Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты
Яліта[d]
Яліта[d]
Дата нараджэння 23 красавіка (5 мая) 1831
Месца нараджэння
Дата смерці 28 сакавіка 1886(1886-03-28) (54 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Адукацыя
Веравызнанне каталік
Асноўныя ідэі ліберальна-дэмакратычныя
Род дзейнасці паўстанец, медык, мемуарыст
Бацька Канстанцін Борзабагаты[d]
Маці Юлія з Туганоўскіх[d]
Узнагароды адмаўляўся прымаць любыя медалі і ордэны
Удзельнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (23 красавіка (5 мая) 1831, вёска Рутка, Навагрудскі павет, Літоўска-Гродзенская губерня, Расійская Імперыя, — 28 сакавіка 1886, мястэчка Любяшова, Пінскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя) — медык, кіраўнік Судзеньскага паўстання (1863—1864) у Навагрудскім павеце Мінскай губерні[1], мемуарыст[2].

Карыстаўся крыптанімам K.B.

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Шляхецкі герб «Яліта»

Належаў да старажытнага шляхецкага роду Борзабагатых гербу «Яліта», які вядомы з пачатку XVII ст., а прадстаўнікі яго пачаткова былі праваслаўнымі і валодалі невялікімі маёнткамі ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ — каля Навагрудка і Слуцка: вёскі Студзянец, Крымілавічы, Кулікова, Залюбеча, Залужжа і Быхаўшчына[3].

Уладзіслаў Борзабагаты нарадзіўся 23 красавіка (5 мая) 1831 г. у спадчынным маёнтку Рутка[4] ў Навагрудскім павеце (Гродзенская губерня, Расійская Імперыя) у сярэднезаможнай дваранскай каталіцкай сям'і Канстанціна Францавіча Борзабагатага (1811—1843) і яго жонкі Юлііі Янаўны Туганоўскай (1812—1880)[5]. Юлія Туганоўская была дачкой суседняга маянткоўца. У шлюбе Кастанціна і Юліі нарадзілася яшчэ 6 сыноў: Юзаф Канстанцінавіч Борзабагаты (1832—1865), вайсковы ўрач Баляслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (1833—?), Станіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты (1834—?), паўстанец Антоній Канстанцінавіч Борзабагаты (1836—1900), Францішак Канстанцінавіч Борзабагаты і Ігнат Канстанцінавіч Борзабагаты (1835—?)[6]. Канстанцін Францавіч Борзабагаты служыў на выбарных дваранскіх пасадах — спачатку навагрудскім павятовым межавым суддзёй, а пасля гродзенскім губернскім межавым суддзёй[6].

Дзед Уладзіслава — Франц (Францішак) Андрэевіч Борзабагаты — быў навагрудскім павятовым суддзёй і ў спадчыну ад бабулі (Кацярыны са шляхецкага роду Іздзебскіх) атрымаў маёнткі Студзянец і Крымілавічы (Кржымілавічы)[3]. Прадзед Андрэй Вінцэнтавіч Борзабагаты атрымаў пасаду вознага Новагародскага ваяводства[3].

Спачатку Уладзіслаў Канстанцінавіч Борзабагаты быў хрышчаны ў 1831 г. бацькамі ва ўніяцкай царкве ў вёсцы Сянежыцы Навагрудскага павета і атрымаў імя «Уладзіслаў»[7]. Пазней, у пяцігадовым узросце быў (па жаданні бацькоў) 11 жніўня 1836 г. хрышчаны ў Навагрудку ў каталіцтва і атрымаў імя «Уладзіслаў Марк», з якіх звычайна карыстаўся імем «Уладзіслаў»[7].

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Уладзіслава Канстанцін Францавіч Борзабагаты атрымаў у 1820 г. у спадчыну па тастаменту ад свайго пляменніка Людвіка Борзабагатага маёнтак Рутка з 70 прыгоннымі (34 мужчынскага полу і 36 жаночага), а ў 1829 г. у спадчыну ад свайго бацькі Франца частку маёнтка Студзянец[8].

