Мэй Ланьфан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мэй Ланьфан
кіт.: 梅蘭芳
Дата нараджэння 22 кастрычніка 1894(1894-10-22)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 8 жніўня 1961(1961-08-08)[1][2] (66 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Mei Baochen[d], Mei Shaowu[d], Mei Baoyue[d] і Mei Baojiu[d]
Прафесія палітык, акцёр, тэатральны акцёр, спявак, Chinese opera actor, Kunqu actor, Peking opera actor
IMDb ID 1481621
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мэй Ланьфан (кіт. трад. 梅蘭芳, спр. 梅兰芳, піньінь Méi Lánfāng; 22 кастрычніка 1894, Пекін, Імперыя Цын — 8 жніўня 1961, Пекін, КНР) — кітайскі акцёр, выканаўца роляў жаночага амплуа «дань  (руск.)» у пекінскай оперы  (руск.)[4].

Разам з Шан Сяаюнем  (руск.), Чэн Яньцю  (руск.) і Сюнь Хуэйшэнам  (руск.) Мэй Ланьфан вядомы як адзін з Чатырох вялікіх дань залатой эры пекінскай оперы  (руск.)[4].

Мэй Ланьфан — гэта сцэнічны псеўданім. Сапраўднае імя — Мэй Лань (кіт. трад. 梅瀾, спр. 梅澜, піньінь Méi Lán). Другое імя — Ваньхуа (кіт. трад. 畹華, спр. 畹华, піньінь Wǎnhuá).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Мэй Ланьфан і Чэн Яньцю  (руск.)

Нарадзіўся 22 кастрычніка 1894 года ў Пекіне ў сям’і выхадцаў з вобласці Тайчжоу правінцыя Цзянсу. Некалькі пакаленняў продкаў Мэй Ланьфана гулялі ў пастаноўках пекінскай  (руск.)[4] і кунскай  (руск.) опер  (руск.)[5]. Сярод іх быў і яго дзядуля па бацькавай лініі Мэй Цяалін, які праславіўся выкананнем жаночых роляў дань[6] і быў адным з трынаццаці вялікіх акцёраў позняй Цын  (руск.). Мэй Цяалін часта выступаў у імператарскім палацы. Дзядуля па матчынай лініі, Ян Луншоу, выконваў ролі ушэн (амплуа шэн  (руск.)-ваеннага)[7].

Рана страціўшы бацькоў (бацька, Мэй Чжуфэнь, памёр 26 гадоў ад роду[7]), застаўся пад апекай дзядзькі Мэй Юйцяня і з 8 гадоў пачаў праяўляць цікавасць да акцёрскай кар’еры[6]. Першы настаўнік спачатку палічыў, што ў хлопчыка няма акцёрскіх перспектыў, паколькі, на яго погляд, у таго апынуліся невыразныя вочы. Шматмесячныя трэніроўкі дапамаглі Мэй Ланьфану пераадолець гэтую праблему. Каб стаць акцёрам пекінскай оперы, неабходна было займацца з раніцы да вечара, вывучаць песеннае мастацтва, кун-фу і акрабатыку пад строгім кіраўніцтвам настаўнікаў (у школе пекінскай оперы практыкавалася лупцоўка вучняў, не выключаны былі і смяротныя зыходы)[8].

У дзесяць гадоў дэбютаваў у спектаклі «Шлюбная пара багіні і земляроба». У 14 гадоў далучыўся да тэатральнай трупы Сіляньчэн (пазней пераназванай у Фуляньчэн)[4].

У 1910 годзе ажаніўся з Ван Мінхуа: яму было 16, ёй — 18. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сын і дачка, якія пасля памерлі ў дзіцячым узросце. Ван Мінхуа зрабіла аперацыю па стэрылізацыі і не магла больш мець дзяцей. Яна таксама памерла маладой[9] (у 1929 годзе ад туберкулёзу[10]).

Дзякуючы выдатнаму валоданню асноўнымі кампанентамі кітайскай оперы — спевам, танцам і выканальніцкім майстэрствам[8] — у 1911 годзе быў названы трэцім сярод лепшых акцёраў у Пекіне[4].

