Геаграфія Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Суседзі і правінцыі ПАР

Тэрыторыю ПАР займаюць пласкагор'і Вельда і Кару, на поўдні і ўсходзе ляжаць горы. Нетры ПАР багатыя вуглём, рудамі чорных і каляровых металаў, алмазамі. Кліматычныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет надзіва разнастайныя, кожны куток краіны непаўторны. Найбуйнейшая рака — Аранжавая.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Займаючы плошчу 1,22 млн кв.км., ПАР з'яўляецца 24-й па велічыні тэрыторыі краінай свету. Самая паўднёвая дзяржава кантынента. Менавіта тут знаходзіцца паўднёвая кропка Афрыкі — мыс Іголкавы, а за 100 км на захад — яшчэ болей знакаміты мыс Добрай Надзеі. На працягу 2500 км абмываецца параўнальна халоднымі водамі Атантычнага акіяна на захадзе і Індыйскага — на ўсходзе. На поўначы мяжуе з Намібіяй (частка мяжы ідзе па рацэ Аранжавая), Батсванай і Зімбабвэ (часткова па рацэ Лімпопа), на паўночным усходзе з Мазамбікам і Свазілендам; а яшчэ цалкам акружае невялічкую Лесота, якая з'яўляецца прыкладам класічнага анклава.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Тапаграфія ПАР. Зубчастая лінія — Вялікі Уступ. Яе чырвоная частка — Драконавы горы

Большая частка тэрыторыі краіны ўяўляе сабой высокае (ад 1000 на захадзе да 2100 м на ўсходзе) і амаль плоскае Цэнтральнае плато, што абрываецца да поўдня і ўсходу Вялікім Уступам. Усходняя, найбольш стромая і расчлененая чатка Уступа, вядомая пад назвай Драконавых гор. Менавіта тут знаходзіцца найвышэйшая кропка краіны — гара Матадзі (3450 м). На поўдзень ад паўднёвай стромы Уступа паралельна берагу разаслаліся невысокія (да 2,5 км), ледзьве вышэйшыя за Цэнтральнае плато, старажытныя складкаватыя Капскія горы. Нізінамі ў ПАР занята ўсходняе ўзбярэжжа, найвялікшая з нізін — даліна Лімпопа на мяжы з Мазамбікам.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

ПАР казачна багатая руднымі карыснымі выкапнямі — нетры краіны ўтрымліваюць агромністыя запасы золата, жалезных руд, медзі, марганцу; а таксама алмазамі і каменным вуглём. Бушвельдскі магматычны комплекс змяшчае большую частку вядомых сусветных запасаў металаў плацінавай групы, а менавіта, плаціны, паладыю, рутэнія і інш. Комплекс змяшчае 75 % сусветных запасаў плаціны і 50 % — паладыю.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат на большай частцы тэрыторыі ПАР трапічны: засушлівы на захадзе (ажно да пустыннага на паўночным захадзе) і вільготны на ўсходзе. Поўдзень краіны ляжыць у субтрапічным поясе, для заходняй часткі якога характэрныя міжземнаморскія рысы: гарачае сухое лета, прахалодная вільготная зіма; усходняя ж частка ляжыць у вільготнай вобласці, менавіта тут, ля падножжа Драконавых гор, знаходзіцца "полюс ападкаў" краіны са знакам +.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дамба Гарыеп на Аранжавай

Палову краіны займае басейн ракі Аранжавая, што пачынаецца ў Драконавых гарах, адкуль прымае і свой найбуйнейшы прыток — раку Вааль, і ўпадае ў Атлантычны акіян. На рацэ Аранжавая размяшчаецца 146-метровы вадаспад Аўграбіс. Ападкадэфіцытныя раёны краіны адчуваюць недахоп у вадазабеспячэнні. Каб пазбегнуць дэфіцыту вады, асабліва пітной, на рэках будуюцца вадасховішчы. Аднак менавіта Кейптаўн апынуўся першым вялікім горадам планеты, які рызыкуе застацца зусім без вады.

Біяразнастайнасць і ландшафты[правіць | правіць зыходнік]

Краявід Кару
Зарасці Бушвельда
Намакваленд у квеце, верасень

Паводле агульнай біяразнастайнасці ПАР шостая на планеце. Раслінны свет гэтай зямлі настолькі багаты і самабытны, што біягеографам прыйшлося выдзеліць цэлае фларыстычнае царства — Капскае, адно з шасці ў свеце. Тут сустракаецца больш за 22000 відаў вышэйшых раслін, або каля 9 % усіх вядомых відаў раслін на Зямлі.

Уражвае стракатасць раслінных фармацый, што можна сустрэць у ПАР. Поўдзень Цэнтральнага плато і поўнач Капскіх гор займае Кару, хмызняковы стэп. На поўнач ландшафты Кару змяняюцца яшчэ болей сухімі фармацыямі Калахары. Крайні захад краіны займаюць паўпустыні Намакваленда: большую частку года безжыццёвыя, ўвесну яны красуюць неверагоднымі фарбамі. Усходняя, лепш увільготненая частка Цэнтральнага плато занятая саваннамі Высокага Вельда. На поўнач ад Высокага Вельда раскінуўся Бушвельд, што абрынваецца да даліны Лімпопа (Нізкі Вельд). Добра ўвільготненыя 300 км паласы паўднёвага берага на мяжы Заходняга і Усходняга Кейпаў за шыкоўную вегетацыю атрымалі назву "Дарога садоў". Жывёльны свет ПАР класічны для саванавай Афрыкі, з вялікай разнастайнасцю мегафаўны.

Ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

У даліне Лімпопа на поўначы краіны знаходзіцца адзін з самых вялікіх і слаўных нацыянальных паркаў Афрыкі — парк Кругера плошчай 19 633 кв км.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі