Гісторыя Старажытнага Егіпта
Першая храналогія гісторыі Старажытнага Егіпта была прапанавана першым вядомым егіпецкім гісторыкам Манефонам у кан. IV — 1-ай пал. III стст. да н.э., яна ўключала ў сябе дзяленне старажытнаегіпецкай гісторыі паводле перыядаў і дынастый. Гэтая храналогія і перыядызацыя з сучаснымі ўдакладненнямі існуе і выкарыстоўваецца дасюль.
Дадынастычны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Галоўная характэрная рыса гэтага перыяду — адсутнасць адзінай дзяржавы і агульнай дынастыі ўладароў. На апошнім этапе гэтага перыяду існавалі дзве вялікіх дзяржавы — Ніжні Егіпет з цэнтрам у горадзе Бехдэд, дзе пакланяліся богу Гору, і Верхні Егіпет, з цэнтрам у горадзе Амбас, дзе пакланяліся богу Сету, якія дасягнулі высокага ўзроўню развіцця. Цар Верхняга Егіпта зрабіў знакам сваёй улады высокую белую карону, у той час як цар Ніжняга Егіпта — чырвоную карону, якая сваёй формай нагадвала коўш.
Паміж гэтымі дзяржавамі здараліся войны. Сталіцы абедзвюх дзяржаў былі перанесеныя на новае месца, Верхняга Егіпту ў Нехебт, дзе пакланяліся багіні-каршуну Нехбет, а сталіца Ніжняга Егіпта — у Бута, дзе пакланяліся багіні-кобры Уаджэт. Дакументальных сведчанняў аб перамозе таго або іншага боку няма, але захавалася паданне, якое апавядае аб поспеху, дасягнутым у адной з такіх войнаў царом Верхняга Егіпта Менесам. Лічыцца, што ён адолеў Ніжні Егіпет, аб’яднаў абедзве краіны і стаў першым царом Верхняга і Ніжняга Егіпта — фараонам. Кананічнае змяшчэнне ў тытуле Верхняга Егіпта перад Ніжнім таксама сведчыць, што Верхні заваяваў Ніжні. Менес зрабіў сімвалам сваёй улады падвоеную бела-чырвоную карону, якая без змен захоўвалася ў фараонаў Егіпта на працягу больш 3500 гадоў. З таго часу каранаванне кожнага новага егіпецкага фараона стала сімвалічным аднаўленнем адразу двух краін. Аб’яднаны Егіпет лічыўся падвойным царствам — у яго былі дзве кароны, два збожжасховішчы, дзве скарбніцы, часам нават дзве магільні для памерлага фараона — адна ў Верхнім Егіпце і пустая магільня — кенатаф у Ніжнім Егіпце, або наадварот. Пазней на помніках падвойнае імя фараона сталі ўключаць у два авалы.
Пасля перамогі Менес палічыў мэтазгодным заснаваць новую сталіцу ў Мемфісе, на мяжы двух царстваў, што дазваляла яму паспяховей кіраваць аб’яднанай дзяржавай. Тут для яго быў збудаваны палац, а ў заходняй пустыні было закладзена месца пахавання фараонаў. Паводле Манефона, Менес быў заснавальнікам I дынастыі, адпаведна адсюль пачаўся новы вялікі перыяд у гісторыі Старажытнага Егіпта — дынастычны. Дынастычны перыяд у сваю чаргу яшчэ Манефонам быў падзелены на больш дробныя перыяды, адпаведныя глабальным унутрыпалітычным падзеям краіны і зменам у стане Старажытнага Егіпта.
Дынастычны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Ранняе царства
[правіць | правіць зыходнік]3000—2778 да н.э. Час I—II дынастый. Звесткі аб Раннім царстве грунтуюцца на нешматлікіх помніках, якія змяшчаюць імёны фараонаў гэтага перыяду. Пасля Менеса ўладарыла 7 ці 8 фараонаў заснаванай ім I дынастыі, якую змяніла II дынастыя, але падрабязных звестак аб іх не захавалася, хутчэй усяго з-за таго, што пісьменнасць у той час мела вельмі прымітыўны характар. Магільні фараонаў гэта перыяду — мастабы ў Ціне і іншыя магільні ў Накадзе, Абідасе, Сакары і Хелуане ўзводзіліся пераважна з гліняных блокаў і дрэва з абмежаваным ужываннем каменя для будоўлі сцен і падлогі і для вырабу культавых таблічак. Камень выкарыстоўваўся для вырабу ўпрыгожванняў, прадметаў ужытку, посуду разнастайных тыпаў і нешматлікіх статуй.
