Камода (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Камода)
Камода
індан. Pulau Komodo
Заліў на ўсходзе Камода
Заліў на ўсходзе Камода
Характарыстыкі
Плошча390 км²
Насельніцтва2 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва5,13 чал./км²
Размяшчэнне
8°32′36″ пд. ш. 119°29′22″ у. д.HGЯO
АкваторыяМора Флорэс
Краіна
Камода (востраў) (Інданезія)
Камода
Камода
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Камода (індан.: Pulau Komodo) — востраў у групе Малых Зондскіх астравоў, на захад ад вострава Флорэс. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча - 390 км². Насельніцтва (2006 г.) - 2000 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Камода з'яўляецца часткай архіпелага Малыя Зондскія астравы. Знаходзіцца ў 25 км на захад ад вострава Флорэс, у 20 км на ўсход ад вострава Сумбава, у 1420 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Даўжыня — каля 40 км, найбольшая шырыня — 17,4 км.

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку працэса субдукцыі (напаўзання акіянічных пліт, гл. Тэктоніка пліт). Берагі маюць значныя вылучыны, часцяком паднятыя, скалістыя. Пейзаж вострава характарызуецца чарагаваннем вузкіх далін з плато і ўзгор'ямі. Найвышэйшая гара Араб дасягае 823 м над узроўнем мора.

Клімат трапічны. Вільготны сезон працягваецца са снежня да пачатку красавіка. У студзені сярэдняя колькасць ападкаў набліжаецца да 278 мм. Астатні перыяд засушлівы. Сярэдняя гадавая тэмпература 30°C — 32°C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На востраве Камода знойдзена 254 віды раслін, якія маюць азіяцкае і аўстралійскае паходжанне. Большасць з іх прыстасавана да засушлівага клімата вострава. Значная частка тэрыторыі пакрыта густымі ксерафітнымі хмызнякамі.

Найбольш вядомы прадстаўнік фаўны Камода — камодскі варан, які з'яўляецца найбуйнейшай у свеце яшчаркай. Акрамя таго, тут жывуць дзікія буйвалы, алені, макакі, кажаны, коні, дзікі, цыветы, марскія і наземныя птушкі. Воды каля Камода насяляюць прыкладна 1000 відаў розных марскіх жывёл, у тым ліку акулы, скаты, марскія чарапахі і г. д.

Ахова і інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Камода з'яўляецца часткай нацыянальнага парка Камода, што ўваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На Камода знаходзіцца адзіны населены пункт — аднайменная вёска, каля якой дзейнічае прычал для суднаў з вострава Флорэс. Жыхары займаюцца сельскай гаспадаркай, аднак яе развіццё абмежавана правіламі аховы дзікай прыроды. Галоўная галіна мясцовай эканомікітурызм. Наведвальнікі прыязджаюць пераважна для назірання за жыццём знакамітых камодскіх варанаў, аднак на Камода таксама маюцца магчымасці для пляжнага адпачынка і нырання з аквалангам. Турыстаў прымае спецыялізаваны цэнтр нацыянальнага парка.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]