Дзевятнаццаці гадоў, у 1913 годзе, са спектаклем «Куртызанка Юй Танчунь» адправіўся ў Шанхай, дзе дамогся вялікага поспеху[4]. Яго сталі называць лепшым выканаўцам жаночых роляў пекінскай оперы ў свеце, нават сталі выпускаць цыгарэты, названыя яго імем[8]. У ходзе была прымаўка: «Калі хочаш ажаніцца, жонка павінна быць падобная на Мэй Ланьфана; калі хочаш завесці сына, ён павінен быць падобны на Чжоу Сіньфана  (руск.)»[4]. Такая ўвага бянтэжыла акцёра[7].

У 1914 годзе былі новыя гастролі  (руск.) ў Шанхаі[7], а ў 1918 годзе Мэй Ланьфан на нейкі час пераехаў жыць у гэты горад[4]. Тут ён паспрабаваў пісаць оперы на актуальныя тэмы: карупцыя, умяшанне імперыялістычных дзяржаў у жыццё Кітая, месца жанчыны ў грамадстве. Нягледзячы на тое, што публіка ўдзячна сустрэла новыя тэмы ў традыцыйным выглядзе мастацтва, сам Мэй Ланьфан прыйшоў да высновы, што гэта недарэчнае спалучэнне, і вярнуўся да класічных сюжэтаў[8].

Мэй Ланьфан у Японіі (1919 год)

У 1919 годзе прайшлі замежныя гастролі ў Японіі. Тут ён выступаў у Імператарскім тэатры  (яп.) ў Токіа[7]. Праз пяць гадоў, у 1924 годзе, зноў паехаў у Японію, каб удзельнічаць у дабрачынным канцэрце ў падтрымку пацярпелых ад аднаго з самых разбуральных у гісторыі краіны землетрасенняў[6].

Застаючыся ў шлюбе з Ван Мінхуа, у 1921 годзе ўступіў у другой шлюб  (руск.) з Фу Чжыфан, ад якога нарадзілася дзевяць дзяцей[9].

Ці Жушань і Мэй Ланьфан

У 1922 годзе заснаваў уласную тэатральную трупу Чэнхуа. Пачаў уключаць у пастаноўкі новыя прыёмы гульні: дань-дзева, дань-какетка, дань-ваяўніца. Таксама пачаў эксперыментаваць з дэкарацыямі, грымам, галаўнымі ўборамі і касцюмам[4]. Для напісання новых п’ес часцяком прыцягваў адразу па некалькі кампазітараў і драматургаў, якія падзялялі погляды Мэй Ланьфана на рэфармаванне тэатра. Найбольш бачным з іх быў Ці Жушань  (кіт.)[7].

Мэн Сяадун  (руск.) і Мэй Ланьфан (1927)

У 1925 годзе пазнаёміўся з актрысай пекінскай оперы, выканаўцай роляў амплуа лаашэн («стары»), Мэн Сяадун  (руск.). Будучы ўжо двойчы жанаты, у 1927 годзе ўступіў у шлюб і з ёй, але ў 1933 годзе яны развяліся[10].

У 1927 пекінская газета "Шуньцянь Шыбаа  (кіт.)"правяла конкурс сярод акцёраў пекінскай оперы, і па яго выніках Мэй Ланьфан, Шан Сяаюнь  (руск.), Чэн Яньцю  (руск.) і Сюнь Хуэйшэн  (руск.) былі названыя Чатыры вялікія дань  (руск.) — гэты тытул у далейшым за імі замацаваўся[4].

Папулярнасць Мэй Ланьфана на радзіме настолькі ўзрасла, што падчас яго гастроляў у Шанхаі ў 1928 годзе мясцовая газета «Шэньбаа  (руск.)» нават вяла асобную калонку «Навін Мэй»[7].

У 1930 годзе адправіўся ў гастрольны тур па ЗША, падчас якога выступаў у Сіэтле, Чыкага, Вашынгтоне, Нью-Йорку, Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Ганалулу і Сан-Дыега. Амерыканская публіка цёпла сустрэла творчасць Мэй Ланьфана. Памонскі каледж у Клермонце і Універсітэт Паўднёвай Каліфорніі прысвоілі яму ганаровую доктарскую ступень[6][4].

