл. ацэнкі дзейнасці).

Пры Іване IV быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расіі яўрэйскіх купцоў.

Ваенная справа

Воляй Івана IV былі праведзеныя дзве выдатныя для 16 ст. ваенныя кампаніі ― супраць Казанскага і Астраханскага ханстваў. Але сам ён не вызначыўся военачальніцкім дарам. У Лівонскай вайне, пасля ўдач першай кампаніі, войска Івана IV амаль пастаянна цярпела няўдачы, асабліва ў пазнейшы час, у кампаніях Стэфана Баторыя; адзіным выняткам стала ўзяцце Полацка ў 1563 годзе, дзе Іван IV камандаваў асабіста.[1] Арганізаванае Іванам IV апрычнае войска, не падобнае да яго арміі 1550-х, выявілася малапрыдатным для вайны, што пацвердзілася, напрыклад, у пагроме Масквы крымскім ханам у 1571.

Гл.далей: ваенная справа ў Расіі, войска Івана IV, паход на Казань, паход на Астрахань, Лівонская вайна, аблога Полацка, 1563, аблога Полацка, 1579.

Асоба

Вялікі ўплыў на асобу Івана IV зрабіла яго дзяцінства, праведзенае пад наглядам баярскіх апекуноў, без бацькі, з 8 гадоў - і без маці. На думку Платонава, баяры далі маладому Івану IV дрэнны прыклад двулічнасці, жорсткасці, амаральнасці; паспрыялі развіццю менавіта дрэнных рысаў яго асобы.

Разумовае развіццё Івана Васільевіча, на думку Платонава, было вышэйшым за яго развіццё маральнае. Так, на думку Платонава, у ранейшы час свайго жыцця Іван Васільевіч з'яўляў пэўную адукаванасць і палітычную ўсвядомленасць, якія праявіліся, напрыклад, у яго прамовах да мітрапаліта і баяраў, калі ён абвясціў аб жаданні ажаніцца і прыняць царскі тытул; або ў іншых яго выступленнях канца 1540-х гг. Адносна нечаканае ўзнікненне гэтых рысаў у Іване Васільевічы, яго цікавасць да чытання, багаслоўскіх пытанняў і палітычных тэорый, можна прыпісаць, на думку Платонава, дабрадзейнаму ўплыву маскоўскага мітрапаліта Макарыя і святара Сільвестра, яго супрацоўніка. Пазней, калі пачаліся сутыкненні за ўладу паміж царом і баярствам (выразна ― з 1553), якія асабліва завастрыліся ў канцы 1550-х гг., горшыя рысы асобы Івана IV ізноў выйшлі наверх, і праявіліся ў характары многіх падзей апрычніны, у жорсткасцях, учыненых Іванам IV, у т.л. асабіста; у яго шматлікіх шлюбах, у «перабіранні нявест» (як выхваляўся сам цар Іван, ён «перапробаваў тысячу дзяўчын»).

Наогул, на думку Платонава, матэрыялы па жыцці Івана IV няпоўныя, і шмат якія гады і перыяды яго біяграфіі не забяспечаныя дакументальнымі крыніцамі. Таму, на думку Платонава, з навуковай дакладнасцю немагчыма вызначыць ані рыс асобы Івана IV, ані яго кіраўнічых здольнасцей; адсюль вынікае разнагалоссе ў навуковым свеце. Старэйшым гісторыкам (Шчарбатаў, Карамзін) Іван IV здаваўся чалавекам многіх абліччаў, дваістым; змяненне характару яго дзейнасці прыпісвалася нейкаму «ўнутранаму пералому», які адбыўся, магчыма, ці пад уплывам барацьбы за ўладу, ці пасля смерці любімай першай жонкі. Пазней, калі выявілася палітычная матывацыя шмат якіх меркаванняў аб Іване IV, як у маскоўскіх, так і ў замежных крыніцах, гісторыкі спрабавалі даць уласнае тлумачэнне яго асобы. Так, яго спрабавалі паказаць ці як ідэалізаваную перадавую, незразуметую сваім часам асобу (Кавелін), ці як чалавека неразумнага (Карамзін), ці як вар'ята (М. Кавалеўскі); як чалавека, чые разумовыя здольнасці не адпавядалі слабасці яго волі (Ю. Самарын); як разумнага і таленавітага чалавека, які «не ўдаўся», а таму быў хваравіта раздражнёны на свет (І. Н. Жданаў). Як паведамляе Платонаў, моцны розум і ўладную сілу Івана IV прызнавалі яго сучаснікі, напрыклад, шведскі кароль Іаан.

