Марыоры

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Марыоры
(Moriori)
Moriori people.jpg
Агульная колькасць 945 чал. у Новай Зеландыі (2001 г.)
Рэгіёны пражывання Новая Зеландыя
Мова марыоры
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы маары

Марыоры (саманазва Moriori, літаральна "просты чалавек" або "сапраўдны чалавек") — карэнныя насельнікі астравоў Чатэм. Жывуць у Новай Зеландыі. Агульная колькасць - 945 чал. (2001 г.)[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню еўрапейцы сутыкнуліся з марыоры ў 1791 г., калі брытанская экспедыцыя на чале Джорджа Ванкувера адкрыла астравы Чатэм. Згодна першым апісанням, марыоры мелі значна больш прымітыўную культуру, чым маары і іншыя народы Палінезіі, а таксама адрозніваліся цёмнай скурай, аднак размаўлялі на палінезійскай мове. У гэтай сувязі высоўваліся тэорыі пра тое, што марыоры былі прамымі нашчадкамі першых насельнікаў Новай Зеландыі меланезійскага паходжання.

Самі марыоры апавядалі пра тое, што паходзяць ад легендарнага правадыра Ронгамаіўхенуа, які прыплыў на Чатэм з Ўсходняй Палінезіі, а яго брат Ронгамаітэрэ адправіўся на зямлю Аотэа (мяркуюць, што гэта была Новая Зеландыя, якую абарыгены-маары называлі Аатэароа). У іншым варыянце міфа маары самі прыплылі з Аотэа. Археалагічныя дадзеныя сведчаць пра тое, што марыоры з'явіліся на Чатэме адносна позна, хаця не пазней за 1500 г. н. э.

У сучаснасці дамінуе думка, што продкамі марыоры былі маары Паўднёвага вострава Новай Зеландыі. Асаблівасці іх культуры тлумачацца ізаляцыяй і прыстасаваннем да адносна беднай прыроды астравоў Чатэм.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Неафіцыйны сцяг марыоры

К моманту прыбыцця еўрапейцаў астравы Чатэм і Піт насяляла прыблізна 2000 - 2500 чал. У кан. XVIII - перш. пал. XIX стст. Чатэм часта наведвалі караблі паляўнічых на ластаногіх. Пакольку еўрапейцы не імкнуліся ствараць сталых паселішчаў, адносіны паміж імі і марыоры мелі мірны характар. Аднак з-за ўвезеных эпідэмічных захворванняў загінула ад 10 да 20 працэнтаў мясцовага насельніцтва. На еўрапейскія паляўнічыя судны ў якасці матросаў і зверабояў наймаліся маары. Такім чынам адзін з іх, Рапата Тамаіхенгіа наведаў астравы Чатэм і давёў пра гэта правадырам маарыйскіх плямён.

19 лістапада 1835 г. 400 маары з плямён Нгаці Мутунга і Нгаці Тама з дапамогай брытанскага гандлёвага карабля дасягнулі вострава Чатэм і пачалі знішчаць марыоры з дапамогай сучаснай зброі, баявых сякер і булаў. У першую чаргу забівалі дарослых мужчын, але сярод ахвяр былі таксама жанчыны і дзеці. Марыоры, культура якіх мела мірны характар, не былі здольныя арганізаваць супраціў. Згодна распаўсюджанаму ў маары канібальскаму звычаю, некаторых забітых і палонных пераможцы з'ядалі. Ацалелыя марыоры (жанчыны і малыя дзеці) былі ператвораныя ў рабоў. Ім забаранялася ўступаць у шлюб з захопнікамі. Многія паміралі ад адчаю.

У 1843 г. на Чатэме пасялілася група лютэранскіх місіянераў, якую складалі першапачаткова мужчыны. Некаторыя з іх да прыбыцця еўрапейскіх жанчын жаніліся на дзяўчынах-марыоры або мелі з апошнімі цесныя стасункі. Акрамя таго, тубыльцам аказвалася матэрыяльная дапамога. Дзякуючы гэтаму, а таксама сувязям з мужчынамі-маары марыоры ўзнаўлялі сваю колькасць. Тым не менш, у 1862 г. на Чатэме застаўся ўсяго 101 прадстаўнік карэннага насельніцтва. Сучасныя марыоры фактычна з'яўляюцца метысамі. Апошні чыстакроўны марыоры Томі Саламон (Таме Харамона Рэхе) памёр 19 сакавіка 1933 г.

У 1870 г. Зямельны суд для мясцовага насельніцтва Новай Зеландыі прыняў рашэнне перадаць марыоры 2,7 працэнтаў зямлі на астравах Чатэм. Астатняя дасталася Нгаці Мутунга.

У 1986 г. урад Новай Зеландыі прызнаў генацыд марыоры. Была ўзведзена статуя Томі Саламона. Прэм'ер-міністр Дэвід Лонгі адзначыў, што навазеландцы абавязаны сачыць, каб марыоры не згубілі сваё месца ў гісторыі.

У студзені 2005 г. быў ўзноўлены Капінга Мараэ (Дом Міру) марыоры. Дзейнічае арганізацыя "Хакатэхі Марыоры Траст", якая займаецца адраджэннем культуры і прадстаўляе марыоры ў свеце.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Ракаў маморы

Асновай жыццязабеспячэння марыоры з'яўляліся збіральніцтва, паляванне на птушак і ластаногіх, а таксама лоў рыбы. Прылады працы рабілі з камяню, дрэва і звярыных костак. Вопратку - з апрацаванага льну і птушынага пер'я. Паколькі на астравах Чатэм не было дрэваў, прыгодных для будоўлі лодак, па мору марыоры рухаліся на плытах.

Традыцыйнай рэлігіяй, відавочна, быў распаўсюджаны сярод палінезійцаў політэізм. Захаваліся ракаў маморы - выразаныя на дрэвах рытуальныя знакі і гаі, месцы рэлігійнай пашаны. Таксама характэрны культ продкаў. Адзін з іх, Нунуку-венуа, шанаваўся як той, хто забараніў войны і канібалізм. Узаемныя праблемы марыоры вырашалі праз індывідуальныя рытуальныя баі і замірэнне.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова марыоры мае палінезійскае паходжанне. Непісьменная. Большасць сучасных марыоры размаўляюць на англійскай мове.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]