Высокаўская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Высокаўская раўніна на карце Беларусі.

Высокаўская раўніна — геамарфалагічны раён на паўднёвым захадзе Беларусі; належыць да Перадпалесся, выцягнута ў субшыротным напрамку, распасціраецца на захад на тэрыторыі Польшчы, дзе выдзяляецца Бельская раўніна (польск.: Równina Bielska), мяжуе з Пружанскай раўнінай на поўначы і Брэсцкай нізінай на паўднёвым усходзе. Дамінуюць другасна-марэнныя ландшафты.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах раён размяшчаецца ў межах Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе крышталічны падмурак знаходзіцца на глыбінях −800 — −1800 м. Апусканне тэрыторыі працягвалася да неагена і спрыяла назапашванню тоўшчы асадкавых парод. У будове платформавага чахла прымаюць удзел пароды позняга пратэразоя, у заходняй частцы ардовіка, сілура, пашырэнне атрымалі адклады юры і мела, палеагена і неагена. Верхняя частка асадкавага чахла прадстаўлена магутнай тоўшчай антрапагенавых утварэнняў, сярод якіх пераважаюць марэнныя супескі і суглінкі, а таксама водна-леавіковыя пяскі дняпроўскага, сожскага, бярэзінскага і нараўскага ледавікоў.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Для карэннага рэльефа характэрна значная рассечанасць лагчынамі, днішчы якіх былі апушчаны да 20-30 м, а ў нізоўях р. Пульвы да -30 м. Ланцугі лагчын утвараюць складаную рашотку, між імі ўзвышаюцца ізаметрычныя ўчасткі з абсалютнымі адзнакамі 100 м і больш.

Асаблівасцю сучаснай паверхні з’яўляецца пашырэнне водна-ледавіковых спадзістахвалістых, часам увалістых раўнін, рассечаных лагчынамі глыбінёй да 7-10 м. Раўніны акружаюць з поўначы і поўдня паласу канцова-марэнных утварэнняў дняпроўскага ўзросту, што працягнулася ад г. Каменца ў цэнтральнай частцы раёна. Тут пераважаюць узгоркі дыяметрам 1-2 км і грады даўжынёй да 5-6 км. Адносныя перавышэнні дасягаюць 10-15, зрэдку 20-25 м. Канцова-мэрэнныя грады дэнудаваныя, рассечаныя далінамі рэк і шырокімі лагчынамі сцёку даўжынёй да 10 км, на схілах якіх захаваліся далінныя зандры. Пераважаюць насыпныя грады і ўзгоркі, у адзінкавых выпадках адзначаны напорныя формы. Сустракаюцца камы і озы. Абсалютныя вышыні ў межах масіваў дасягаюць 190—195 м (198 м каля в. Войская). На вышынях 150—155 м сустракаюцца ўчасткі плоскіх, слабаўвагнутых азёрна-алювіяльных, азёрных паніжэнняў.

Самая нізкая гіпсаметрычная ступень занята рачнымі далінамі, рэкі збольшага ўнаследавалі лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод. Схілы ўмерана крутыя, пры перасячэнні канцова-марэнных град крутыя, зрэзаныя ярамі.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыю дрэніруюць рака Буг (урэз вады 121 м) і яго прытокі. Па раўніне праходзіць водападзел Нарава (рэкі Нараўка і Арлянка) і Буга (рэкі Лясная, Пульва, Нурэц). Даліны рэк выпрацаваныя, шырокія (2-4 км), трапецападобныя. Вышыня схілаў 5-10 м, часам дасягае 15-20 м. Добра выражана двухбаковая нізкая пойма, часта забалочаная, шырынёй да 1 км. Паверхня яе роўная, са шматлікімі старыцамі, густа прарэзана меліярацыйнымі канавамі. Рэчышчы звілістыя, у далінах выдзяляюцца фрагменты тэрасы.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і пясчаныя, часта эрадзіраваныя, месцамі забалочаныя. Большую частку раўніны займаюць сельскагаспадарчыя землі.

Пад лесам каля чвэрці тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя імшыста-бруснічныя, лішайнікава-верасовыя і шыракаліста-хваёвыя арлякова-кіслічныя лясы, захаваліся дубровы з дамешкам граба арлякова-чарнічныя, у паніжэннях — чорнаальховыя асакова-травяныя лясы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Морозов Е. В. Высоковская равнина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра / Редкол. Т. В. Белова и др. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — С. 90. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)
  • Kondracki J. Geografia regionalna Polski. — Warszawa: PWN, 2002. — S. 212—214.  — ISBN 83-01-13897-1 (польск.)