Адгукнуўшыся на «інцыдэнт 18 верасня», паставіў у Шанхаі патрыятычныя спектаклі «Барацьба з Цзінем», «Прыкрасць пра жыццё і смерць» і іншыя[4].

У 1935 годзе наведаў з гастролямі СССР. Падчас візіту сустракаўся з савецкімі тэатральнымі дзеячамі, у тым лику са Станіслаўскім, Неміровічам-Данчанкам, Меерхольдам і Эйзенштэйнам. Брэхт, які знаходзіўся ў гэты час у Савецкім Саюзе таксама наведаў выступ Мэй Ланьфана, уражанні ад якога пасля знайшлі сваё адлюстраванне ў яго творчасці[11]. Выступ у Ленінградзе наведаў Сталін. Мейерхольд аб гэтых гастролях напісаў захоплены артыкул, а Эйзенштэйн на іх аснове стварыў фільм[8].

У 1938 годзе пераехаў у Ганконг. З-за распачатай японскай акупацыі пакінуў сцэну, каб не выступаць для японскіх салдат. У якасці акта пасіўнага супраціву адгадаваў вусы, што не магло спалучацца з ролямі дань. У выніку яго банкаўскія рахункі апынуліся заблакаваныя, і, каб забяспечыць сям’ю, Мэй Ланьфан стаў маляваць карціны на продаж. З-за фінансавых цяжкасцяў у 1941 годзе пераехаў у Шанхай. На сцэну вярнуўся толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны у 1945 годзе, і больш не пакідаў яе да самай смерці[6].

Маа Цзэдун, Клімент Варашылаў і Мэй Ланьфан (Пекін, 1957)

У 1950 годзе зноў пасяліўся ў Пекіне[4].

Пасля ўтварэння КНР яшчэ тройчы гастраляваў у Савецкім Саюзе: у 1952, 1957 і 1960 гадах. У 1956 годзе ў трэці раз наведаў Японію. Замежныя паездкі Мэй Ланьфана адкрылі пекінскую оперу свету і папулярызавалі традыцыйнае кітайскае мастацтва ў іншых краінах[12].

Удзельнічаў у рэфармаванні тэатра, якое праходзіла па ініцыятыве новых уладаў; складаўся ў шматлікіх камітэтах, прымаў удзел у канферэнцыях[13].

У 1953 годзе абраны намеснікам старшыні Асацыяцыі кітайскіх драматургаў  (кіт.)[9].

У 1955 годзе заснаваў Кітайскі тэатр пекінскай оперы  (руск.) і стаў яго першым дырэктарам[14][12].

У 1959 годзе ўступіў у КПК[9].

Акрамя тэатральнай дзейнасці, прыняў удзел у стварэнні некалькіх фільмаў, запісаў шэраг грампласцінак[13]. Так, у 1960 годзе быў зняты мастацкі фільм з удзелам Мэй Ланьфана па оперы «Півоневая альтанка  (кіт.)»[9].

Памёр у Пекіне 8 жніўня 1961 года[9].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Мэй Ланьфан за сваё жыццё сыграў больш чым у 400 пастаноўках, больш за 100 з якіх ставіліся пастаянна. Найбольш знакамітыя «Ап’янёная фрэйліна  (кіт.)», «Развітанне ўсемагутнага Ба-вана з каханай  (кіт.)», «Му Гуін прымае камандаванне  (кіт.)», «Меч сусвету  (кіт.)»[4], «Зламаны мост» (кіт.: 疊斷橋) і «Даюй хавае кветкі» (кіт.: 黛玉葬花)[15].

Наватарскія распрацоўкі Мэй Ланьфана ў грыме, касцюмах, жэстах узбагацілі амплуа дань[8]. Акампануючы  (руск.) на традыцыйных кітайскіх музычных інструментах эрху  (руск.) і цзінху  (руск.), Мэй Ланьфан разам з Сюй Ланьюанем і Ван Шаацыном распрацавалі новы напеў дань[4].

Спалучэнне акцёрскага майстэрства і спеваў Мэй Ланьфана заклалі аснову для фарміравання новай школы пекінскай оперы — «Мэй»; адным з актыўных паслядоўнікаў гэтай школы стаў сын акцёра — Мэй Баацзю  (руск.), які пасля смерці бацькі працягнуў яго справу[16].

