Бруна фон Кверфурт

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Смерць Бруна, фрэска з абацтва Святога Крыжа на Лысай гары ў Польшчы

Бруна фон КВЕРФУРТ або Бруна КВЕРФУРЦКІ, Бруна-Баніфацый з Кверфурту (ням.: Bruno von Querfurt; 974 — 9 сакавіка 1009) — місіянер, прылічаны да святых каталіцкай царквой.

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Сын Бруна Старэйшага, графа кверфурцкага, і Іды, нашчадак саксонскага арыстакратычнага роду, які быў у сваяцтве з імператарскім домам. Апроч Бруна ў сям'і было яшчэ трое сыноў — Гебхард, Дзітрых і Вільгельм. Выхоўваўся ў школе пры кляштары Св. Яна ў Магдэбургу, школа знаходзілася ў кіраванні магдэбургскага архібіскупства і вядомая вучобай там у розныя часы шмат каго з славянскіх біскупаў і місіянераў, вучыўся там і вядомы прапаведнік Адальберт-Войцех. У 995 г. Бруна атрымаў сан каноніка, троху пазней быў прадстаўлены да двара імператара Атона III і ў 997 г. стаў яго капеланам.

У 998 г. з імператарам прыехаў у Рым. У Італіі даведаўся аб пакутніцкай смерці ў Прусіі Адальберта-Войцеха і пад уражаннем пакінуў двор, пайшоўшы ў кляштар бенедыкцінцаў на Авенціне дзе прыняў імя Баніфацый. У 1001 г. у Монтэ-Касіна пазнаёміўся з пустэльнікам Рамуальдам, заснавальнікам Ордэна камедулаў і ўступіў у яго брацтва. Некаторы час Бруна жыў у кляштары Рамуальда ў Перэі каля Равены дзе і прыняў пострыг. Рамуальдам, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў радыкальнага манаска-аскетычнага руху таго часу, меў кантакты з кар. польскім Баляславам І Храбрым, рамуальдава брацтва прымала ўдзел у місіях у Польшчу для хрысціянізацыі славянаў. Верагодна, менавіта ў рамуальдавым манастыры, пад уражаннем аповедаў місіянераў у Бруна з'явілася ідэя паўночнай місіі. У адну з такіх місій разам з Бенедыктам і Янам ён і адправіўся.

У 1002 г. Папа Рымскі Сільвестр II надаў Бруна тытул Archiepiscopus gentium для місійнай дзейнасці сярод паганскіх народаў і выдаў яму дазвол на пасвячэнне, тады ж быў выдадзены і дазвол на місію Бенедыкту і Яну. Тым жа годам Бруна са спадарожнікамі прыбыў да двара польскага кар. Баляслава. Кароль, верагодна, хацеў накіраваць місіянераў на ахрышчэнне славян паміж Лабай і Одрай, каб далучыць гэтую тэрыторыю да сваіх уладанняў. Аднак, памкненні польскага кар. непакоілі імператара Генрыха II, які таксама прэтэндаваў на гэтыя землі, таму Бруна, які ўзімку 1002 прыбыў у Магдэбург для пасвячэння ў сан, доўга не мог атрымаць пасвячэння. За гэты час Бруна наведаў родавы замак Кверфурт, дзе ў 1002 г. асвяціў новую царкву, адным з апекуноў якой быў св. Пётр.

Бенедыкту і Яну, якія засталіся ў Польшчы, Баляслаў даў землю пад кляштар, хутка ў іх з'явіліся мясцовыя паслушнікі — родныя браты Язэп і Мацвей, а таксама Варнава і кухар Крысцін. У 1003 г., калі Варнаву адправілі ў Рым, астатнія пяць братоў — Бенедыкт, Ян, Язэп, Мацвей і Крысцін былі забітыя.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Толькі ў 1004 Бруна быў пасвечаны і атрымаў паліюм з рук магдэбургскага архібіскупа Тагіна. Пасвячэнне верагодна было здзейснена ў абмен на абяцанне не прапаведаваць на землях паміж Лабай і Одрай. Бруна вярнуўся ў Польшчу, перад гэтым пасвяціўшы аднаго з сваіх людзей у біскупы і адправіўшы яго з місіяй у Швецыю, дзе і сам некаторы час хацеў прапаведаваць. План Баляслава па хрышчэнні славян паміж Лабай і Одрай сарваўся.

Місія ў Венгрыю[правіць | правіць зыходнік]

Польскі кароль знайшоў для Бруна новую справу — прапанаваў адправіцца з пропаведдзю ў Венгрыю. Верагодна Бруна адбыў у Венгрыю не толькі з хрысціянскай, але і з дыпламатычнай місіяй. Вядома, што ён прапаведаваў сярод чорных мадзьяр у даліне Мараш ва ўладаннях князя Айтаня. Айтань быў хрысціянінам усходняга абраду і ў той час меў доўгачасовы канфлікт з каралём Іштванам І, такі жа канфлікт меў і польскі кароль Баляслаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Айтань быў звязаны з Уладзімірам І Кіеўскім. Кароль жа Іштван быў цесна звязаны з імператарам Генрыхам, той быў яго шваграм і саюзнікам у барацьбе за вяртанне захопленых Баляславам венгерскі земляў. Прысутнасць Бруна ў Венгрыі выклікала вялікае раздражненне венгерскага караля, якое змусіла місіянера—дыпламата пакінуць гэтую краіну, вярнуцца ў Польшчу і некаторы час жыць пры двары караля Баляслава — дакладная храналогія гэтых падзей невядомая.