Важнай рысай было ўмацаванне ў розумах адзінства ўсёй краіны, адмова ад разгляду Ніжняга Егіпта як заваяванай тэрыторыі. Актыўна вялася знешняя палітыка, асноўнымі партнёрамі Егіпта былі багатыя дрэвам Фінікія і Сірыя, краіны Сінайскага паўвострава, гандляваўшыя меднай рудой, таксама асвойваюцца шляхі Аравійскай і Лівійскай пустынь. У гэты перыяд склаліся прымітыўныя эканамічныя адносіны, якія звычайна класіфікуюцца як рабаўладальніцкія, хоць у дадзеную эпоху ўласна рабы практычна адсутнічаюць.
Фараоны I дынастыі вядуць войны з азіяцкімі суседзямі і здзяйсняюць першыя паходы ў Паўночную Нубію. Вялася барацьба з бедуінамі, якія кантралявалі медныя капальні паўвострава Сінай, што прывяла да часовай частковай ізаляцыі дзяржавы. Егіпцяне дасягаюць высокага ўзроўня ў геаметрыі (прыблізнае знаходжанне ліку Пі, плошчы фігур) і астраноміі (планеты, сузор’і). Пачатак знешняга марскога гандлю Старажытнага Егіпта — спачатку з Біблам у Ліване, затым з Пунтам, магчыма, на тэрыторыі сучаснага Самалі.
Каля сярэдзіны XXVIII ст. да н.э. нейкі Семхію, які лічыцца фараонам II дынастыі, але верагодней быў адным з намархаў, аддзяліў Ніжні Егіпет, змяніў свае імя на Перыбсен, атоесніўшы сябе з міфалагічным ворагам бога Гора і зрабіў сваёй сталіцай Абідас. Верхні Егіпет застаўся пад уладай II дынастыі, якая па-ранейшаму пакланялася Гору. Адзінства Егіпта было адноўлена апошнім фараонам з II дынастыі — Хасехемуі, які зноў заваяваў Ніжні Егіпет забіўшы там каля 50000 чалавек і столькі ж забраўшы ў рабства, такім чынам аб’яднаная дзяржава ўвайшла ў новы перыяд свайго развіцця — Старое царства.
Старое царства
[правіць | правіць зыходнік]2778—2263 да н.э. Час III—VI дынастый. Пачаткам эпохі Старога царства лічаць узыходжанне на прастол каля 2780 да н.э. першага фараона III дынастыі Джосера. Гэтая эпоха адзначаецца незвычайна хуткім развіццём архітэктуры. У гэту пару працаваў вядомы дойлід Імхатэп, з імем якога звязана будаўніцтва ў Сакары першай гіганцкай ступеньчатай піраміды — найстаражытнейшай збудаванай чалавекам каменнай пабудовы з тых, якія захаваліся да нашых дзён.
Паўтара стагоддзі падзяляюць піраміды Джосера і Хеопса. У гісторыі Старажытнага Егіпта гэта быў перыяд стабільнасці, дастатку і магутнасці. Наватарствы ў архітэктуры працягваліся, і іх кульмінацыяй стала Вялікая піраміда, пабудаваная ў Гізе каля 2560 да н.э. для пахавання Хеопса. Гэтая піраміда — найбуйнейшы будынак Старажытнага свету (вышыня 147 м, а ўвесь комплекс займае прастору ў 5,3 га; каласальныя вапняковыя і гранітныя блокі, з якіх пабудавана піраміда, часам дасягаюць у даўжыню 6 м, шчыльна падагнаныя адзін да аднаго). Саступаюць ёй піраміды пераемнікаў Хеопса: Хефрэна — 143 м і Мікерына — 66 м.
Члены царскай сям’і і вяльможы мелі ўласныя магільныя скляпы, размешчаныя радамі каля пірамід валадароў Старога царства. Ва ўпрыгожванні гэтых грабніц дасягнула росквіту рэльефная скульптура, якая ўпершыню з’явілася яшчэ ў дадынастычны перыяд.
У пачатку валадарання VI дынастыі пры будаўніцтве піраміды фараона Уніса на яе ўнутраных сценах былі выразаныя шматлікія іерагліфічныя надпісы, вядомыя пад назвай Тэкстаў пірамід. Надпісы ўтрымліваюць рытуальныя тэксты, звязаныя з пахаваннем фараона, а таксама з працягам яго валадарання і магутнасці на тым свеце. Такія надпісы маюцца ў пірамідах наступных кіраўнікоў VI дынастыі, а таксама — з даданнямі, растлумачэннямі, зменамі і скажэннямі — у магільнях прыватных асоб на працягу ўсяго дынастычнага перыяду. Гэтыя тэксты неацэнная крыніца звестак аб рэлігіі Старажытнага Егіпта.
