Маары

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маары
(Māori)
Агульная колькасць 663900 у Новай Зеландыі
Рэгіёны пражывання Новая Зеландыя
Мова маары
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы марыоры

Ма́ары, або Маоры (саманазва Māori, літаральна «звычайны, звыклы») — народ, карэннае насельніцтва Новай Зеландыі. Агульная колькасць у Новай Зеландыі — 663900 чал. (2010 г.). У выніку эміграцыі таксама склаліся буйныя групы маары ў Аўстраліі (каля 110 тыс. чал.), Вялікабрытаніі (каля 8 тыс. чал.), ЗША (амаль 3,5 тыс. чал.) і г. д.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне і ранняя гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна легендам, Новая Зеландыя, якую маары называюць Аатэроа («доўгае белае воблака»), была адкрыта палінезійскім мараплаўцам Купе. Услед за ім туды трапіў мараплавец Тоі. Аднак засяленне новай зямлі адбылося дзякуючы вялікаму перасяленню хеке з Гаваікаў (мяркуюць, што гэта быў востраў Раіатэа ў сучаснай Французскай Палінезіі). Маары памяталі імёны продкаў-перасяленцаў, а ад назваў іх лодак пайшлі назвы тэрытарыяльных аб’яднанняў маары. Па прыкладных падліках, хеке адбылося ў XIII—XIV стст.

Аднак у легендах пра Купе кажацца, што ён сустрэў у Аатэроа высокіх людзей з цёмнай скурай. Людзі Тоі нават жаніліся на мясцовых жанчынах. Спярша некаторыя даследчыкі меркавалі, што да прыходу ўсходніх палінезійцаў, Новую Зеландыю насялялі меланезійцы. Археалагічныя даследаванні паказалі, што да хеке сапраўды мела месца больш старажытнае перасяленне, але не раней за XI—XII стст. Часткова таямніцу перасялення людзей у Новую Зеландыю раскрывае даследаванне распаўсюджвання на астравах ціхаакіянскага пацука, які быў важнай жывёлай для палявання ў трапічнай Палінезіі, і пры перасяленні на новае месца палінезійцы везлі з сабою пацукоў разам з хатняй жывёлай. Генетыкі вызначылі, што частка новазеландскіх ціхаакіянскіх пацукоў паходзіць з Заходняй Акіяніі і магла трапіць у Новую Зеландыю ўжо ў першай палове 1 тысячагоддзя н. э., значна раней, чым зафіксавана прысутнасць чалавечых пасяленняў. Гэта можа значыць, што пацукі трапілі з Фіджы або Новай Каледоніі, прычым экіпажы лодак або не перажылі вандроўкі, або папросту пакінулі Новую Зеландыю, а пацукоў заставілі на астравах. Але большасць ціхаакіянскіх пацукоў родам з Усходняй Палінезіі. Іх шырокае распаўсюджванне пачалося каля 12501300 гг., калі завезеныя грызуны пачалі змяняць першародную флору і фаўну Новай Зеландыі, вынішчаць насенне некаторых раслін і моладзь смаўжоў. Гэта супадае з часам хеке.

Вучоныя прыйшлі да высновы, што архаічныя перасяленцы таксама былі палінезійцамі. Зараз вядома, што яны займаліся збіральніцтвам (ужывалі ў ежу 36 мясцовых раслін), паляваннем на гіганцкую птушку моа, цюленяў, ловам рыбы і малюскаў. Паляўнічыя аддавалі перавагу жыццю на Паўднёвым востраве пакуль цалкам вынішчылі птушку моа. Мігранты часу хеке сяліліся пераважна на Паўночным востраве і займаліся вырошчваннем батату.

Пераход ад архаічнай да класічнай культуры маары (1300—1800 гг.) суправаджаўся прыроднымі катастрофамі (пахаладанем клімату і вулканічнай актыўнасцю). З’явіліся ўмацаваныя селішчы, класічныя віды лодак і зброі. Паміж тэрытарыяльнымі аб’яднаннямі ўспыхвалі крывавыя канфлікты. Да моманту прыходу еўрапейцаў, у маары вылучыўся пласт ваенных правадыроў, якія маглі мабілізаваць значныя сілы. У канцы XVIII ст. аб’яднанне Таранакі у бітве ля возера Нгарота выставіла каля 7000 узброеных ваяроў.

Англа-маарыйскія войны[правіць | правіць зыходнік]

Новая Зеландыя была адкрыта Абелем Тасманам у 1642 г. Нягледзячы на тое, што клімат і прыродныя ўмовы астравоў добра падыходзілі для еўрапейскіх пасяленцаў, каланізацыя пачалася даволі позна, што, відавочна, тлумачыцца ў тым ліку ваяўнічасцю тубыльцаў-маары. Да 1830 г. еўрапейскае насельніцтва не перавышала 2000 чалавек. У асноўным гэта былі місіянеры, авантурысты і маракі. Некаторыя з іх далучаліся да абарыгенаў і ператвараліся ў пакеха маары (белых маары).

Але з канца XVIII ст. узбярэжжа Новай Зеландыі асвойвалі гандляры і кітабоі, якія ахвотна наймалі маары на працу, скуплялі мясцовы лён, гандлявалі агнястрэльнай зброяй, алкаголем, традыцыйнымі каланіяльнымі таварамі. У выніку сутыкнення з еўрапейскай цывілізацыяй маары перажылі шэраг эпідэмій. З’яўленне сучаснай зброі прывяло да абвастрэння міжтэрытарыяльных канфліктаў і актывізацыі ваенных дзеянняў з шматлікімі ахвярамі. Часам еўрапейцы выступалі ў якасці дарадчыкаў правадыроў.

У 1840 г. Вялікабрытанія анэксавала Новую Зеландыю. 6 лютага 1840 г. быў падпісаны дагавор у Вайтангі з правадырамі Паўночнага вострава, згодна з якім маары абвяшчаліся падданымі Вялікабрытаніі, ім гарантавалася права на зямлю і абарона дзяржавы. Усяго дагавор падпісалі 500 маары, у тым ліку 13 жанчын.

Першапачатковы этап каланізацыі быў адносна мірным. Большасць маары хутка ўцягнуліся ў гандаль, пачалі займацца таварным вырошчваннем зёлкавых і садавіны, актыўна пераймалі заходнія мову і культуру. Урад фактычна ўвёў манаполію на зямлю, што абараняла маары ад самавольнага захопу зямлі з боку каланістаў. У 1844, 1845, 1846 мелі месца толькі адзінкавыя канфлікты з-за зямлі. Аднак у 1850-х гг. у Новай Зеландыі пачаўся эканамічны крызіс, выкліканы імпартам таннага харчу з суседняй Аўстраліі. Кошты на збожжа і лён значна знізіліся. Крызіс ахапіў мясцовую банкаўскую сістэму. Дэпазітныя ўклады, адкрытыя на імя правадыроў, абясцэньваліся. Каб не дапусціць пагаршэння сітуацыі, улады пачалі за невыкананыя фінансавыя абавязкі з боку карэнных жыхароў адчужаць іх угоддзі. Гэта прывяло да зямельных канфліктаў.

З 1852 г. сярод маары пашырыўся рух за выбранне свайго караля. Яго заснавальнік Таміхана Тэ Раўпараха лічыў, што маарыйскае адзінаўладдзе паспрыяе аб’яднанню тэрытарыяльных супольнасцяў і дапаможа весці перагаворы з брытанцамі на прынцыпах роўнасці. Каланіяльнымі ўладамі гэты рух успрымаўся як варожы ў адносінах да Вялікабрытаніі. У 1860 г. аб’яднанне Таранакі, уцягнутае ў рух, адмовілася перадаваць частку зямлі каланістам. Улады наўмысна абвастрылі канфлікт, каб прадэманстраваць суверэнітэт Вялікабрытаніі. У выніку так званай Першай вайны Таранакі (сакавік 1860 — сакавік 1861 гг.) абодва бакі панеслі істотныя страты (238 брытанцаў, каля 200 маары), але не дасягнулі паразумення.

У 1863 г. правадыры Кінгітанга адмовіліся прысягаць брытанскай каралеве, з-за чаго 9 ліпеня 1863 г. былі выгнаныя са сваіх зямель на поўдзень ад Окленда. Праз некалькі дзён апалчэнне Кінгітанга было разбіта. У іх канфіскавалі 12000 км² тэрыторый. У 1863 — 1866 гг. узнавіліся ваенныя дзеянні з Таранакі. Супраць маары выступілі рэгулярныя ваенныя часткі, узброеныя гарматамі, што прывяло да паразы тубыльцаў і адчужэння спрэчнай зямлі. Маары былі вымушаны перайсці да партызанскай тактыкі. Ёй карысталіся паслядоўнікі рэлігійнага руху на чале з Тэ Кааці Арыкірангі Тэ Турукі, а таксама паўстанцы правадыра Цітакавару. Ваенныя дзеянні і арышты ўдзельнікаў узброенага супраціву працягваліся да 1916 г.

Да 1890 г. карэннае насельніцтва страціла 95 % сваіх тэрыторый (270000 км²). Паводле перапісу 1871 г., засталося 37520 тубыльцаў (па прыкладных падліках, у пачатку XIX ст. жыло каля 200 тыс. маары).

У канцы XX ст. урады Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі прызналі англа-маарыйскія войны незаконным актам, прынеслі нашчадкам пацярпелых маары афіцыйныя прабачэнні і значныя грашовыя кампенсацыі.

Разам з ваенным супрацівам, з другой паловы XIX ст. існаваў мірны палітычны рух маары за свае правы, у якім удзельнічалі таксама асобы еўрапейскага паходжання і жанчыны.

Сучасная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XX ст. пасля заканчэння ваенных дзеянняў паміж урадам і абарыгенным насельніцтвам яго колькасць пачала паступова ўзнаўляцца. Нягледзячы на частыя сумесныя шлюбы з навазеландцамі еўрапейскага паходжання і сталае перасяленне ў гарады, маары захавалі арыгінальную традыцыйную культуру, асабліва мастацтва. Да 1980-ых гг. яны мелі абмежаваныя магчымасці атрымання адукацыі на роднай мове, што прывяло да пашырэння ўжывання англійскай мовы.

Пад час ІІ Сусветнай вайны ўрад адмовіўся ад мабілізацыі маары, але многія з іх удзельнічалі ў ёй у якасці добраахвотнікаў.

У кан. XX — пач. XXI ст. маары мелі шэраг палітычных і культурных арганізацый, якія актыўна змагаліся за іх правы. Аднак да сёй пары ў Новай Зеландыі няма адзінага органа, які прадстаўляе інтарэсы карэннага насельніцтва. Больш за тое, сярод саміх маары часцяком вядуцца дыскусіі, ці з’яўляюцца яны адзіным народам. Між тым, статыстыка першага дзесяцігоддзя XXI ст. дэманструе, што маары складаюць каля 50 % зняволеных у турмах, сярод іх высокі ўзровень беспрацоўя, алкагалізму і суіцыдаў, толькі 47 % здавальняюча атрымоўваюць сярэднюю адукацыю.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнымі формамі жыццязабеспячэння маары былі земляробства (выключную ролю адыгрывала вырошчванне батату), лоў рыбы і малюскаў, паляванне на птушак, пацукоў і ластаногіх, збіральніцтва. Са свойскай жывёлы былі вядомыя толькі сабакі, мяса якіх ужывалі ў ежу.

Да прыходу еўрапейцаў маары не ведалі металаў, таму прылады працы выраблялі з дрэва, косці, ракавін, льнянога валакна, базальту і нефрыту. Зямлю апрацоўвалі з дапамогай драўлянага кала ко, да якога прымацоўвалі для выгоды падножку. Пасадкі і збор батата суправаджаліся рэлігійнымі працяглымі абрадамі, а грамадскі свіран, у якім захоўвалі ўраджай, заўсёды па-мастацку ўпрыгожваўся і з’яўляўся самым прыгожым будынкам у вёсцы. Паляванне, лоў рыбы, збіральніцтва, пляценне кошыкаў і рыбалоўных сетак лічыліся заняткам мужчын. Жанчыны працавалі па дому, гатавалі ежу, рабілі вопратку, збіралі вакол вёсак ядомыя карэнні. Праца на зямлі была сумеснай.

Маары лічыліся выдатнымі суднабудавальнікамі. Майстэрства будоўлі і ўпрыгожвання лодак перадавалася па спадчыне. Значных поспехаў дасягнула разьбярства па дрэве. Ужо ў класічны перыяд вылучыліся прафесійныя апрацоўшчыкі каменю, майстры лодак, збройнікі. Рамеснікі атрымоўвалі поплатак ежай, вопраткай і ўпрыгожваннямі.

Вопратка і ўпрыгожванні[правіць | правіць зыходнік]

Вопратку рабілі ў асноўным з ільнянога валакну. Для гэтага дзікі лён церабілі, апрацоўвалі ракавінамі, далей вопратку плялі. Распаўсюджаныя віды вопраткі — насцегнавая павязка або фартух, плашч кахуківі, у які ўпляталі пер’е ківі. Было вядома іншае адзенне са скуры сабак і пер’я птушак. Жанчыны ўпрыгожвалі галаву вузкімі павязкамі, якія заўсёды арнаментаваліся. Мужчыны і жанчыны карысталіся ўпрыгожваннямі — каралямі з ракавін, доўгімі завушніцамі, ільнянымі павязкамі для валасоў, наносілі на твар і цела татуіроўку.

Жытлы[правіць | правіць зыходнік]

Маары жылі ў вёсках. Буйныя вёскі па умацоўваліся ровам, землянымі валамі і плотам. Але меліся і неўмацаваныя селішчы каінга. Археолагі сцвярджаюць, што каінга былі асабліва характэрны да XV ст. Пазней іх будавалі на раўнінах, звычайна не далёка ад па, каб у любы момант знайсці там паратунак. Вёскі складаліся з простых хацін і некалькі грамадскіх будынкаў, упрыгожаных разьбою. У апошніх захоўвалі ўраджай, агульныя лодкі, сеткі для лову рыбы, прылады працы. У цэнтры вёскі месцілася плошча для вясковых збораў вяскоўцаў марае. Каля будавалі хату правадыра, а часам і будынак для збораў.

Галоўным матэрыялам для будаўніцтва з’яўляліся драўляныя бярвенні. Жытло мела прамавугольны план. З усходняга боку рабілі вузкія дзверы, часам — акенца. Дахі з двумя пахіламі накрывалі травою. Фасад жытла ўпрыгожваўся разьбою. Абавязковым лічылася выразаць малюнак сямейнага продка.

На паўднёвым востраве былі таксама распаўсюджаныя зямлянкавыя і паўзямлянкавыя будынкі, якія лепей захоўвалі ўзімку цяпло. На земляным палу майстравалі адкрыты агмень для сугрэву, але ежу гатавалі за межамі хаты.

Грамадская арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Маары падзяляліся на буйныя тэрытарыяльныя аб’яднанні іві і вака, якія ў літаратуры звычайна называюць плямёнамі. Усяго іх налічвалася каля 50. Лічылася, што іві паходзяць ад адзіных продкаў, якія прыбылі ў Новую Зеландыю пад час хеке. Вака з’яўляліся падпадзяленнем іві, іх продкі месціліся ў адной лодцы. Да прыходу еўрапейцаў іві захоўвалі значную ўнутраную замкнёнасць. Часцяком паміж імі ўспыхвалі ваенныя канфлікты. Прычым, маары тлумачылі гэта варожасцю, якая існавала ад хеке. Зрэшты, войны вяліся і паміж чальцамі аднаго іві і вака.

Ваенны правадыр аб’яднання арыкі (звычайна, вака, бо ў іві інстытут правадыроў узнік даволі позна, яны былі выбарнымі) быў яшчэ і правадыром рангаціра ў сваёй вёсцы . Улада правадыроў перадавалася па спадчыне да старэйшага сына, пакольку лічылася, што яны захоўваюць святасць (блізкую да агульнапалінезійскай маны). Рангаціра мелі значныя прывілегіі перад простымі абшчыннікамі варэ, але павінны былі прытрымлівацца пэўных паводзін, каб не згубіць святасць. Вядома, што ўдалы правадыр Цітакавару згубіў падтрымку супляменнікаў пасля таго, як меў сэксуальныя зносіны з жонкай простага маары. Рангаціра размяркоўвалі вясковую і племянную маёмасць, узначальвалі ваенныя экспедыцыі, выконвалі пэўныя рэлігійныя рытуалы.