Місія да печанегаў праз Русь[правіць | правіць зыходнік]

У кан. 1007 Бруна адправіўся праз Русь нібы прапаведаваць да печанегаў. Аднак верагодней за ўсё хрысціянская місія да печанегаў была толькі прыкрыццём дыпламатычнай місіі Бруна да Уладзіміра ад Баляслава. У пач. 1008 Бруна сустрэўся з rex Russorum Уладзімірам і некаторы час жыў пры яго двары. У кан. лютага 1008 Бруна ў суправаджэнні Уладзіміра адправіўся да печанегаў, ахрысціў 30 чалавек і пасвяціў для іх біскупа з сваіх людзей, а таксама наладзіў мір паміж печанегамі і кіеўскім князем. Закладнікам на падмацаванне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, у якім некаторыя даследчыкі бачаць Святаполка.

Вяртанне ў Польшчу[правіць | правіць зыходнік]

У тым жа 1008 Бруна вярнуўся ў Польшчу і зноў нейкі час жыў пры двары Баляслава. Там Бруна напісаў Жыціе Адальберта-Войцеха, Жыціе пяці братоў мучанікаў (сваіх былых спадарожнікаў), а таксама вядомы ліст да імператара Генрыха. У гэтым лісце, Бруна папракае імператара за тое, што ў саюзе з паганцамі — абадрытамі ваюе з Польшчай, замест таго каб у саюзе з Баляславам займацца іх хрышчэннем.

Прусія або зноў Русь?[правіць | правіць зыходнік]

Супярэчнасці паміж Баляславам і Генрыхам увесь час толькі абвастраліся, наспяваў канфлікт. У кан. 1008, перад самым пачаткам вайны паміж Польшчай і Імперыяй, Бруна, па меркаванні некаторых даследчыкаў пайшоў з Польшчы ў Прусію, дзе прапаведваў, а пасля гэтага пайшоў адтуль праз Літву на Русь. Іншыя даследчыкі лічаць, што Бруна пайшоў не ў Прусію, а зноў адправіўся на Русь у почаце дачкі Баляслава, якая выхадзіла замуж за тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. У тым жа почаце быў і калабжэгскі біскуп Райнберн — духоўнік каралеўны. Невядома, які быў маршрут гэтага падарожжа, ці мог быць зноў Бруна ў Кіеве або шлюб адбыўся ў Тураве.

Сума дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Бруна быў уражлівым чалавекам, гэтая асаблівасць характару практычна вызначыла яго лёс. Пад уражаннем ад смерці Адальберта-Войцеха ён пайшоў у кляштар. Пад уражаннем аповедаў аб пропаведзях паганцам — прыняў пастрыг і рашыў адправіцца прапаведаваць. Пад уражаннем ад перашкод у хрышчэнні палабскіх і надодраўскіх славян, з боку імператара і імперскага духавенства — стаў прыхільнікам Баляслава і праціўнікам Генрыха. У той жа час Бруна быў прыхільнікам хрышчэння паганцаў з дапамогай сілы і заклікаў да гэтага. Аднак ніхто не жадаў яму аказваць у гэтым рэальнай дапамогі — ні Генрых, ні Баляслаў, ні Уладзімір, ва ўсіх былі свае больш надзённыя праблемы.

Баляслаў пры пасрэдніцтве Бруна спрабаваў стварыць саюз супраць імперыі, ў яго гэта ў некаторай ступені атрымалася. У 1008 чорныя мадзьяры Айтаня паднялі паўстанне ў Венгрыі, аднак яно было падушана каралём Іштванам. Шлюб жа дачкі Баляслава з сынам Уладзіміра таксама з'яўляецца ўскосным пацверджаннем нейкай дамовы паміж імі. На жаль, падрабязнасці і ўмовы гэтых пагадненняў невядомыя — можна толькі здагадвацца.

Апошняя місія — Прусія або Літва[правіць | правіць зыходнік]

Урывак з Кведлінбургскіх аналаў з паведамленнем пра гібель Бруна на памежжы Русі і Літвы

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Бруна адправіўся з місіяй у Прусію, а дакладней у адну з яе частак — Яцвезь па даручэнні караля Баляслава. Але гэта даволі сумніўна, бо з 983 Яцвезь прызнавала ўладу Уладзіміра, а Баляславу не патрэбен быў яшчэ адзін вораг. Магчыма Бруна менавіта ад Уладзіміра атрымаў дазвол прапаведаваць на землях падуладных Кіеву паганцаў і з Русі, магчыма з Турава, адправіўся ў сваю апошнюю місію. Такі напрамак падарожжа — з Русі ў Літву, а не з Літвы на Русь, ускосна пацвярджаецца апісаннем месца яго згубы — на памежжы Русі і Літвы (in confinio Rusciae et Lituae). Зыходзячы з гэтага складана казаць, ці сапраўды збіраўся Бруна ў Яцвезь — хоць магчыма ён жадаў патрапіць туды прайшоўшы праз Літву, па шляху прапаведаючы паганцам якія жылі там.