З-за недахопу крыніц пэўныя звесткі аб сацыяльнай структуры эпохі Старога царства нешматлікія. Магчыма, аж да IV дынастыі фараон быў галоўным, калі не адзіным землеўласнікам. Вышэйшыя прыдворныя пасады звычайна займалі члены сям’і фараона. Для кіравання патрабавалася мноства саноўнікаў і пісараў, што прывяло да фарміравання шматлікага і складана ўладкованага дзяржаўнага апарата. Найбольш важныя пасады сталі практычна спадчыннымі, але на працягу доўгага часу заставаліся пад цвёрдым кантролем фараона. Некаторыя службовыя асобы, якія не належалі да сваякоў фараона, насілі тытул «сын цара» выключна дзякуючы сваім дзяржаўным функцыям.
Фараоны VI дынастыі будавалі шматлікія храмы як у Верхнім, так і Ніжнім Егіпце. Акрамя таго, Пепі I (каля 2400—2375 да н.э.) распачаў ваенныя паходы на Сінайскі паўвостраў, у Палесціну і Нубію. Яго сын Пепі II (2287—2193 да н.э.) таксама арганізаваў паход у глыб Нубіі і накіраваў гандлёвыя місіі ў краіну Пунт (у раёне сучасн. Самалі). Празмерная цэнтралізацыя ўлады і падатковы прыгнёт земляробаў выклікалі мяцежныя настроі сярод знаці і ўсеагульную незадаволенасць насельніцтва. Кіраўнікі правінцый, спачатку быўшыя падданымі фараона, сталі праяўляць значную самастойнасць. Яны перасталі будаваць свае грабніцы па суседстве з пірамідамі фараонаў і аддавалі перавагу знаходзіць спачынак у магільнях, высечаных у скалах каля ўласных рэзідэнцый.
Першы пераходны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]2263—2070 да н.э. Час VII—X дынастый. Пасля 500-гадовага перыяду велічы Старое царства распалася на 42 асобныя номы. Гэта час смут і анархіі — паўстанні, напады лівійцаў, крах грамадскага правапарадку, разрабаванні грабніц былых фараонаў.
Пры ўсім гэтым першы пераходны перыяд быў плённым для творчасці — найвышэйшага росквіту дасягнула класічная старажытнаегіпецкая літаратура. «Павучанне для фараона Мерыкары» — пасланне фараона Хеці III свайму сыну, якое змяшчае практычныя рэкамендацыі правіцелю па набліжэнні вяльможаў і адданых выхадцаў з народа — было створана ў гэты перыяд. Апісанні бедстваў таго часу можна знайсці ў «Прароцтве Неферці», у якім гаворыцца аб рэзкай змене клімату і паніжэнні ўраджаяў, а таксама аб разгубленасці людзей, якія не разумеюць, як створаная багамі дзяржава можа прыйсці да такога заняпаду. Таксама вядомыя «Скаргі красамоўнага селяніна», «Гутарка стомленага ад жыцця з душой».
Паводле Манефона, VII дынастыя складалася з 70 фараонаў, якія ўладарылі на працягу ўсяго 70 дзён — гэта вядома перабольшванне, але адлюстроўвае нестабільны стан старажытнаегіпецкай дзяржавы ў той час.
Частковае аднаўленне парадку ў Старажытным Егіпце адбылося падчас кіравання фараонаў IX дынастыі з Гераклеопаля. Першаму фараону гэтай дынастыі — Хеці I удалося часова аб’яднаць краіну, аднак неўзабаве пачынаецца падзенне егіпецкай культуры. Каля 2100 да н.э. ўзвысіліся Фівы, дзе кіраваў прадстаўнік Х дынастыі — Ініатэф II. Гераклеопальскія фараоны з падтрымкай намархаў з Гермопаля і Сіута былі заняты войнамі з іншымі правіцелямі Сярэдняга і Верхняга Егіпта. Фараон IX дынастыя Хеці IV — выгнаў азіяцкіх заваёўнікаў, якія захапілі значную частку дэльты Ніла, і аднавіў гандлёвыя адносіны з Сірыяй. Аднак яго ўлада на поўдні распаўсюджвалася толькі да Сярэдняга Егіпта. Хеці IV у сваіх спробах адолець фіванскіх уладароў заручыўся падтрымкай намарха з Сіута. Барацьба паміж Фівамі і Гераклеопалем за новае аб’яднанне краіны і гегемонію ў ёй абвастрылася пасля разрабавання гераклеопальскімі фараонамі святога горада Верхняга Егіпта Абідаса. Аднак фіванскім уладарам удалося ўзвысіцца, і яны заснавалі XI дынастыю, кіраванне якой было пачаткам эпохі Сярэдняга царства.