Уладзіслаў нарадзіўся і вырас у Рутцы ў бацькоўскім новым драўляным палацыку плошчай 36x13,5 аршын[6].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатковую адукацыю і выхаванне атрымаў у бацькоўскім доме пад наглядам сваёй маці, што дазволіла Уладзіславу ў 1842 г. паступіць адразу ў трэці клас вучылішча ў Навагрудку, дзе быў 5-гадовы тэрмін навучання[9].

У 1846 г. Уладзіслаў стаў вучыцца ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, куды юнаку дапамог паступіць на навучанне даўні знаёмы яго маці — дваранін-кальвініст і маянтковец Павел Воўк, які быў мецэнатам і ахвяраваў значныя сродкі на ўтрыманне Слуцкай кальвінсцкай гімназіі. Менавіта па пратэкцыі Паўла Воўка Уладзіслава Борзабагатага прынялі ў гімназію як кальвініста, хоць у сапраўднасці Уладзіслаў ім не быў[10]. У 1848 г. Уладзіславу прышлося пакінуць гімназію за беспадстаўныя абвінавачанні з боку гімназічнай адміністрацыі ў нядобранадзейнасці, што з той пары, паводле ўласных успамінаў, настроіла юнака «супраць усяго рускага»[11].

У 1848 г. Уладзіслаў паступіў у Мінскую гімназію з умовай, што ён будзе жыць у інтэрнаце пад наглядам[12]. За ўдзел у мінскай секцыі тайнай арганізацыі «Братні саюз літоўскай моладзі», у 1849 г. Уладзіслаў быў выключаны з Мінскай гімназіі без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы[1][13]. Пасля следства быў асуджаны на экзекуцыю, і 27 чэрвеня 1849 г. (у дзень сваіх імянін) у Мінску ў двары гімназіі пры прысутнасці іншых гімназістаў атрымаў на лаўцы замест 100 прысуджаных удараў лазовай палкай 101 удар, што дало Уладзіславу падставу называць сябе «кавалерам 101 рускай палкі»[14]. Публічны здзек абвастрыў яго нянавісць да расійскіх улад[14].

Пачаў займацца самаадукацыяй: філасофія, палітычная эканомія (эканамічная тэорыя)[14].

Пасля амністыі ў 1855 г., якую новы расійскі імператар Аляксандр II даў усім выключаным па палітычным матывам навучэнцам, Уладзіслаў паступіў у канцы 1855 г. на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта[15]. У час вучобы далучыўся да канспіратыўнай студэнцкай суполкі «Агул»[16].

Праца гувярнёрам і шлюб[правіць | правіць зыходнік]

Пасля выключэння з Мінскай гімназіі пачаў працаваць у Навагрудку ў навагрудскага павятовага ўрача П.Ф. Гнаінскага гувярнёрам яго дзяцей. У доме Гнаінскага пазнаёміўся з іншай гувярнанткай урача — Фані Штрудзель дэ Бельмон (Fanny Strudel de Belmont), якая нарадзілася ў Лазане (Швейцарыя) і была швейцаркай. 15 жніўня 1854 г. Уладзіслаў ажаніўся з Фані ў Навагрудку[14]. Яго жонка Фані пачала называцца на мясцовы манер як «Францішка». У шлюбе нарадзіліся 8 дзяцей, з якіх выжылі толькі дачка Вераніка (1859—1953) і сын Уладзіслаў (1862 г.нар.).

Працоўная дзейнасць на радзіме да Студзеньскага паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Пасля атрымання 10 чэрвеня 1861 г. дыплома выпускніка Маскоўскага ўніверсітэта працаваў урачом у Навагрудку[1][2][17]. У красавіку 1861 г. Уладзіслаў Борзабагаты быў у ліку тых асоб, якія наладзілі ўрачыстую сустрэчу Уладзіславу Міцкевічу (сыну паэта Адама Міцкевіча), які наведаў Навагрудак[18].