Як толькі Бруна са сваімі спадарожнікамі ўступіў на землю паганцаў (па розных версіях — або прусаў, або літоўцаў), то быў схоплены і прыведзены да тамтэйшага князька Нецімера і стаў угаворваць таго ахрысціцца. Атрымаўшы адмову Бруна спаліў паганскіх ідалаў, за гэта сам быў асуджаны на спалення. Аднак распаліць вогнішча пад Брунам не атрымалася і паганцы палічылі гэта знакам — Нецімер вызваліў Бруна і разам з 300 набліжанымі, хутчэй сваёй дружынай, прыняў хрышчэнне. З-за гэтага ў яго адбыўся канфлікт са сваякамі. Магчыма, сваякі былі супраць хрышчэння і патрабавалі пакарання Бруна, а магчыма, і гэта больш верагодна, Нецімер пад уплывам Бруна настойваў на хрышчэнні сваякоў — нават загадаў забіць свайго брата, які адмовіўся ахрысціцца.

Далейшая місія Бруна склалася няўдала. З уладанняў Нецімера ён накіраваўся далей і апынуўся ва ўладаннях іншага князька — Зебедэна. Там 9 сакавіка 1009 Бруна быў схоплены і па загадзе князька абезгалоўлены, а яго 18 спадарожнікаў павешаныя. Галаву Бруна кінулі ў раку. У вельмі позніх крыніцах раку завуць Алстрай (*Alstros), і некаторыя даследчыкі атаясамліваюць яе з ракой Ятра (цяпер р. Ятранка), прытокам Моўчадзі. Хоць слушнасць назвы ракі як Алстара і атаяснення яе з Ятрай неверагодная, але ў Дарэўскім прыходзе Баранавіцкага дэканату Пінскай дыяцэзіі лічаць, што Бруна загінуў менавіта ў іх мясцовасці.

Аб тым, што адбылося далей крыніцы расходзяцца ў меркаваннях. Адны сцвярджаюць, што рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў былі выкупленыя нейкім рускім князем, які над імі пабудаваў царкву і што Бруна пачытаўся як святы рускай царквой. Іншыя, што рэшткі выкупіў польскі кароль Баляслаў. Магчыма, што адбылося і тое і іншае — спачатку рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў трапілі да рускага князя, магчыма тураўскага Святаполка, калі Бруна насамрэч пайшоў з місіяй Русі і яго горада — Турава, дзе да таго ж знаходзіўся біскуп Райнберн. А ўжо пасля рэшткі выкупіў кароль Баляслаў. Вельмі хутка (да 13 ліпеня 1024) Бруна быў кананізаваны, ва ўрачыстай імшы ўдзельнічаў імператар Генрых.

Памяць у каталіцкай царкве — 15 кастрычніка. У Польшчы святы Бруна зяўляецца патронам Ломжыцкай дыяцэзіі — дзень памінання 12 ліпеня.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Berg D. Brun von Querfurt // Die deutsche Literatur des Mittelalters: Verfasserslexikon. Bd. 1. — Berlin, 1978. — Sp. 1053—1056. (бібліяграфія);
  • Lotter F. Bruno von Querfurt // Lexikon des Mittelalters. Bd. 2. — Munchen, 1983. — Sp. 755—756. (бібліяграфія);
  • Voigt H.G. Bruno von Querfurt… 1907;
  • Bruno als Missionar der Ostens. 1909;
  • Petri Damiani Vita beati Romualdi / A cura di G. Tabacco. — Roma, 1957. Cap. 27 (=Fonti per la storia d'Italia; Vol. 94);
  • Meysztowicz W. Szkice o świętym Brunie-Bonifacym // Sacrum Poloniae Millennium. Rzym, 1958. T.5. S. 445—501;
  • Vita Quinque Fratrum Eremitarum. Epistola Brunonis ad Henricum regem / Rec. Hedvigis Karwasińska. — Warszawa, 1973. — P. 77-106 (=Monumenta Poloniae Historica; Ser. nova; T. IV. Fasc. 3);
  • Гильфердинг А. Ф. Неизданное свидетельство современника о Владимире Святом и Болеславе Храбром // Русская беседа. — 1856. — Т. 1. — С. 1-34;
  • Кібінь А. С. Лёс і роля лацінскіх місій у хрысціянізацыі заходнебеларускіх зямель у ХI ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 1. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 86-91;
  • Латиноязычные источники по истории Древней Руси / Сост. и пер. М. Б. Свердлов. — М., 1989. — С. 45-56;
  • Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях. — С. 339—361;
  • Назаренко А. В. Немецкие латиноязычные источники IX—XI вв. — С. 314—315.