Дарыйцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дарыйцы
Δωριεῖς
Паляўнічыя (Крыт, VII ст. да н. э.)
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Старажытная Грэцыя
Мова грэчаская
Рэлігія політэізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы ахейцы, эалійцы, іанійцы; магчыма, старажытныя македонцы

Дары́йцы (стар.-грэч.: Δωριεῖς)  — адно з асноўных з старажытнагрэчаскіх плямёнаў. У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. мігрыравалі на поўдзень Грэцыі.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, дарыйцы трапілі на тэрыторыю Балканскага паўвострава разам з ахейцамі, аднак, у адрозненне ад апошніх, доўгі час жылі на поўначы сучаснай Грэцыі, на тэрыторыі Эпіра і Македоніі. Размаўлялі на заходніх дыялектах старажытнагрэчаскай мовы. У старажытнагрэчаскай міфалогіі продкам дарыйцаў лічыўся Дор, сын Эліна і німфы Арсеіды.

Грэчаскае паходжанне дарыйцаў падкрэсліваў Герадот. Згодна з яго сведчаннем, у мінулым яны насялялі землі паўночна-заходняй Грэцыі, а таксама мясцовасці вакол гары Алімп. «Пасля выгнання з Гістэатыды кадмейцамі дарыйцы пасяліліся каля Підна і называліся цяпер македнамі. Адсюль гэта племя зноў перасялілася ў Дрыапіду, а адтуль — перадусім у Пелапанес, дзе і прыняло найменне дарыйцаў»[1], — пісаў ён.

Цікава, што ў «Адысеі» Гамера дарыйцы ўзгадваліся толькі як адныя з насельнікаў Крыта[2]. Назва або імя дарыйцаў таксама знойдзены пры расшыфроўцы ахейскіх надпісаў. Такім чынам, да міграцыі паўночных дарыйцаў на Пелапанес там маглі жыць нейкія дарыйцы, назву якіх запазычылі перасяленцы.

Дарыйскае нашэсце[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. на поўдні Грэцыі адбылося разбурэнне ахейскіх дзяржаў і іх культуры. Гісторыкі Старажытнай Грэцыі вылучаюць «гамераўскі перыяд» (XII ст. да н. э. або XI ст. да н. э. — IX ст. да н. э.), які характарызаваўся значным заняпадам, хаця таксама быў звязаны з надыходам жалезнага веку. Частка гісторыкаў гэта традыцыйна тлумачаць дарыйскім нашэсцем, якое быццам бы загубіла ахейскую цывілізацыю[3].

Ужо ў эпоху элінізму існавала агульнапрынятае тлумачэнне заняпаду ахейскага дыялекту на Пелапанесе ўварваннем дарыйцаў. Для гэтага выкарыстоўваўся міф аб вяртанні нашчадкаў Геракла, які лічыўся прадстаўніком валадарскай дынастыі Аргаса, але памёр у выгнанні. Яго нашчадкі вярнулі сабе адабраныя землі з дапамогай дарыйцаў. У заходнееўрапейскай навуковай гістарыяграфіі канцэпцыя дарыйскага нашэсця ўпершыню была дэталёва распрацавана Карлам Отфрыдам Мюлерам у 18251830 гг. Прыхільнікі яго ідэі першапачаткова таксама спасылаліся на старажытнагрэчаскую міфалогію, але пазней прыводзілі ў якасці доказаў і археалагічныя знаходкі, звязвалі прыход дарыйцаў з распаўсюджваннем абраду спалення нябожчыкаў.

Ужо ў XIX — XX стст. таксама вылучыўся шэраг навукоўцаў, які абвяргае канцэпцыю дарыйскага нашэсця на поўдзень і тлумачыць перасяленне дарыйцаў як звычайную міграцыю, што не абавязкова абумовіла разбурэнне папярэдняй культуры. Яны звязваюць прыход дарыйцаў з распаўсюджваннем геаметрычнай керамікі (X ст. да н. э.), з перыядам, калі Мікенская Грэцыя ўжо была зруйнавана нейкім іншым нашэсцем, магчыма, так званых «народаў мора». Ніякіх іншых ясных археалагічных доказаў не існуе[4]. На іх думку, міф аб вяртанні нашчадкаў Геракла быў складзены толькі ў другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. і выкарыстоўваўся для апраўдання агрэсіўнай палітыкі Аргаса і Спарты ў дачыненні да суседніх раёнаў Пелапанеса[5].

Рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Перасяленне дарыйцаў з поўначы Грэцыі ў Пелапанес адбылося каля 1100 г. да н. э. (згодна з канцэпцыяй дарыйскага нашэсця) або каля 950 г. да н. э. (згодна з канцэпцыяй міграцыі). Яны засялілі большую частку паўвострава, акрамя Аркадзіі, дзе ў горнай мясцовасці захаваліся ахейцы. Найбольш магутнымі дарыйскімі полісамі на Пелапанесе былі Спарта, Карынф, Аргас. У часы Герадота дарыйцы таксама складалі аснову насельніцтва Крыта, Родаса, Эгіны, некалькіх іншых астравоў поўдня Эгейскага мора. У выніку каланізацыі паселішчы дарыйцаў узніклі ў Малой Азіі (Дарыда), Сіцыліі і поўдні Апенінскага паўвострава. Сам Герадот паходзіў з дарыйскай калоніі Галікарнас.

Зноскі

  1. Герадот, I:56.
  2. Гамер, «Адысея», XVI:175.
  3. Для прыкладу: История Древней Греции / Под редакцией В. И. Кузищина. М.: «Высшая школа», 2003.
  4. Jonathan M. Hall, Ethnic Identity in Greek Antiquity, p. 114—141.
  5. Гл.: Белох Ю. Греческая история в двух томах. Т. 1. — М., 2009.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]