Мацярык Аўстралія

З Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
Аўстралія на карце свету
Аўстралія на карце свету

Аўстралія — самы маленькі мацярык Зямлі, плошча 7,7 млн. км2. Увесь мацярык займае адна краіна — Аўстралійскі Саюз.

Змест

[правіць] Геаграфічнае становішча

Мацярык Аўстралія размешчаны ў цэнтры так званага акіянічнага паўшар'я Зямлі, цалкам ляжыць у Паўднёвым і ва Усходнім паўшар'ях. Паўднёвы тропік перасякае Аўстралію амаль пасярэдзіне. Гэта адасоблены мацярык, аддалены ад іншых кантынентаў. Абрысы яго простыя, берагі парэзаныя слаба, вылучаюцца залівы (Вялікі Аўстралійскі і Карпентарыя), паўвостраў Кейп-Ёрк; самы вялікі востраў — Тасманія. Ля паўночна-ўсходніх берагоў працягнуўся Вялікі Бар'ерны рыф.

[правіць] Будова паверхні

Аўстралія — самы плоскі з мацерыкоў, у рэльефе пераважаюць раўніны. Сярэдняя вышыня кантынента — 215 м. Найвышэйшы пункт — гара Касцюшка (2228 м) знаходзіцца ў Аўстралійскіх Альпах (паўднёвая частка Вялікага Водораздельного хрыбта).

Сучасны рэльеф Аўстраліі сфармаваўся на старажытнай Аўстралійскай платформе — частцы старажытнага мацерыка Гандваны. Паводле рэльефу Аўстарлійскі мацярык можна падзяліць на тры часткі. Заходняя частка платформы прыпаднятая, тут крышталічны падмурак месцамі выходзіць на паверхню, утворачы шчыты. Тэктанічныя рухі стварылі адроджаныя глыбовыя горы, а доўгія працэсы выветрывання прывялі да ўтварэння мудрагелістай форм астанцоў. Цэнтральная нізіна пакрытая тоўшчай асадкавых парод, вышыні яе не перавышаюць 100 м, а месцамі яна ляжыць ніжэй узроўня акіяна. На ўсходзе размешчаныя горы, якія далучыліся да платформы ў палеазоі. Яны былі моцна разбураныя, раздзеленыя рачнымі далінамі, а ў эпоху альпійскай складкаватасці апынуліся прыпаднятымі і пабітымі разломамі на асобныя масівы.

Ад іншых мацерыкоў Аўстралія адрозніваецца адсутнасцю дзеючых вулканаў, і моцныя землятрусы тут таксама не здараюцца.

Аўстралія багатая карыснымі выкапнямі, сярод якіх рудныя пераважаюць над неруднымі. Да магматычных парод адносяцца радовішчы жалезных руд і руд каляровых металаў (свінцу, цынку, тытану, медзі, урану і інш.), золата, волава, плаціны. З прадуктамі выветрывання крышталічных парод звязаныя радовішчы баксітаў і жалезных руд асадкавага паходжання. Асадкавым пародам абавязаныя радовішчы каменнага вугалю, паваранай солі, нафты і прыроднага газу.

[правіць] Клімат

Клімат мацерыка вызначаецца размяшчэннем Аўстраліі зблізку экватара і паабапал тропіка, цыркуляцыяй паветраных мас, уплывам рэльефу, акіянічнымі плынямі і іншымі фактарамі. Тут пануе сухі трапічны клімат. Вялікая частка паверхні (3/4) мае недастатковае ўвільгатненне. На схілах гор усходняга ўзбярэжжа выпадаюць багатыя ападкі, якія прыносяцца паўднёва-ўсходнімі пасатамі.

Поўнач Аўстраліі размешчана ў субэкватарыяльным поясе, дзе выразна выяўленыя сухі і дажджлівы сезоны, абумоўленыя зменай паветраных мас. Вялікая частка мацерыка ляжыць у поясе панавання сухога трапічнага паветра. Поўдзень мацерыка размешчаны ў субтрапічным поясе, дзе вылучаюць тры кліматычныя вобласці, якія адрозніваюцца галоўным чынам колькасцю ападкаў і іх рэжымам. Востраў Тасманія амаль цалкам знаходзіцца ва ўмераным поясе, дзе пераважныя заходнія вятры, што прыносяць шмат ападкаў з акіяна.