Сярэдняе царства
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд гісторыі Старажытнага Егіпета ў 2040—1783 да н.э. Час XI—XII дынастый. Канчатковая цэнтралізацыя стражытнаегіпецкай дзяржавы. Пачатак Сярэдняга царства — 2040 да н.э., калі Ментухатеп I фараон з Фіваў перамог Мерыкару — фараона з Гераклеопаля. Фараонаў XI дынастыі, якія насілі імёны Інтэф і Ментухатэп, размясцілі сваю рэзідэнцыю паблізу Фіваў, а ля падножжа заходніх гор, насупраць Карнака, — царскія грабніцы.
Фараонаў XII дынастыі звалі Аменемхетамі і Сенусертамі. Заснавальнік XII дынастыі Аменемхет I быў узурпатарам. Займаючы пасаду візіра пры двары апошняга з Ментухатэпаў, ён захапіў уладу з-за адсутнасці законнага спадчынніка. Хоць ён правіў на працягу 30 гадоў, яго становішча на пасадзе было нетрывалым. На дваццатым годзе ўладарання ён прызначыў суправіцелем сына Сенусерта, што паказальна дэманструе жаданне гарантаваць пераемнасць улады. Калі Сенусерт адправіўся на вайну, фараон быў забіты, як і пазней Аменемхет II. Пры гэтай дынастыі галоўным бажаством Старажытнага Егіпта стаў Амон.
Фівы ператварыліся ў прызнаную рэлігійную сталіцу Сярэдняга царства, а рэзідэнцыяй фараонаў XII дынастыі была крэпасць Іт-Таўі, размешчаная прыкладна ў 30 км на поўдзень ад Мемфіса. Адтуль было зручна кіраваць будаўнічымі і іншымі грамадскімі работамі, аднаўленнем гандлёвых сувязей Егіпта і яго ўплыву ў Палесціне і Сірыі, а таксама супакаеннем лівійцаў, якія жылі ў заходняй пустыні, — сталай крыніцы турбот. Адбывалася пашырэнне Егіпецкай дзяржавы і ў паўднёвым напрамку — зноў была заваявана Нубія аж да другога нільскага парога, а таксама заснавана і ўмацавана сталая гандлёвая факторыя ў Керме, на поўдзень ад трэцяга парога.
У цэлым XII дынастыі Аменемхетаў-Сенусертаў, асабліва Сенусерту III, удалося стабілізаваць становішча краіны і ператварыць Егіпет у моцную дзяржаву, якая валодала вялікім ваенным і эканамічным патэнцыялам. Абапіраючыся на яго, XII дынастыя праводзіла паспяховую заваявальную палітыку. Працягвалася засваенне Фаюма. Вялікія поспехі былі зробленыя ў засваенні Нубіі, дзе былі адкрыты багатыя радовішчы золата. Імкнучыся захаваць сваё панаванне ў золатародных раёнах Паўночнай Нубіі, егіпцяне пракладалі дарогі, будавалі сістэмы ўмацаванняў. Нубія ператварылася фактычна ў правінцыю Егіпта. Пашыраўся егіпецкі ўплыў ва Усходнім Міжземнамор’і, адкуль егіпцяне атрымоўвалі серабро, золата, будаўнічы лес. У цэлым пры XII дынастыі Егіпет ператварыўся ў даволі вялікую дзяржаву на Блізкім Усходзе, а прысваенне шырокіх тэрыторый суправаджалася захопам вялікіх партый рабоў, быдла, матэрыяльных каштоўнасцей.
Верагодна, найвышэйшым дасягненнем фараонаў гэтай дынастыі стала аднаўленне Аменемхетам III разгалінаванай арашальнай сістэмы. У Файюмскай упадзіне, каля фараонавай рэзідэнцыі Іт-Тауі, была створана складаная сетка каналаў, злучаная з Нілам праз канал Бахр-Юсуф. Мерыдава возера ў Файюме было пераўтворана ў вадасховішча, якое штогод падчас паводак запаўняўлася па сістэме каналаў водамі Ніла, а паблізу была заснавана новая сталіца Хатэпсенусерт. Каб кантраляваць арашэнне палёў у працяглыя перыяды спаду ўзроўня Ніла, на каналах былі збудаваныя шлюзы. Удасканаленая і больш разгалінаваная арашальная сістэма часу кіравання Аменемхета III функцыянуе дагэтуль.
У перыяд Сярэдняга царства ў Егіпце ідзе развіццё тэхналогій: удасканальваецца апрацоўка зямлі, адбываецца засваенне бронзы. Увесь народ Егіпта дзяліўся на дзве часткі: працоўнае насельніцтва — «царскія людзі», і служачыя дзяржаўнага аппарата, якія складалі эліту. Такія грамадскія адносіны, зведаўшы толькі некаторыя змены, праіснавалі аж да пачатку I тыс. да н.э. Іменна ў перыяд Сярэдняга царства ўзнік сярэдні клас егіпецкага грамадства, аднак моцная эксплуатацыя «царскіх людзей» прывяла да ўскладнення сацыяльнай сітуацыі.
