Слуцка-Арэская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слуцка-Арэская нізіна
Каардынаты: 52°30′ пн. ш. 28°00′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Слуцка-Арэская нізіна
Слуцка-Арэская нізіна

Слуцка-Арэская нізіна — геамарфалагічны раён у Беларусі, размешчаны на поўначы цэнтральнай часткі Палесся, цягнецца ўздоўж р. Арэсы, воз. Чырвонага, уключае ўчасткі далін Прыпяці і Пцічы. На поўначы абмежаваны Салігорскай, на захадзе Люсінаўскай раўнінамі, на поўдні далінай Прыпяці, Жыткавіцкай і Вятчынскай нізінамі.

Геалогія і рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

У морфаструктурным плане раён займае паўночна-заходнюю частку Прыпяцкага прагіна, з поўдня абмежаванага Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступам фундамента. Паверхня фундамента апушчана ад −600 да −4000 м. Магутнасць антрапагенавых адкладаў 30-100 м.

Тэрыторыя характарызуецца слабаперасечаным выраўнаваным рэльефам з абсалютнымі адзнакамі 129—152 м. Сярэдняя глыбіня расчлянення 1-2 м/км², павялічваецца ў месцах распаўсюджання эолавых форм да 7 м/км². Гідраграфічная сетка ўяўляе сабой унаследаваную рэкамі сістэму лагчын сцёку расталых ледавіковых вод. Рэкі не маюць выразных далін, ухіл 15-20 см/км. Шырыня пойм вагаецца ў межах 0,1-0,2 км, павялічаецца ў азёрападобных расшырэннях да 2,5 км. Перавышэнне пойм над рэчышчам 0,5-1,7 м. Рэчышчы большасці малых рэк каналізавыныя. У цэлым рэльеф характарызуецца манатоннасцю, абумоўленай працэсамі рачной і азёрна-балотнай акумуляцыі, гушчыня эразійнага расчлянення каля 0,2 км/км².

Азёрна-алювіяльная нізіна займае асноўную тэрыторыю раёна і характарызуецца трыма ўзроўнямі. Ніжні ўзровень (133—137 м) адпавядае тэрасам сучасных азёр і затарфаваным участкам спушчаных азёрных катлавін. Тут сярод забалочаных прастораў знаходзіцца возера Чырвонае (43,78 км²), трэцяе паводле плошчы ў Беларусі. Катлавіна яго слабаўвагнутая, схілы нізкія, зліваюцца з прылеглыммі меліяраванымі балотамі, і толькі паўднёвыя дасягаюць 25 м.

Два верхніх узроўні, манатонна пераходзяць адзін у другі, адпавядаюць вышыням 138—140 м і 140—143 м. На прўзнятых участках пашыраны эолавыя формы ў выглядзе град, узгоркаў, дробных дэфляцыйных катлавін на масівах перевяваных пяскоў. Лінейна выцягнутыя або серпападобныя формы адзіночных град даўжынёй да 2,5 км злучыліся і фарміруюць грады працягласцю да 10 км, шырынёй да 300 м. Многія эолавыя ўтварэнні прымеркаваны да берагавых валоў: прыкладам можа служыць прыбярэжная зона возера Вячэра, дзе на прыбярэжных формах і паверхні азёрнай тэрасы залягаюць слаістыя пяскі. Назіраецца актыўная ветравая эрозія, звязаная з асушальнымі меліярацыйнымі работамі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)