У маары меліся рабы, прадстаўнікі іншых тэрытарыяльных аб’яднанняў, палонныя ці бежанцы. Яны складалі да дзесятай часткі насельніцтва. Рабы прыслужвалі арыкі, выконвалі самую цяжкую працу, але адносіны да іх былі мяккімі. Лічылася, што рабом мог стаць чалавек, які згубіў сваю ману, таму іві і вака не прымалі назад сваіх суродзічаў, калі тыя імкнуліся вярнуцца з рабства. Але раб і яго нашчадкі мелі магчымасць вярнуць ману праз удзел у вайне, добрыя дарады арыкі і г. д. У гэтым разе яны заставаліся ў племені ў якасці свабодных.

Жыхары адной вёскі складалі абшчыну хапу, якая падзялялася на пашыраныя патрылакальныя сем’і ванау. Хапу захоўвалі еднасць дзякуючы пашане адзіным продкам, а таксама вельмі распаўсюджаным шлюбам паміж сваякамі. Зямля знаходзілася ва ўласнасці сем’яў. Іх таксама аб’ядноўвалі агульныя заняткі і сняданак. Сваяцкія сувязі адлюстроўваліся ў размяшчэнні вясковых хат — блізкія родзічы імкнуліся мець жытлы адзін ля іншага. Такім чынам, у цэнтры звычайна жылі сваякі рангаціра. Маёмасць перадавалася ў спадчыну ад бацькі да старэйшага сына, ад старэйшага — да маладзейшага брата. Дзеці малодшых сыноў фактычна не мелі магчымасці атрымаць спадчыну.

Ваенная справа[правіць | правіць зыходнік]

Войны паміж маары рэдка ўспыхвалі з-за зямельных спрэчак. Часцей яны вяліся з-за ўзаемнай індывідуальнай і племянной непрыязнасці, жанчын, рамеснікаў і рабоў. Войны часта суправаджаліся татальным знішчэннем праціўніка і канібалізмам. Пераможаныя павінны былі зысці са сваіх тэрыторый, выплочваць пераможцам даніну або ператвараліся ў рабоў.

Да з’яўлення ангястрэльнай зброі маары карысталіся сякерападобнымі і цяжкімі булавамі, каменнымі сякерамі, якія кідалі ў праціўніка, дзідамі, кінжаламі з дрэва або косці.

Мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя формы народнага мастацтва — драўляная скульптура, танец хака, рытмічная музыка і спевы поі, спевы-апавяданні ваіта-а-рынга. З 1972 г. праводзіцца штогадовы фестываль культуры маары Тэ-Матаціні.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова маары мае палінезійскае паходжанне. У XIX ст. была складзена пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У аснове традыцыйнай політэістычнай рэлігіі маары ляжала вера ў даволі складаны пантэон багоў, з якіх асабліва шанаваліся Тане, Ронга, Ту, Тангароа, характэрныя для ўсіх палінезійцаў, а таксама мясцовыя багі Таўхіраматэа і Хаўміацікоціка. Сярод вузкага кола жрацоў тахунга ахурэва існаваў патаемны культ адзінага бажаства Іо. Яно ўсведамлялася як безасабовая сіла, што кіруе ўсім светам і іншымі багамі. Акрамя таго, у кожнага племені былі свае багі-заступнікі, якія давалі яму ману.

Важнае значэнне меў культ продкаў, а таксама вярхоўных правадыроў арыкі. Арыкі былі галоўнымі захавальнікам маны, таму былі акружаныя шматлікмі табу (маары называлі гэта тапу), у тым ліку на самастойнае прыняцце ежы. Таму ў звычайных сітуацыях арыкі кармілі жанчыны ці рабы. Правадыры выконвалі многія функцыі жрацоў, хаця меўся адносна невялікі пласт жрацоў ніжэйшага рангу.

З прыходам еўрапейцаў распаўсюдзілася хрысціянства пераважна ў форме пратэстанцтва, узніклі сінкрэтычныя рэлігіі, у тым ліку Паі Марырэ, папулярная сярод таранака ў часы англа-маарыйскіх войн, рынгату, заснаваная Тэ Кааці Арыкірангі Тэ Турукі, ратана, якая сумяшчае хрысціянскае вучэнне з непалітычным рухам за сацыяльную перабудову і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]