Каля 1783 да н.э. сацыяльныя супярэчнасці прывялі, відавочна, да выбуху народнай незадаволенасці. На кароткі час улада перайшла ў рукі народа. Узніклым цяжкім унутраным становішчам у краіне скарысталася змяшаная этнічная группа — гіксосы. Гіксосы акупавалі ўсю Дэльту — Ніжні Егіпет, а затым распаўсюджвалі сваю ўладу і ў Верхнім Егіпце. Эпоха Сярэдняга царства ў Егіпце скончылася, пачаўся перыяд панавання гіксосаў, так званы Другі пераходны перыяд.
Другі пераходны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]1783—1580 да н.э. Час XIII—XVII дынастый. Як і ў эпоху VI дынастыі, Старажытны Егіпет часу Сярэдняга царства прыйшоў у заняпад з-за шэрага слабых фараонаў. Імя апошняга фараона XII дынастыі невядома, а наступная XIII дынастыя налічвае звыш 50 фараонаў. Іх рэзідэнцыя па-ранейшаму знаходзілася ў Іт-Таўі, і яны працягвалі пакланяцца файюмскаму богу-кракадзілу Себеку. На той жа час прыходзіцца рад з 72 фараонаў, якія хутка змянялі адзін аднаго, самастойнай XIV дынастыі з цэнтрам якой быў Ксоіс, размешчаны ў дэльце. Іменна ў гэты смутны перыяд у Ніжні Егіпет сталі пранікаць шматлікія азіяцкія плямёны. Семіцкія імёны некалькіх фараонаў XIII дынастыі сведчаць, што прадстаўнікі гэтых чужакоў часам нават займалі прастол.
Каля 1725 да н.э. гэтыя прышэльцы, якіх егіпцяне звалі чужацкімі валадарамі, а Манефон — гіксосамі (літаральна «цары-пастухі»), спустошылі дэльту. Праз 50 гадоў адзін з іх правадыроў узышоў на егіпецкі прастол, стаўшы заснавальнікам новай дынастыі. Гіксосы назаўжды захаваліся ў памяці егіпцян як бязлітасныя тыраны і разбуральнікі. У іх атрымалася захапіць значную частку Егіпта, за выключэннем раёна Фіваў, і дабіцца саюза з нубійскімі правадырамі, якія скінулі егіпецкую ўладу.
Фараоны XV і XVI дынастый паходзілі з гіксосаў і зрабілі новую сталіцу ў горадзе Аварыс (егіп. Хат-Урат, сучасн. Тэль эль-Даба). Аб іх роднасных адносінах захавалася мала звестак, але ёсць сведчанні, што паміж імі ішла барацьба за трон. Абедзве дынастыі існавалі адначасова і былі сучаснікамі XVII дынастыі фіванскіх фараонаў, якіх яны так і не здолелі падпарадкаваць. Помнікі таго перыяду нешматлікія, аднак гэтай эпохай датуецца вялікая колькасць знаходак скарабеяў — выразаных з каменя жукоў з высечанымі на іх імёнамі. Скарабеі служаць асноўнай крыніцай звестак аб фараонах XV і XVI дынастый.
Каля 1600 да н.э. Камас, апошні фараон XVII фіванскай дынастыі, коштам вялікіх намаганняў здолеў выгнаць гіксосаў з краіны. Насуперак парадам дарадцаў ён рушыў у паход уніз па цячэнню Ніла і атрымаў рад бліскучых перамог, якія вымусілі гіксосаў адступіць да Аварыса, які быў на самай мяжы з Палесцінай. Камас памёр да заканчэння гэтай кампаніі, яго пераемнікам стаў яго брат Яхмас (каля 1580—1559 да н.э.), якога лічаць заснавальнікам XVIII дынастыі. Пасля трохгадовай аблогі ён захапіў і разбурыў Аварыс, назаўсёды выгнаўшы гіксосаў, якія адступілі ў Азію. Разарваўшы саюз з Нубіяй, Яхмас тут жа распачаў паход на поўдзень і пашырыў межы сваёй дзяржавы да ранейшай яе мяжы вышэй другога нільскага парога.
