Саламон

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Саламон
стар.-яўр.: שְׁלֹמֹה, Шламо́
Piero della Francesca- Legend of the True Cross - the Queen of Sheba Meeting with Solomon; detail.JPG
Саламон з Саўскай царыцай, 15 ст.
3-ці Цар Ізраільска-Іўдзейскага царства
965 — 928 да н.э.
Папярэднік: Давід
Пераемнік: Раваам і Ераваам I (як Цар Паўночна-Ізраільскага царства)
 
Веравызнанне: іўдаізм
Нараджэнне: 1011
Горад Іерусалім
Смерць: 931
Горад Іерусалім
Род: дынастыя Давіда
Бацька: цар Давід
Маці: Вірсавія
Дзеці: Раваам
Менелік

Саламо́н (стар.-яўр.: Шлaма́[1]; арабск.: Сулейма́н) — цар ізраільска-іўдзейскі ў перыяд найвышэйшага росквіту Ізраільска-Іўдзейскага царства, сын цара Давыда і Вірсавіі. Спачатку быў суправіцелем бацькі (у 967—965 да н.э.), а потым сам кіраваў да 928 да н.э.[1]

Пры ім старажытнаяўрэйская рабаўладальніцкая дзяржава дасягнула свайго росквіту. Ажыццявіў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і замест былога племяннога падзелу краіны ўвёў у ёй сістэму акруг, дзякуючы якой стварыўся разгалінаваны адміністрацыйны апарат. Устанавіў цвёрдую сістэму падаткаў, працоўную і воінскую павіннасці, ажыццяўляў шырокае будаўніцтва гарадоў, умацаваў сталічны Іерусалім, а для ўзвышэння яго дзяржаўна-палітычнага значэння і цэнтралізацыі культу бога Яхве пабудаваў у сталіцы пышны храм (Гл. далей: Першы іерусалімскі храм), які быў задуманы яшчэ яго бацькам Давыдам. Пабудова гэтага храма мела вялікі ўплыў на развіццё навукі, мастацтва і грамадскага жыцця, бо цэнтралізацыя культу Яхве пацягнула за сабой рост культуры і грамадскага дабрабыту. Пры ім пачалі пашырацца распрацоўка медных руднікоў і развіццё самых разнастайных і прафесійна разгалінаваных рамёстваў і промыслаў.[1]

Заключэнне дыпламатычных саюзаў з суседнімі дзяржавамі забяспечыла Саламону і яго краіне мірныя ўмовы жыцця, а яго шлюб з дачкой егіпецкага фараона садзейнічаў умацаванню міжнароднага становішча дзяржавы і шырокаму развіццю знешняга гандлю. Але далёка не пурытанскі вобраз жыцця самаго валадара, які клапаціўся аб тым, каб праславіцца сваёй мудрасцю і раскошай, ваеннымі калясніцамі і вялікім конным войскам, шматлікімі целаахоўнікамі, побач з шырокім фронтам будаўнічых работ, сістэмай абавязковых падаткаў, працаёмкіх і знясільваючых працоўных павіннасцей прывялі да росту незадаволенасці насельніцтва, асабліва сярод паўночных плямён Ізраільска-Іўдзейскага царства. Ужо пры жыцці Саламона пачаліся паўстанні эдаміцян і арамеян, а пасля яго смерці выбухнула паўстанне, у выніку якога адзінае Ізраільска-Іўдзейскае царства спыніла сваё далейшае існаванне і на яе тэрыторыі ўзніклі два незалежныя царствы — Ізраільскае і Іўдзейскае.[1]

Традыцыя прыпісвае Саламону аўтарства некалькіх кніг Старога запавету: «Выслоўяў Саламонавых», «Песня песняў», «Эклезіяст»[2]. Біблейскія прыпавесці, аўтарства якіх прыпісваецца Саламону, у многіх выпадках знаходзяць паралелі ў старажытнаегіпецкіх крыніцах[1]. Імя Саламона ў фальклорнай традыцыі народаў хрысціянскага і мусульманскага свету стала сінонімам мудрага, магутнага, справядлівага і паспяховага валадара[Крыніца?].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.134. ISBN 5-343-00151-3..
  2. БелЭн у 18 т.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.134. ISBN 5-343-00151-3.