Пышнагорскае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пышнагорскае ўзвышша
Каардынаты: 54°55′ пн. ш. 28°42′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Пышнагорскае ўзвышша
Пышнагорскае ўзвышша

Пышнагорскае ўзвышша — частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша: размешчана на поўначы Беларусі, у паўднёвай частцы Віцебскай вобласці. У цэнтры знаходзіцца Лепельскае возера.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічным плане прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў, паверхня яго знаходзіцца на глыбіні 400—550 м. Даантрапагенавыя пароды прадстаўлены глінамі, даламітамі, алеўрытамі сярэдняга дэвону.

Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю 100—120 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Лепельскае возера.

Паверхня Пышнагорскага ўзвышша дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Вышыня 175—200 м, найбольшая 228 м; над суседнімі нізінамі прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім возерам больш чым на 80 м.

Геамарфалагічна ўяўляе лёдападзельную зону дзісенскай і полацкай ледніковых лопасцяў паазерскага зледзянення, якая характарызуецца значнай глыбінёй расчлянення (больш 30 м/км) і гушчынёй, якая дасягае 0,2—0,3 км/км. Ва ўсходняй частцы ўзвышша шырока развіты камы (усходнія схілы іх больш стромкія, паўночныя і заходнія спадзістыя і нізкія). Характэрны лагчыны сцёку.

Пароды прадстаўлены марэннымі валуннымі суглінкамі і супескамі, флювіягляцыяльнымі і азёрнымі пяскамі. Прыкметную ролю ў рэльефе маюць азёры. Сучасныя рэльефаўтваральныя працэсы прадстаўлены забалочваннем, плоскаснай эрозіяй, тэхнагенным морфагенезам.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы, сустракаюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невялікімі ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]