Касрае (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касрае
(Kosrae)
Агульная колькасць 7 200
Рэгіёны пражывання ФШМ
Мова касрае
Рэлігія культ продкаў, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы чуўк, рэфалуваш, панапеанцы, маршальцы

Касрае (саманазва: Kosrae) — мікранезійскі народ, карэнныя насельнікі вострава Касрае ў складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Жывуць таксама ў ЗША і Науру. Агульная колькасць (2022 г.) — 7 200 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касрае з'яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў 1 тысячагоддзя н. э. з суседняй Меланезіі. У першай палове 2 тысячагоддзя н. э. яны стварылі развітую неалітычную культуру, цэнтрам якой, відавочна, быў горад на востраве Лелу[2][3], які займаў плошчу 27 га. Воіны касрае здзяйснялі паходы на іншыя астравы Мікранезіі.

Хаця востраў Касрае быў адкрыты іспанцамі ў XVI ст. і фармальна залежаў ад Іспаніі з канца XVII ст., вывучэнне народа касрае еўрапейцамі пачалося толькі ў 1824 г., калі на востраве спынілася французская экспедыцыя. З 1852 г. на Касрае дзейнічалі амерыканскія місіянеры. У выніку ваенных дзеянняў паміж астравіцянамі, а таксама эпідэмій насельніцтва скарацілася з 1500 чал. у 1824 г. да 748 чал. у 1859 г.[4] Акрамя таго, пачалося хуткае разбурэнне традыцыйнай культуры. Генетыкі выявілі, што ў фарміраванні сучаснага насельніцтва Касрае актыўны ўдзел прымалі еўрапейскія мужчыны[5], якія наведвалі востраў у другой палове XIX ст.

У 1885 - 1914 гг. востраў Касрае быў захоплены Германіяй. У 1914 - 1945 гг. знаходзіўся пад кантролем Японіі. У 1945 - 1986 гг. — пад кантролем ЗША. У 1986 г. увайшоў у склад Федэратыўных Штатаў Мікранезіі як асобны штат, што мае свае кіраўніцтва і Канстытуцыю.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі касрае здаўна былі земляробства і рыбалоўства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з'яўлялася тара. Уладальнікам какосавых пальм і ўраджаяў какосаў лічыліся правадыры. Былі таксама распаўсюджаны бананы, хлебнае дрэва, кава і інш. Рыбу лавілі ў лагунах з дапамогай плеценых сетак. Ужо да прыходу еўрапейцаў мелася прафесійная спецыялізацыя. Вылучыліся майстры — будаўнікі лодак, рыбакі, кухары і г. д.[6] Апрацоўка зямлі, выраб прылад працы, рыбалоўства былі абавязкам мужчын. Жанчыны сачылі за пасевамі, клапаціліся пра хатнюю гаспадарку.

У XIX ст. еўрапейцы засталі на Касрае грамадства з даволі складанай структурай. Яно падзялялася на роды, якія ў сваю чаргу ўтрымоўвыалі самастойныя сваяцкія лініі[7]. Адлік сваяцтва вёўся па маці, хаця сацыяльнае становішча жанчын было невысокім. Некаторыя сваяцкія лініі лічыліся высакароднымі. У адносінах да іх прадстаўнікоў быў распрацаваны пэўны этыкет, які падкрэсліваў прыніжанае становішча простых абшчыннікаў[8]. Востравам кіравалі вярхоўныя правадыры такосра, якія паходзілі з вышэйшага саслоўя і звычайна захоплівалі ўладу сілай. Такосра раздаваў найболей важныя пасады і тытулы прадстаўнікам сваякоў па лініях маці і жонкі. Іншыя правадыры былі вымушаны даказваць ім сваю лаяльнасць з дапамогай шчодрых падарункаў. Правадыры жылі адасоблена ад іншых абшчыннікаў, сувязь з падначаленымі падтрымлівалі з дапамогай пасрэднікаў-наглядчыкаў.

Хрысціянізацыя, а таксама смерць многіх высакародных падчас ваенных сутычак і эпідэмій XIX ст. прывяла да заняпаду традыцыйнага кіравання. З 1880-ых гг. такосра выбіраліся або прызначаліся пры ўдзеле місіянераў. Распаўсюджанне грашовых адносін у гады нямецкага і японскага кантролю канчаткова падарвала іх аўтарытэт сярод суайчыннікаў. У сучасным грамадстве істотнага сацыяльнага размежавання нават па эканамічнай прыкмеце не назіраецца. Дамінуюць малыя нуклеарныя сем'і[9]. Спадчына часцей перадаецца па мужчынскай лініі.

Касрае здолелі адносна добра захаваць сваю родную мову і традыцыйныя формы гаспадарання, бяспечныя для мясцовай прыроды[10].

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова касрае належыць да ўсходнемікранезійскай галіны малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. Пісьменная з XIX ст. У наш час з'яўляецца дзяржаўнай у штаце Касрае.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя вераванні былі заснаваны на кульце продкаў высакародных астравіцян. Захаваліся толькі імёны некаторых мясцовых бажаствоў. З 1852 г. на Касрае пачалася актыўная дзейнасць місіянераў-пратэстантаў з ЗША. У пачатку XX ст. мясцоовыя рэлігійныя абшчыны аб'ядналіся і стварылі незалежную царкоўную арганізацыю. Царква і ў нашы дні з'яўляецца найбольш уплывовым інстытутам грамадства.

Зноскі