[правіць] Унутраныя воды

Рака Мурэй
Рака Мурэй

Рачная сетка на мацерыку развіта вельмі слаба. Сцёку ў акіян не мае амаль 60% тэрыторыі. Вялікая частка рэк адносіцца да басейну Індыйскага акіяна. Кароткія, паўнаводныя, порожистые рэкі сцякаюць у Ціхі акіян з Вялікага Водораздельного хрыбта. Найбольшая рака Аўстраліі — Мурэй з прытокам Дарлінг. Для вялікай тэрыторыі характэрныя часовыя вадацёкі — крыкі. Жыўленне рэк дажджавое, а ў Аўстралійскіх Альпах — змешанае.

На мацерыку даволі шмат азёр, але амаль усе яны бяссцёкавыя, пакрытыя салянай скарынкай, запаўняюцца вадой толькі ў перыяд дажджоў.

Вялікія запасы падземных вод назапашаны ў 33 артэзіянскіх басейнах. Яны размешчаныя ў прагінах платформы і займаюць 1/3 тэрыторыі мацерыка. Вялікая частка падземных вод засоленая, што перашкаджае іх выкарыстанню ў гаспадарцы.

[правіць] Арганічны свет

Каала
Каала

Аўстралія адрозніваецца ад іншых мацерыкоў своеасаблівасцю арганічнага свету. Прырода стварыла тут натуральны запаведнік, у якім захаваліся віды раслін і жывёл, блізкія тым, што засялялі Зямлю ў далёкім мінулым і ўжо зніклі на іншых мацерыках. Арганічны свет развіваўся ў Аўстраліі ізалявана, бо яна даўно аддзялілася ад іншых мацерыкоў.

Сярод раслін эндэмікі складаюць 75%. Толькі ў Аўстраліі захаваліся млекакормячыя, што кладуць яйкі (качканос і яхідна); шматлікія сумчатыя (кенгуру, валабі, вамбаты, каала, сумчаты крот і інш.); багаты свет птушак (страўс эму, казуар, райскія птушкі, какаду, лірахвосты і інш.).

Дзікая расліннасць Аўстраліі не падарыла чалавеку ні адной расліны, якая адыграла б прыкметную ролю ў земляробстве. У перыяд каланізацыі на мацярык з іншых кантынентаў былі завезеныя шматлікія віды раслін і жывёл.

[правіць] Прыродныя зоны

У размяшчэнні прыродных зон на мацерыку выразна выяўлена шыротная занальнасць, якая на ўсходняй і заходняй ускраінах парушаецца з-за павелічэнні колькасці ападкаў.

Саваны і рэдкалессі адпавядаюць субэкватарыяльнаму кліматычнаму поясу. На чырвоных фералітных і чырвона-бурых глебах сярод травы растуць эўкаліпты, акацыі, казуарыны з бязлістымі ніткападобнымі галінамі, бутэлькавыя дрэвы. Ва ўсходняй частцы пояса ва ўмовах раўнамернага ўвільгатнення распаўсюджаныя вільготныя і пераменна-вільготныя трапічныя лясы, дзе сярод эўкаліптаў сустракаюцца пальмы, фікусы, дрэвападобная папараць. У гэтай зоне насяляюць кенгуру, вамбаты, сумчатыя мурашкаеды; па берагах вадаёмаў шмат птушак.

Трапічныя пустыні і паўупустыні — самая вялікая паводле плошчы зона. У пустынях растуць драбналістыя травы, сустракаюцца зараснікі сухіх хмызнякоў з нізкарослых калючых акацый, эўкаліптаў. Такія зараснікі называюць скрэбами. Прасторы пустыняў, пакрытыя цвёрдай травой спініфексом і хмызнякамі, выкарыстаюць пад пашы. У пустынях жывуць рыжыя кенгуру, яхідна, шмат паўзуноў.

На паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе мацерыка растуць субтрапічныя лясы, у якіх пераважаюць эўкаліпты, вечназялёны бук і інш.

Рэгіёны света
Амерыка Паўночная · Карыбы · Лацінская · Цэнтральная · Паўднёвая
Еўропа Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
Азія Заходняя  · Центральная · Усходняя · Паўднёвая · Паўднёва-Усходняя ·
Блізкі Усход · Сярэдні Усход · Далёкі Усход
Афрыка Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
Акіянія Аўстралія · Новая Зеландыя · Меланэзія · Мікранэзія · Палінэзія

Полюсы Арктыка · Антарктыка
Акіяны Атлантычны · Індыйскі · Паўночны · Ціхі  · Паўднёвы