Некаторае тлумачэнне дзеянням Івана IV дае выразная дэгенерацыя, якую з'яўляла ў 16 ст. маскоўская дынастыя. Брат Івана IV быў глуханямым ад нараджэння ідыётам, старэйшы сын Івана IV цярпеў на моцную неўрастэнію, сярэдні быў слабы галавой, малодшы быў эпілептыкам. Пасля моцнага нервовага патрасення Іван IV, відаць, атрымаў цяжкае нервовае захворванне, аб чым сведчаць, на думку Скрыннікава, яго раптоўныя выбухі гневу, неверагодная падазронасць, помслівасць і «нечалавечая» жорсткасць. З іншага боку, на думку Скрыннікава, няслушна лічыць, што Іван IV быў з юнацтва параноікам, і менавіта псіхічнай хваробай тлумачыцца развязаны ім тэрор. На думку Скрыннікава, звесткі ў падтрымку такога меркавання дадзеныя яго праціўнікамі, а надзейных звестак такога роду няма; таксама і фазы тэрору не адпавядаюць фазам меркаванага захворвання — сімптомы параноі з'явіліся ўжо ў канцы жыцця Івана, пасля заканчэння рэпрэсій.

Наогул, на думку Скрыннікава, жорсткасць Івана IV, яго пагарда да чалавечага жыцця і годнасці не могуць лічыцца нечым надзвычайным сярод сярэднявечных валадароў, і не могуць тлумачыцца толькі паталагічнымі прычынамі. Так, напрыклад, за адну Варфаламееўскую ноч у Францыі было забіта больш народу, чым пакарана смерцю ў час праўлення Івана Грознага.

Сям'я

Іван IV быў жанаты 6 разоў:

  • з Анастассяй Раманаўнай Захар'інай-Кошкінай (сыны Дзмітрый, пам. 1553, Іван, цар Фёдар і тры дачкі);
  • з Мар'яй Цемрукоўнай, княжной кабардзінскай (сын Васіль, пам. 1563);
  • з Марфай Васільеўнай Сабакінай;
  • з Аннай Аляксееўнай Калтоўскай;
  • з Аннай Рыгораўнай Васільчыкавай;
  • з Марыяй Фёдараўнай Нагой (сын царэвіч Дзмітрый).

Некаторыя аўтары (напрыклад, Хмыраў) называюць Марыю Нагую 7-й жонкай, а 6-й — любімую царову наложніцу Васілісу Меленцьеву, удаву па дзяку.

На думку Скрыннікава, шматлікія шлюбы Івана IV таксама стварылі шмат міфаў. Першы раз Іван IV ажаніўся ў 16 гадоў, і гэты яго шлюб быў самым працяглым (13 гадоў), і, відаць, самым шчаслівым. Пасля другога шлюбу, які трываў 8 гадоў і не пакінуў жывых нашчадкаў, у дзяржаве правялі новы перапіс нявест — 2000 дзяўчын, часта супраць волі бацькоў, былі звезеныя ў цараву Слабаду, цар Іван пазбаўляў іх нявіннасці, па чым выдаваў замуж за сваіх апрычных слугаў. Трэцяя жонка, Марфа Сабакіна, сваячка Малюты Скуратава, памерла неўзабаве пасля заручынаў, не стаўшы, на думку Скрыннікава, фактычнай жонкай цара. Шлюбы з Аннай Васільчыкавай і Аннай Калтоўскай былі непрацяглымі, а царыцы былі прымусам пастрыжаныя ў манашкі і скончылі жыццё ў манастырах. Апошні шлюб Івана IV быў з Марыяй Нагой, сваячкай тагачаснага фаварыта А. Ф. Нагога. Нягледзячы на тое, што ад гэтага шлюбу нарадзіўся сын Дзмітрый, Іван IV намерваўся развесціся, каб ажаніцца з англійскай прынцэсай, і гэтым намерам перашкодзіла, на думку Скрыннікава, толькі смерць Івана IV.

Ацэнкі

За час праўлення Івана IV Расійскае царства шматразова павялічыла сваю тэрыторыю і насельніцтва, і ў значнай ступені забяспечыла свае межы на ўсходзе і поўдні. Тэрыторыя Расійскага царства павялічылася з 2,8 млн. Шаблон:Км² да 5,4 млн. Шаблон:Км², а насельніцтва павялічылася на 30-50 % і склала 10-12 млн чалавек[4].

У палітыцы Іван IV выступіў як прыхільнік нічым не абмежаванага самаўладдзя, цэнтралізаванай улады, свецкага кантролю над царквой. Вядомай праявай поглядаў Івана IV на гэтыя пытанні з'яўляецца яго перапіска са збеглым у ВКЛ князем Курбскім.