Новае царства
[правіць | правіць зыходнік]1580—1085 да н.э. Час XVIII—XX дынастый. Выгнанне гіксосаў дазволіла Старажытнаму Егіпту пашырыць сувязі з Азіяй. Магчыма, з меркаванняў бяспекі, асцерагаючыся яшчэ адной пагрозы з боку гіксосаў, а можа быць, у імкненні ўсталяваць неабходныя ім гандлёвыя сувязі з азіяцкімі краінамі, егіпцяне з тых часоў не абмяжоўваліся традыцыйным аддзеленым існаваннем у даліне Ніла. Старажытны Егіпет стаў часткай міжземнаморскага свету. Унук Яхмаса Тутмас I пашырыў межы краіны як на поўдзень, так і на поўнач. Ён прывёў сваё войска да вярхоўяў Еўфрата і на беразе гэтай ракі ўзвёў трыумфальную стэлу з надпісам. Яго ўнук Тутмас III быў найвялікшым з усіх егіпецкіх фараонаў. У пачатку яго кіравання на самай справе ўладарыла царыца Хатшэпсут, але пазней ён узяў уладу ў свае рукі, правёў рад паходаў у Азію і за 17 гадоў падпарадкаваў большасць усходніх суседзяў.
Эпохай росквіту і магутнасці было для Старажытнага Егіпта і 32-гадовае валадаранне Аменхатэпа (каля 1455—1419 да н.э.), які карыстаўся плёнам заваёў Тутмаса III. Аменхатэп III лічыцца адным з найвялікшых будаўнікоў у гісторыі Егіпта.
Час Эхнатона
[правіць | правіць зыходнік]Асновай магутнасці царскай улады была падтрымка войска і жрацоў бога Амона-Ра. Аднак пасля спынення войнаў у Азіі дзяржаве былі патрэбны новыя апоры. Пасля смерці Аменхатэпа III прастол заняў яго сын Аменхатэп IV, які ўвайшоў у гісторыю як рэлігійны рэфарматар. Сваё імя ён змяніў на Эхнатон у знак адмаўлення сваёй сувязі з богам Амонам, на якую паказвала імя Аменхатэп. Эхнатон скасаваў шанаванне бога Амона, перасяліўся ў заснаваную ім каля Гермопаля новую сталіцу Ахетатон (яе разваліны ў цяперашні час носяць назву Эль-Амарна) і абвясціў культ адзінага праўдзівага бога Атона, знакам якога з’яўляўся сонечны дыск. Магутнае жрэцтва, звязанае з культам Амона, было падушана, храмы гэтага бога зачыненыя, і нават яго выявы былі счэсаныя або знішчаныя.
Барацьба з традыцыйнай рэлігіяй працягвалася каля 20 гадоў, але завяршылася са смерцю Эхнатона. Катастрофай для Егіпта абярнулася яго занядбанне прамых абавязкаў фараона. Мяцежныя правадыры азіяцкіх народаў, уключаных у дзяржаву на Ніле, неадкладна скарысталіся тым, што Эхнатон аслабіў ціск дзяржаўнага кіравання. Такая сітуацыя давала ім доўгачаканую магчымасць скінуць егіпецкае панаванне. Некалькі адданых фараону намархаў звярнулася да яго з просьбай падтрымаць іх барацьбу з агрэсіўнымі суседзямі, але калі іх пісьмы (якія захаваліся на таблічках з Эль-Амарны) засталіся без адказу, яны спынілі свае беспаспяховыя спробы. Ад вялізнай дзяржавы, з цяжкасцямі створанай папярэднікамі Эхнатона, практычна нічога не засталося. Пасля смерці Эхнатона Сменхкара (1348-47 гг. да н.э.) праз некаторы час аднавіў культ Амона, і старым багам было вернута іх ранейшае становішча.
Аб багацці Егіпта ў эпоху кіравання XVIII дынастыі можна скласці ўяўленне па знаходках скарбаў у знойдзенай у 1922 годзе грабніцы Тутанхамона — зяця Эхнатона. Рэальнымі кіраўнікамі падчас яго валадарання (каля 1400—1392 да н.э.) былі ранейшы вярхоўны жрэц Атона Эйе і галоўны военачальнік Эхнатона Харэмхеб. Пасля смерці фараона-юнака яго ўдаве Анхесенамон прапанаваў ажаніцца сын хецкага цара Супілуліумы I, аднак ён быў забіты егіпецкай знаццю. Пасля з Анхесенамон уступіў у шлюб Эйе, які лічыцца апошнім царом XVIII дынастыі, а Супілуліума I цалкам выгнаў егіпцян з Азіі.