Удзел у Студзеньскім паўстанні (1863—1864)[правіць | правіць зыходнік]

У 1862 г. стаў прадстаўніком Літоўскага правінцыйнага камітэта ў Навагрудскім павеце, а паўстанцкая арганізацыя дзякуючы Борзабагатаму ў канцы 1862 г. налічвала звыш 100 чалавек (у тым ліку брат жонкі — Рудольф Штрудзель)[19].

Падчас Судзеньскага паўстання (1863—1864) у студзені-лютым 1863 г. быў паўстанцкім камісарам Навагрудскага павета (Мінская губерня), аднадумцам Кастуся Каліноўскага і належаў да групоўкі «чырвоных», абараняў інтарэсы сялян, патрабаваў экспрапрыяцыі зямельнай маёмасці памешчыкаў[1]. Пасля перахопу ўлады групоўкай «белых» на пасаду паўстанцкага кіраўніка (камісара) Навагрудскага павета быў прызначаны замест Борзабагатага маянтковец Канстанцін Кашыц (каля 1822—1881), а Борзабагатага паўстанцкі Віленскі камітэт прызначыў на пасаду цывільнага начальніка Навагрудскага павета, каб Борзабагаты як добры хімік рабіў порах для паўстанцаў, аднак Борзабагаты адмовіўся стаць цывільным начальнікам[20]. Кашыц хацеў адцягнуць пачатак паўстання ў Навагрудскім павеце да мая 1863 г., бо лічыў, што павет яшчэ слаба падрыхтаваны для гэтага (мелася толькі 80 паўстанцаў)[20]. У красавіку 1863 г. (паводле планаў і загаду Зігмунта Серакоўскага) навагрудскі паўстанцкі атрад каля 130 чалавек рушыў дзвюма групамі ў месца збору — Налібоцкую пушчу да вёскі Налібакі[21]. Борзабагаты займаўся забеспячэннем зброяй, адзеннем і харчаванне атрада[22]. 7 красавіка 1863 г. адбыўся бой навагрудскага паўстанцкага атрада (каля 150 чалавек) з царскімі войскамі каля Налібакаў: паўстанцы адступілі, страціўшы па розным дадзеным 30-60 чалавек, але хутка да атрада далучыліся і новыя ахвотнікі, а атрад уступаў у дробныя сутычкі з праціўнікам[23]. Непасрэдна Уладзіслаў не прымаў удзел у бітвах, а толькі кіраваў і арганізоўваў, быў лекарам паўстанцаў; ваяваў непасрэдна толькі яго брат Антоній Канстанцінавіч Борзабагаты[22].

У сярэдзіне мая 1863 г. Борзабагаты атрымаў загад ад Кастуся Каліноўскага накіраваць навагрудскі атрад (дзе мелася ўжо каля 140 чалавек) пад Мілавіды ў Слонімскім павеце на злучэнне з іншымі атрадамі паўстанцаў[22]. 22 мая адбылася бітва пад Мілавідамі, якая стала адной з самых буйных бітваў паўстання ў Беларусі. Пасля бітвы рэшткі атрада вярнуліся ў чэрвені 1863 г. у Навагрудскі павет і, пасля невялікіх сутычак, у кастрычніку 1863 г. самараспусціліся[24].

Следства па справе арганізацыі паўстання ў Навагрудскім павеце прызнала ў верасні 1864 г. менавіта лекара Уладзіслава Борзабагатага самым галоўным і дзейсным арганізатарам паўстання ў павеце[24].

Пасля задушэння Студзеньскага паўстання Борзабагаты быў на нелегальным становішчы ў г. Гродна[25]. Завочна прыгавораны 8 снежня 1864 г. расійскай уладай да пакарання смерцю[1][26]. З Гродна пераежае таемна ў г. Каліш (Расійская Імперыя), а пасля праз аўстрыйскую мяжу едзе ў пачатку 1865 г. у Італію[25].

