Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч
СЦЯПАН МІХАЙЛАВІЧ НЕКРАШЭВІЧ (08.05.1883, фальварак Данілоўка Бабруйскага павету Мінскай губерні[1] — 20.12.1937) — беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры (цяпер — Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі), акадэмік Акадэміі навук Беларусі.
Змест |
[правіць] Біяграфія
[правіць] Перыяд да 1920 г.
С. Некрашэвіч паходзіў са шляхецкага роду Некрашэвічаў (гербу «Любіч»), фальваркам якіх была Данілоўка (Данілаўка)[2]. Пачатковую адукацыю атрымаў у сям'і. У 1908 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Панявеж Ковенскай губерні (цяпер Панявежыс, Літва), у 1913 — Віленскі настаўніцкі інстытут[3] (Вільнюс). Працаваў у школе «Таварыства цвярозасці» ў Цельшынскім павеце Ковенскай губерні.
З 1914 г. падчас 1-й сусветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская сацыялістычная грамада, затым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
З восені 1917 г. — у г. Адэса (Украіна). Загадчык беларускай секцыі пры губернскім аддзеле народнай асветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага года былі адчынены 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох класаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторый Беларусі).
Пасля абвяшчэння БНР у 1918 г. — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты. Быў прыхільнікам фарміравання беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтра, які быў створаны 13 студзеня 1919. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.
[правіць] Перыяд з 1920 г.
З 1920 г. — у Мінску. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР: загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, намеснік старшыні Акадэмічнага цэнтра, намеснік старшыні Галоўнага ўпраўлення прафесійнай асветы і інш.
У студзені 1921 г. на сходзе работнікаў асветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэннем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922—1925 — яго першы старшыня.
З пачатку 1925 г. да ліпеня 1926 г. — на падвышэнні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце (Расія), працаваў пад кіраўніцтвам Я. Ф. Карскага.
У 1926—1928 гг. — старшыня Аддзела гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Адначасова ў 1923—1925 — выкладчык беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, з 1927 — дацэнт педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 г. — акадэмік, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 — дырэктар Інстытута мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і аспіранцкай камісій. З 1 студзеня 1928 — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР. У 1927—1931 гг. быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.
21 ліпеня 1930 г. арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем (ДПУ) БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 пастановай калегіі Аб'яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Сарапул (Удмурція, Расія); у 1936 тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 гады. Працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым — бухгалтарам канторы «Нарыхтзерне» (руск.: «Заготзерно»). Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, дастаўлены ў Мінск, 19 снежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.
Рэабілітаваны па 2-м прысудзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 12 кастрычніка 1957 г., адноўлены ў званні акадэміка ў 1978, рэабілітаваны па 1-м прысудзе ў закрытым пасяджэнні Судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988 г.
[правіць] Навуковыя працы
Асноўныя накірункі навуковых даследванняў С. Некрашэвіча — лексікаграфія, правапіс, дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў болей 30 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага паслярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» (1922 г., 6-е выданне — 1929), школьнай чытанкі «Роднае слова» (1923, 4 выданне — 1925), суаўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых «Наша сіла — ніва ды машына» (1925).
Важнейшыя працы ў галіне лексікаграфіі — «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва — разам з М. Я. Байковым); «Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў» (1927, разам з П. А. Бузуком).
Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: "Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О уставах манастирских» (1928); «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апубл.).
Унёскам у развіццё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» (1922), «Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы» (1925); «Да пытання пашырэння акання на чужаземныя словы» (1926), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна» (1929), «Праект беларускага правапісу» (1930), даклады на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г. «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» і «Да пытання аб рэформе нашага правапісу» (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я гг. прысвечаны артыкулы «Становішча культурна-асветных устаноў Беларусі пры нэпе» (1924), «Да пяцігадовага плана навукова-даследчай працы БССР» (1928).
[правіць] Ушанаванне памяці
У Данілоўцы на месцы былога фальварку Некрашэвічаў усталяваны памятны знак (1993 г.)[4]. У 1998 г. у будынку ў Мінску, дзе знаходзіўся Інстытут беларускай культуры, усталявана мемарыяльная шыльда з імёнамі выдатных навукоўцаў, сярод якіх — С. Некрашэвіч. У г. Светлагорску ў гарадской карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава маецца партрэт «Сцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Мінск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астафьеў, Мінск). Да 125-годдзя з дня народзінаў С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны канверт, увод у выкарыстанне — 8 мая 2008.