Час XIX і XX дынастый
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Херэмхеба, які ўзвысіўся пры Эхнатоне ў час хецкіх паходаў, заснавальніка новай XIX дынастыі, на трон узышоў немалады Рамзес I. У кіраванне яго сына Сеці I (каля 1337—1317 да н.э.) пад уладу Егіпта вярнуліся Палесціна, Фінікія і паўднёва-цэнтральная Сірыя. Рамзес II Вялікі (каля 1317—1251 да н.э.) таксама ваяваў на гэтых тэрыторыях, то вяртаючы іх пад сваю ўладу, то ізноў губляючы, а асноўным сапернікам Егіпта заставалася Хецкае царства. Аднак адроджаная дзяржава была нетрывалай, таму Рамзес II палічыў мэтазгодным падпісаць дагавор аб міры з Хатусілі III, царом хетаў, якія занялі месца ўладароў Заходняй Азіі, якое да тае пары належала егіпцянам.
За доўгім валадараннем Рамзеса II пачаўся перыяд бесперапынных масавых міграцый розных народаў у Цэнтральнае Міжземнамор’е. Пераемнікам гэтага цара прыйшлося перажыць уварванні лівійцаў з захаду, а Рамзес III (каля 1204—1173 да н.э.), другі цар XХ дынастыі, сутыкнуўся на поўначы і ўсходзе з магутным саюзам не роднасных паміж сабою плямёнаў-заваёўнікаў — так званых «народаў мора», чыйго націску не вытрымалі нават магутныя хеты. Рамсес III паспяхова супрацьстаяў іх полчышчам, але яго працяглае знаходжанне на прастоле было азмрочана войнамі, паўстаннямі насельніцтва, а таксама змовамі і інтрыгамі членаў яго ўласнай сям’і. Рамсес III быў апошнім вялікім валадаром эпохі Новага царства. Каля 1075 года да н.э. пасля смерці апошняга фараона XX дынастыі Рамзеса XI, Старажытны Егіпет распадаецца на дзве часткі — Фіванскую вобласць на чале з вярхоўным жрацом Амона Херыхорам, і аб’яднаўшую ў сабе Сярэдні і Ніжні Егіпет дзяржаву з цэнтрам у горадзе Таніс.
Трэці пераходны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]1085—656 да н.э. Час XXI—XXVI дынастый. У XI стагоддзі да н.э. трон фараона заняў ваявода Херыхор, які адначасова быў вярхоўным жрацом Амона. Пры ім Старажытны Егіпет ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву, важныя дзяржаўныя справы сталі вырашацца шляхам зваротаў да аракула Амона ў Карнаку. Ніжні Егіпет аддзяліўся, а яго правіцель — Смендэс, маючы сталіцу ў Танісе, абвясціў сябе царом Верхняга і Ніжняга Егіпта. Скора была страчана Нубія. У пачатку гэтага перыяду паўднёвая частка Егіпта застаецца пад уладай спадчыннікаў Херыхора, а ў Сярэднім і Ніжнім Егіпце кіруе XXI дынастыя.
У гэты час у радзе номаў на гэтых землях узвышаюцца былыя лівійскія ваенныя правадыры, якія аселі ў Егіпце яшчэ ў час Новага царства (пераважна ў Дэльце пры XIX і XX дынастыях). Адзін з іх, Шэшонк I у 945 да н.э. захапіў прастол у Бубасцісе і стаў заснавальнікам XXII дынастыі, якая вядома як «лівійская». Паспяховая новая цэнтралізацыя Старажытнага Егіпта прывяла да яго ўзмацнення. Так, Шэшонк пасля смерці цара Ізраіля Саламона здзейсніў паспяховы паход у Палесціну ў 925 г. да н.э. і захапіў Іерусалім, дзе ў той час уладарыў Іераваам. Аднак ужо сын Шэшонка Асаркон I пацярпеў паражэнне ад цара Іўдзеі Асы каля 897 да н.э. Кіраванне XXII дынастыі працягвалася каля двух стагоддзяў, але гэта быў час заняпаду. Прадстаўнікі фараонскай улады спрабавалі ўмацаваць свой уплыў саюзам з рэлігійнымі інстытутамі. Спадчыннік трона прызначаўся вярхоўным жрацом Амона ў Карнаку, а дочкі фараонаў станавіліся вярхоўнымі жрыцамі гэтага бога. К другой палавіне XVIII ст. да н.э. Старажытны Егіпет зноў перастае быць адзінай дзяржавай.
Узмацнелы валадар з Саіса Тэфнахт усталёўвае цвёрдую ўладу XXIV дынастыі над дэльтай Ніла і раёнам Мемфіса (727—720 гг. да н.э.), а яго пераемнік Бакхорыс выдае шэраг законаў, накіраваных супраць пазыковага рабства.