Рашучае абмежаванне ўплыву баярства і ўмацаванне цэнтралізаванай улады былі, сапраўды, дасягнутыя, але метады дасягнення гэтага шмат чым прадвызначылі гаспадарчы ўпадак 1570-х—1580-х гг., увядзенне прыгоннага права ў дзяржаўным маштабе і Смуту пач. 17 ст. Лівонская вайна стала для Маскоўскага царства няўдалаю і безвыніковаю, прынесла спусташэнне не толькі на тэрыторыю, дзе вялися баявыя дзеянни, але и на і на землі самой Рускай дзяржавы, вычарпаўшы амаль усе яе людскія і матэрыяльныя рэсурсы[5] Людскія і матэрыяльныя страты ў Лівонскай вайне спрычынілі палітычны, эканамічны і сацыяльны крызіс у Расіі ў 1580-я-1590-я гг. У той жа час у Паволжы і Сібіры былі зробленыя значныя тэрытарыяльныя заваёвы.

На думку Платонава, можна і не верыць тым апавяданням аб пакараннях і жорсткасцях Івана IV, якія множыліся ў Еўропе; іх перабольшанасць, але і ахвотная вера ім, нават на ўрадавым узроўні, часткова тлумачацца нежаданнем дзяржаў Цэнтральнай Еўропы дапускаць палітычнае пасіленне Масквы ў Прыбалтыцы і яе выхад у Еўропу. Але, на думку Платонава, нельга не прызнаваць, што тэрор, учынены Іванам IV, быў сапраўды застрашлівым і рыхтаваў краіну да смуты і міжусобіцы. Гэта, па словах Платонава, разумелі і сучаснікі падзей: так, Іван Цімафееў у сваім «Часоўніку» казаў, што Грозны «божымі людзьмі гуляе», і распадзелам сваёй зямлі сам падрыхтаваў «разгалоссе», г.зн. Смуту.

Асабістая жорсткасць цара, які, паводле народнага ідэалу, павінен быў увасабляць праўду і маральнасць, і якую цар спалучаў з захоўваннем самых строгіх правілаў манашаствання, прывяла, на думку Кастамарава, да таго, што ў грамадстве «знікла павага да праўды і маральнасці»; у выніку ў вярхах грамадства вырасла пакаленне людзей без маральнага грунту, якія і сталі рухавіком для падзей у часы запрыгоньвання і Смуты. Карамзін параўноваў Івана Грознага з рымскімі тыранамі.

Сярод вынікаў вяршэнства асабістых настрояў Івана IV над дзяржаўнымі інтарэсамі называюць[6], напрыклад, спыненне развіцця кнігадрукавання ў Расіі (бегства Івана Фёдарава ў ВКЛ з-за страты міласці цара) або бегства з дзяржавы такога значнага дзеяча праваслаўнай культуры заходняга кірунку, як князь Курбскі.

І. М. Болцін параўноўваў Івана IV з Людовікам XI, тое ж параўнанне Івана з Людовікам адзначаюць і ў Карамзіна[7].

Галерэя выяў

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1,0 1,1 A military history of Russia : from Ivan the Terrible to the war in Chechnya / David R. Stone.
  2. 2,0 2,1 Oxford Student's Dictionary of Current English. 1978,1984.
  3. Ігар Марзалюк. Да пытання пра навуковасць новай беларускай медыевістыкі // Гістарычны Альманах. Выпуск 4, 2001.
  4. Звесткі з: Р. Пайпс, «Расія пры царскім рэжыме».
  5. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 : Абаленскі—Кадэнцыя / Рэдкал. : Г.П Пашкоў, (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-ое выд. — Мінск : БелЭн, 2007. — 688с. : іл. ISBN 978-985-11-0393-1 — Старонка 663.
  6. Каретникова М. С. Русское богоискательство.
  7. Е. А. Косминский, с. 43

Літарартура

  • Хмыров М. Д. Правители России. Алфавитно-справочный перечень государей российских и замечательнейших особ их крови [1870] / Сост. Е. К. Авраменко, С. С. Атапин, Л. П. Колосова. ― СПб : САТИС, 1993.
  • Орлов А., Георгиев В., Георгиева Н., Сивохина Т. История России с древнейших времен до наших дней. ― М.:"ПРОСПЕКТ", 1997. — 544 с. ISBN-5-7896-0020-4
  • История Государства и права России: Учебник для вузов / Под ред. С. А. Чибиряева. — М., 1998. — 528 с.
  • Геллер М. История Российской империи.
  • Скрынников Р. Иван Грозный.
  • Скрынников Р. Третий Рим.
  • Костомаров. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей.
  • Платонов С. Ф. Полный курс лекций по русской истории.

Спасылкі