Памяць аб Мэй Ланьфане[правіць | правіць зыходнік]

Бюст Мэй Ланьфана ў яго доме-музеі ў Пекіне

Сачыненні[правіць | правіць зыходнік]

  • Мэй Лань-фан. Сорок лет на сцене: Записки Цзы-Чуаня. Пер. с кит. М. Искусство. 1963 г. 499 с., илл.

Зноскі

  1. а б Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 жніўня 2015.
  2. Mei Lanfang // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о Сюй Чэнбэй. Пекинская опера = 中国京剧俄 / пер. Сан Хуа, Хэ Жу. — Межконтинентальное издательство Китая, 2003. — С. 88—92. — (Духовная культура Китая). — ISBN 9787508503387.
  5. Faye Chunfang Fei. Chinese Theories of Theater and Performance from Confucius to the Present. — Ann Arbor: University of Michigan Press, 2002. — P. 143. — 213 p. — ISBN 9780472089239.
  6. а б в г д Joyce Cheng. Мэй Ланьфан: легенда Пекинской оперы(недаступная спасылка). gbtimes (25 жніўня 2013). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2016. Праверана 1 мая 2016.
  7. а б в г д е ё Min Tian. Mei Lanfang and the Twentieth-Century International Stage: Chinese Theatre Placed and Displaced. — Springer, 2012. — 308 p. — ISBN 9781137010438.
  8. а б в г д е Великий Мэй Ланьфан. Сіньхуа, Міжнароднае радыё Кітая (29 жніўня 2005). Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2016. Праверана 1 мая 2016.
  9. а б в г д е 梅兰芳 — артыкул з Байдупедыі (кіт.)
  10. а б 孙红侠. 梅兰芳三段情 (кіт.)(недаступная спасылка). 环球人物. 人民日报 (1 снежня 2008). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2016. Праверана 22 мая 2016.
  11. Анна Петрович. Актеры Хубэйского театра познакомили зрителей с драгоценной жемчужиной китайского искусства. Musecube. Территория творческой свободы (4 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2016. Праверана 1 мая 2016.
  12. а б Ху Яньли Китайская опера как нематериальное культурное наследие Китая // Общество: философия, история, культура : часопіс. — Краснодар: Издательский дом «Хорс», 2015. — № 4. — С. 25—29. — ISSN 2221-2787. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2016.
  13. а б Colin Mackerras. Mei Lanfang (англ.). Grove Music Online (31 студзеня 2014). Праверана 11 мая 2016.
  14. а б Китайский театр Пекинской оперы переименован в Китайский государственный театр Пекинской оперы. Жэньмінь Жыбаа (16 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 1 мая 2016.
  15. Mei Lanfang (англ.). Encyclopædia Britannica. Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 11 мая 2016.
  16. Мастер пекинской оперы Мэй Баоцзю скончался в возрасте 82 года. Жэньмінь жыбаа (25 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2016. Праверана 26 красавіка 2016.
  17. Режиссёр фильма "Мэй Ланьфан" - Чэнь Кайгэ. Международное радио Китая (3 лютага 2009). Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2016. Праверана 1 мая 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Театральная энциклопедия. Т.III, М., Издательство «Советская энциклопедия», 1964. С.1022-1033.
  • Завидовская Е. Мэй Ланьфан в Советском Союзе (1935) // Институт Конфуция. Ноябрь 2014. Выпуск 27.№ 6. С.32-34.
  • Мэй Лань-фан и китайский театр. [Сборник], М. — Л., 1935.
  • Образцов С., Театр китайского народа, М., 1957.
  • Серова С., Пекинская музыкальная драма, М., 1970.
  • Васильев Б. А. Китайский классический театр: На спектаклях Мэй Лань-фана // Рабочий театр.1935.№ 8. С.5-7.
  • Min Tian, ed. China’s Greatest Operatic Male Actor of Female Roles: Documenting the Life and Art of Mei Lanfang, 1894—1961 (Lewiston, NY: Edwin Mellen Press, 2010).
  • Min Tian, Mei Lanfang and the Twentieth-Century International Stage: Chinese Theatre Placed and Displaced (New York: Palgrave, 2012).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]