Саюз вызвалення Беларусі, справа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Справа «Саюза вызвалення Беларусі» — палітычна-крымінальная справа распачатая ДПУ БССР ў 1930 г. супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры; частка рэпрэсій у БССР 1929—1931 гг..

Справа пачалася арыштам (17.2.1930) П. Ільючонка. Агулам па справе СВБ вясной—летам 1930 арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Першапачаткова ў ДПУ за кіраўніцтва СВБ лічылі В. Ластоўскага, А. Цвікевіча і А. Смоліча, але іх уплыў у Беларусі быў невялікі. Пазней за кіраўніцтва СВБ у ДПУ лічыліся А. Адамовіч, А. Баліцкі, П. Ільючонак і Дз. Прышчэпаў, але іх справу разглядалі асобна. Абвінавачанні ў прыналежнасці да СВБ выстаўляліся Я.Купалу і Я.Коласу, У. Ігнатоўскаму, І. Васілевічу і інш.

Справу падследных-камуністаў вылучылі ў асобную вытворчасць. Калегіяй АДПУ ўсе арыштаваныя, апроч 18, былі асуджаныя на розныя тэрміны зняволення або ссылкі. У. Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 г. Кіраўнікі СВБ былі асуджаны на 10 гадоў лагераў кожны (рэабілітаваныя ў чэрвені 1988 г.), справа разглядалася асобна. Большасць астатніх падазроных як члены СВБ — 77 чалавек высланая на 5 гадоў ва ўнутраныя раёны СССР. Усяго па справе было асуджаны 86 чалавек. У 19371941 гг. справа была перагледжана, многіх з падазроных як членаў СВБ расстралялі, іншыя зняволеныя ў лагеры. У 1937—1939 ліквідаваныя і многія следчыя ДПУ, што вялі справу «Саюза вызвалення Беларусі». Рэпрэсіі супраць падазроных як членаў СВБ, што засталіся ў жывых на той час, адбыліся ў 1949—1952.

Справа «Саюза вызвалення Беларусі» азначыла сабой першыя практычныя наступствы змянення балансу сіл у ВКП(б) і выніковага павароту палітычнага курсу ў СССР і БССР (бач палітыка ў СССР, 1920-1929 і палітыка ў БССР, 1920-1929), якія адбыліся ў канцы 1920-х гг. і былі скіраваныя, у т. л., на згортванне тагачаснай нацыянальнай палітыкі («карэнізацыя»). Вастрыня крытыкі нацыянал-дэмакратызму вырасла яшчэ ў 1927 г; Камуністычная партыя Беларусі ў 1929 г. сваёй устаноўкай прызнала нацыянал-дэмакратызм «галоўнай небяспекай на дадзеным этапе развіцця», а ў маі 1930 г. рэзалюцыяй свайго XIII з'езду назвала яго «галоўнай небяспекай для нацыянальнай палітыкі».[1]

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Дасюль дакладна невядома ці праўда існаваў «Саюз вызвалення Беларусі». У позняй савецкай гістарыяграфіі даследчыкі лічылі СВБ выдумкай ДПУ, а асуджаных па гэтай справе — ахвярамі[2]. Прыкладна такога ж меркавання трымаліся і беларускія эмігранцкія гісторыкі, праўда з іншых матываў, бо асуджаныя па справе СВБ у асноўным былі іх палітычнымі праціўнікамі.

Таксама існуе меркаванне, што СВБ існаваў і яго кіруючы цэнтр быў не ў інтэлігенцкім асяродку, а ў нацыянальных колах ураду БССР, што за савецкім часам зацямнялася па зразумелых прычынах[3].

Яшчэ ў 1957 г. спецслужбы выказвалі такую версію: «У 1926 годзе на тэрыторыі БССР нацыяналісты стварылі антысавецкую паўстанцкую арганізацыю з цэнтрам у Мінску, … якая атрымала названне „Саюз вызвалення Беларусі“ (СВБ). Яна мела філіялы ў Віцебску, Полацку і іншых гарадах Беларускай ССР. Для пашырэння антысавецкай дзейнасці „Саюза вызвалення Беларусі“ спецыальная група на чале з актыўным нацыяналістам Улашчыкам вербавала ў падполле моладзь. Агентурнай разработкай і следствам па справе „Саюза вызвалення Беларусі“ выяўлена, што праграма гэтага варожага падполля была накіравана на ліквідацыю заваяванняў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўлення ў рэспубліцы ўлады памешчыкаў і капіталістаў.»[4].

У 1988 г. КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў аб верагоднасці існавання „Саюзу вызвалення Беларусі“».[1]

Пералік падазроных як удзельнікі СВБ[5][правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Рыгор Мікалаевіч Гацько (1903, в. Ступяні Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — пазней 10.4.1931) — настаўнік. З сялянскай сям'і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў настаўнікам 9-гадовай школы імя К. Лібхнехта ў Гомелі. Арыштаваны 15.4.1930 г. Асуджаны калегіяй АДПУ 10.4.1931 як «удзельнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі „Саюз вызвалення Беларусі“» да 5 гадоў ППЛ. Этапаваны ў Угліч Яраслаўскай вобл., Расія. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР 30.1.1956 г. Групавая справа Р. Гацько і інш. № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.[6]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Чыгрынаў. Гісторыя Беларусі…, С.482.
  2. Сачанка, Б. Баліць, крывавіць…
  3. Аркуш А. Рызыкоўная…
  4. Белорусские буржуазные националисты: Учебный материал. / сост. Бойченко В. М. и Ерёмин П. П. — М.: «Редакционно-издательский отдел Высшей школы КГБ при Совете Министров СССР», 1957. — С. 14.
  5. Пералік не поўны, ўключае толькі 99 падазроных
  6. Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.4. Кн. 1. — Мн:, 2007.
  7. Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аркуш А. Рызыкоўная барацьба намэнклятуры // Наша Ніва, № 7;
  • Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў на Белару­сі. — Мн., 1994;
  • Васілеўская, Н. У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме: (Пра наркома асветы Беларусі А. В. Баліцкага) / Пад рэд. Палуяна У. А.; АН Беларусі. Ін-т гісторыі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995;
  • Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт: «Изобретатель „СВБ“» / И палачи и жертвы. (Руководители карательных органов СССР и Беларуси) // Pепрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. I. — Минск, 2007.
  • Сачанка, Б. Баліць, крывавіць / З пісьменніцкіх дзённікаў // Віртуальны музей Барыса Сачанкі — Эл.рэсурс sachenko.iatp.by
  • Сідарэвіч А. Трыюмвіры, або Помнік камісарам // Наша Ніва, № 13.

Шаблон:Сталінскія рэпрэсіі