Георгій Гапон

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Георгій Гапон

Георгій Апалонавіч ГАПОН (5 (17) лютага 1871 — 28 сакавіка (10 красавіка) 1906) — рускі праваслаўны святар, палітычны дзеяч і прафсаюзны лідар, выдатны прамоўца і прапаведнік. Стваральнік і нязменны кіраўнік рабочай арганізацыі «Сход рускіх фабрычна-завадскіх рабочых г. Санкт-Пецярбурга», арганізатар студзеньскай рабочай забастоўкі і масавага шэсця рабочых да цара ў дзень «Крывавая нядзеля» 9 (22) студзеня 1905 г., які скончыўся расстрэлам рабочых і, што з'явілася штуршком Першай рускай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Пасля 9 студзеня 1905 — дзеяч рускай рэвалюцыйнай эміграцыі, арганізатар Жэнеўскай міжпартыйнай канферэнцыі 1905 года, удзельнік няўдалай падрыхтоўкі ўзброенага паўстання ў Санкт-Пецярбургу з дапамогай зброі з парахода «Джон Графтан», заснавальнік рэвалюцыйнай арганізацыі «Усерасійскі рабочы саюз». Пасля вяртання ў Расію ў кастрычніку-лістападзе 1905 года — кіраўнік адроджанага «Сходу рускіх фабрычна-завадскіх рабочых г. Санкт-Пецярбурга», саюзнік графа Вітэ, прыхільнік рэформаў, абвешчаных Маніфестам 17 кастрычніка, праціўнік ўзброеных метадаў барацьбы. У сакавіку 1906 забіты ў Азярках групай баявікоў-эсэраў.

Гісторыкі-манархісты, напрыклад Ольдэнбург звычайна характэрызуюць яго як агента рэвалюцыйных партый[1]. Гісторыкі-сацыялісты лічаць яго альбо выпадковым чалавекам у гісторыі, альбо агентам царскай паліцыі[2][3]. Аднак няма доказаў таго, што Гапон быў платным агентам паліцыі ці пэўных палітычных партый да 9 студзеня 1905 г.[4]

Нарадзіўся ў сям'і пісара ў сяле Белякі Кабелекскага ўезду Палтаўскай губерні, вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Палтаве, потым у Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, працаваў святаром у некалькіх царквах і місіях у Пецярбургу. У жніўні 1903 г. заснаваў рабочы клуб, які неўзабаве пераўтварыўся ў «Сход рускіх фабрычна-завадскіх рабочых». Пэўны час гэта арганізацыя прафсаюзнага тыпу насіла культурна-асветніцкі характар, бо яе статут прадугледжваў развіццё ў рабочых нацыянальнай свядомасці (патрыятызму), цвярозае і карыснае баўленне вольнага часу (звычайна гэта было вывучэнне тых ці іншых навук), самадзейнасць у сферы паляпшення ўмоў жыцця і працы і г.д.[5] Але ў канцы 1904 г. грамадства Расіі пачало палітызавацца ў сувязі з цяжкасцямі ў руска-японскай вайне (1904—1905), эканамічным крызісам і шэрагам невырашаных праблем. Гэты працэс закрануў і «Сход». Каталізатарам канфлікту з уладамі стала звяльненне некалькіх рабочых — членаў «Сходу» з Пуцілаўскага заводу ў снежні 1904 г. якое справакавала забастоўку ва ўсім Пецярбургу і шэсце 9 студзеня 1905 г. рабочых з Петыцыяй да цара, якое арганізаваў Г. Гапон. У петыцыі знаходзіліся патрабаванні аб абмежаванні ўлады цара і пэўных сацыяльных і эканамічных рэформ[6]. Шэсце было растраляна, «Сход» забаронены, а Гапон уцек за мяжу, дзе спрабаваў супрацоўнічаць з рэвалюцыйнымі партыямі, а таксама напісаў сваю аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця»[7]. Пасля амністыі, аб'яўленай царскім маніфестам 17 кастрычніка 1905 г., ён вярнуўся ў Расію, аднавіў дзейнасць «Сходу» і неўзабаве пачаў супрацоўнічаць з віцэ-дырэктарам дэпартаменту паліцыі Рачкоўскім. Калі аб гэтым даведаліся рабочыя-рэвалюцыянеры, яго забілі на дачы пад Пецярбургам 10 красавіка 1906 г.

Зноскі

  1. С. С. Ольденбург Царствование императора Николая II
  2. Ленин В. И. Поп Гапон // ПСС., т. 9, с. 211
  3. Николаевский Б. Н. История одного предателя. М., 1991, с. 113
  4. http://historiapure.narod2.ru/artikuli/svyaschennik_gapon_i_krovavoe_voskresene/
  5. Айнзаф С. Зубатовщина и гапоновщина. М., 1925. с. 124
  6. http://mos-jkh.livejournal.com/19921.html
  7. Георгий Гапон (руск.) 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Гапон Георг. Аполлонович // Российский гуманитарный энциклопедический словарь: В 3 т. — М.: Гуманит. изд. центр ВЛАДОС: Филол. фак. С.-Петерб. гос. ун-та, 2002. (руск.)