Зноскі
- ↑ Цяпер — вёска Краснаўскага сельсавета Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., Беларусь.
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. I. Warszawa, 1880. S. 900.
- ↑ У 1914 г. далучаны да Самарскага настаўніцкага інстытуту, цяпер — Паволжская дзяржаўная сацыяльна-гуманітарная акадэмія, г. Самара, Расія. Гл.: ПГСГА. История.
- ↑ Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.
[правіць] Асноўныя публікацыі
- Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (з П. А. Бузуком).
- Расiйска-беларускi слоўнік. Мн.: Бел. Дзярж. выд-ва, 1928 (з М. Я. Байковым).
- Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну. Мн., 1929.
- Беларуска-расiйскi слоўнік. Мн.: Народная асвета, 1993 (з М. Я. Байковым).
- Сучасны стан вывучэння беларускай мовы // Спадчына. 1993. № 2. С. 86 — 95.
- Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча. Мн.: Беларуская навука, 2004.
[правіць] Літаратура
- Расторгуев П. А. О программе по белорусской диалектологии. Рец. на кн.: Некрашэвіч С., Бузук П. Программа для збіраньня асаблівасьцяй беларускіх гаворак i гаворак пераходных да суседніх моваў. — Менск, 1927 / Известия по русскому языку и словесности Академии наук СССР. Т. I. Л., 1928. С. 602—605.
- Германовіч І. К. Аб навуковай дзейнасці С. М. Некрашэвіча // Веснік БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.
- Іофе Э. «Той самы Некрашэвіч…» // Полымя. 1991. № 6. С. 130—134.
- Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.
- Шчэрбін В. Ён мог стаць беларускім Далем // Роднае слова. 1995. № 2. С. 36 — 42.
- Шчэрбін В. Ідэалам навукі не здрадзіў // Роднае слова. 1995. № 4. С. 52 — 58. № 5. С. 45 — 49.
- Іофе Э. Першы старшыня Інбелкульта // Спадчына. 1995. № 6. С. 54 — 78.
- Германовіч І. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн., 1999. С. 318—319.
- Германовіч І. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч / Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 279.
- Запрудскі С. Жыццё для навукі // Роднае слова. 2003. № 5. С. 34 — 36.
- Жураўскі А. І. Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч. (Да 120-годдзя з дня нараджэння.) // Беларуская лінгвістыка. Вып. 54. 2004. С. 3 — 11.
[правіць] У Сеціве
- Байкоў М. Я., Некрашэвіч С. М. Беларуска-расейскі слоўнік // Энцыкляпэдыя электронная.
- Акадэмік Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі.
- Деятели науки Гомельской области. Некрашевич Степан Михайлович // Гомельский областной исполнительный комитет. Официальный портал.
- Маракоў Л. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч.
- Катляроў І. Быць такой вуліцы // Гомельская праўда. 2005. 25 кастрычніка. С. 2.
- Катляроў І. Эскіз помніка ёсць… // Светлогорский районный исполнительный комитет. Официальный сайт. 2007. 20 красавіка.
- Адна з мінскіх вуліц можа атрымаць назву мовазнаўцы Сцяпана Некрашэвіча (БелаПАН) // Еўрапейскае радыё для Беларусі. 2007. 6 верасня.
- Раманцоў В. За што расстралялі Сцяпана Некрашэвіча? // Рэгіянальны партал — Светлагорск. 2007. 19 снежня.
- Раманцоў В. Бацьку беларускай навукі — на задворкі? // Рэгіянальны партал — Светлагорск. 2008. 22 студзеня.
- Шупа С. Прыгоды беларускага консула ў Адэсе // Радыё «Свабода». 2008. 11 сакавіка.
- Гаравы М. 8 мая — 125 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча (БелаПАН) // Рэгіянальны партал — Светлагорск. 2008. 8 мая.
- Романцов В. Юбилей основателя Академии // Ранак-плюс. 2008. № 20.
- Перавыдалі «Расійска-беларускі слоўнік» Некрашэвіча — Байкова.
- Kipel V., Kipel Z. Niekraševič Ściapan // Byelorussian Statehood: Reader and Bibliography. New York: Belarusian Institute of Arts and Sciences, 1988.
[правіць] Галерэя
-
1924. С. Некрашэвіч — у другім шэрагу трэці злева.