Тым часам дужэла маладое Нубійское царства Куш, і каля 730 да н.э. яго ўладар Піанхі (Пі), які сачыў за смутамі, што раздзіралі Егіпет, уварваўся ў даліну Ніла, аблажыў і ўзяў штурмам Гермопаль Вялікі і Мемфіс і захапіў трон. Прадстаўнікі эфіопскай — XXV дынастыі, спрабавалі кіраваць краінай з сталіцы Куша Напаты. У 715 г. да н.э. да ўлады прыйшоў Шабака з XXV дынастыі. Самым значным фараонам гэтай дынастыі быў Тахарка (690—664 гг. да н.э.), які аб’яднаў Нубію і Егіпет у адзіную дзяржаву. Ён быў вымушаны на працягу некалькіх гадоў кіраваць ваеннымі дзеяннямі ў Дэльце з Таніса, адбіваючы моцны націск з боку не толькі сваіх егіпецкіх праціўнікаў, але і Асірыі. Але ў рэшце рэшт асірыйскі цар Асархадон заваяваў Егіпет, разбіўшы ў 671 да н.э. войска Тахаркі. Прадстаўнікам эфіопскай дынастыі прыйшлося збегчы ў Напату. Васьмю гадамі пазней асірыйскі цар Ашурбаніпал у час новага ўварвання разграміў егіпецкія і эфіопскія сілы фараона Танутамона, пляменніка Тахаркі, і спустошыў сталіцу Егіпта — Фівы.
Асірыйцы не імкнуліся пабудаваць у Егіпце сталую сістэму ўлады і задаволіліся прызнаннем залежнасці мясцовых валадароў. У «Гісторыі» Герадота гэты перыяд называецца «дадэкархія», гэта значыць валадарства дванаццаці цароў, якія дзялілі краіну паміж сабою. У 663 да н.э. адзін з іх, Псамеціх I, скарыстаўшы вайну Асірыі з іншым егіпецкім валадаром — Танутамонам, пачынае пашыраць свае ўладанні і неўзабаве кантралюе ўсю дэльту Ніла, а к 656 да н.э. аб’ядноўвае ўвесь Егіпет, уключаючы даўно аўтаномныя Фівы і засноўвае XXVI дынастыю, пачаўшы час «Саіскага адраджэння».
Позні перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Апошні перыяд у гісторыі Старажытнага Егіпта — час яго адноснага пад’ёму і канчатковага заняпаду. 656—332 да н.э. Час XXVII—XXX дынастый.
Эфіопы былі выгнаныя, а трон занялі намархі размешчанага ў Дэльце Саіса. Яны вялі безперапынныя войны з асірыйцамі і атрымалі кароткую перадышку толькі, калі Ашурбаніпал быў вымушаны з-за хваляванняў у яго на радзіме вярнуцца ў Ніневію. Пры Псамеціху I (663—610 да н.э.), заснавальніку і першым фараоне саіскай — XXVI дынастыі, спустошаныя асірыйцамі гарады былі адбудаваныя зноў. Прадпрымаліся спробы аднавіць славутасці былых часоў, у першую чаргу будынкі эпохі пірамід. Іншаземных купцоў заахвочвалі засноўваць у вобласці Дэльты гандлёвыя паселішчы, і пры Псамеціху II там быў пабудаваны знакаміты грэчаскі горад Наўкраціс. Яхмас II (569—525 да н.э.), услед за бацькам праводзіў прагрэчаскую палітыку, магчыма, спадзяючыся на падтрымку Грэцыі ў супрацьстаянні нарастаючай пагрозе з усходу. Пасля яго смерці крызіс дасягнуў апагея, і на Егіпет напалі персы. Яго пераемнік Псамеціх III (526—525 да н.э.) быў разбіты ў 525 да н.э. пры Пелусіі персідскім царом Камбісам II, які захапіў Егіпет да самай Нубіі і абвясціў сябе фараонам, а заваяваную тэрыторыю — правінцыяй Персіі. Такім чынам да ўлады прыйшлі фараоны персідскай — XXVII дынастыі, гэта стала пачаткам канца існавання незалежнага Старажытнага Егіпта.
Нягледзячы на рад паўстанняў, у выніку якіх егіпцянам удавалася выганяць персаў, а з 404 да н.э. краіна нават атрымала незалежнасць на 60 гадоў, Старажытны Егіпет перыядычна быў персідскай правінцыяй аж да яго заваёвы ў 332 да н.э. Аляксандрам Македонскім. Гэтае заваяванне завяршыла эпоху Старажытнага Егіпта і стала пачаткам новага перыяду ў гісторыі Егіпта — эліністычнага.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Брестед Д., Тураев Б. История Древнего Египта. — Мн.: Харвест, 2003. ISBN 5-17-031907-X
- Перепёлкин Ю. Я. История Древнего Египта. — СПб.: Летний сад, 2001. ISBN 5-89740-011-3
- Шоу Я. Древний Египет / пер. с англ. И. Сергеевой. — М.: «АСТ»; «Астрель», 2006.