Жыццё ў эміграцыі[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1865 г. з Італіі пераязджае ў Францыю — у г. Марсель, са жніўня 1865 г. жыў у Парыжы, меў медыцынскую практыку[27]. Вясной 1866 г. едзе ў г. Бухарэст (Румынія), а пасля ў г. Мілан (Італія), адкуль піша ў Навагрудак ліст да жонкі прыслаць яму дыплом аб медыцынскай адукацыі[27].

У 1870 г. жонцы з дзецьмі ўдалося прыехаць у Парыж, бо дапамагло тое, што яна была грамадзянкай Швейцарыі[28]. Жыццё ў Парыжы было для сям'і цяжкім, бо, маючы расійскі дыплом, Уладзіслаў Борзабагаты мог лячыць толькі эмігрантаў з ліку грамадзян Расійскай Імперыі. Для атрымання больш шырокай кліентуры вырашыў прайсці перападрыхтоўку і засваенне самых новых метадаў лячэння ў парыжскіх клініках, што ўдалося дзякуючы здольнасцям і настойлівасці[28]. У Парыжы вылячыў графа Уладзіміра Пятровіча Буткова (ад псіхічнага захворвання — маніі вялікасці), які быў высокім расійскім саноўнікам, любімцам расійскага імператара Аляксандра II і беспаспяхова лячыўся датуль у Парыжы ў французскіх лекараў. Пра ход лячэння расійскае пасольства штодзённымі тэлеграмамі паведамляла расійскаму імператару[29]. Пасля выздараўлення ад расійскага цара граф Павел Андрэевіч Шувалаў прыехаў з праверкай у Парыж, выказаў Борзабагатаму падзяку і паабяцаў пратэкцыю Борзабагатаму ў выпадку вяртання ў Расійскую Імперыю[29]. Борзабагаты прасіў у графа Шувалава, які быў набліжанай і даверанай асобай расійскага імператара, каб яму дазволілі вярнуцца менавіта ў Навагрудак і каб дазволілі там выдаваць часопіс. На права выдаваць часопіс граф Шувалаў не згадзіўся. За паспяховае лячэнне жонка Буткова дала 700 рублёў, што Борзабагаты прыняў[29].

У Парыжы зноў сустрэўся з Уладзіславам Міцкевічам, стаў наведвальнікам яго парыжскай кнігарні і цесна пасябраваў з сынам паэта[29]. У Парыжы Уладзіслаў Борзабагаты таксама далучыўся да левага крыла шматлікіх пасляпаўстанцкіх эмігрантаў з зямель Польшчы, Беларусі і Літвы, якое групавалася вакол Аб'яднання польскай дэмакратыі[29]. Расійскае пасольства ў Францыі займалася шпіянажам за эмігрантамі з Расійскай Імперыі, у тым ліку за Борзабагатым[30].

Удзельнічаў у франка-прускай вайне (1870—1871) у складзе французскай арміі ў якасці лекара 4-га лятучага батальёна Луарскай арміі[30]. Сам непасрэдна не ваяваў, але жыццё яго не раз падвяргалася рызыцы, бо на працягу 4 месяцаў аказваў на полі бою медыцынскую дапамогу гвардзейцам, мёрз і галадаў з імі ў акопах[30]. У студзені 1871 г. (пасля заключэння міру) выйшаў у адстаўку — у званні капрала[30]. На ўрачыстыя провады Борзабагатага сабраўся ўвесь батальён. З-за сціпласці адмовіўся перад батальёнам ад прыняцця медалёў і крыжоў. Паколькі Борзабагаты вызначыўся ў час вайны, то мог атрымаць па праву французскае грамадзянства, але гэтую прывілею не выкарыстаў, хоць і працягваў жыць у Францыі, бо заўжды думаў аб вяртанні на радзіму[30].

У часы Парыжскай камуны (1871) уступіў у Нацыянальную гвардыю, у красавіку 1871 г. стаў паплечнікам і урачом пры штабе генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага, які камандаваў войскамі левага фланга[31]. Быў галоўным медыкам Парыжскага шпіталя. У час баёў у Парыжы быў памылкова арыштаваны, бо зайшоў у булачную ў старой шапцы 4-га батальёна, таму яго прынялі за шпіёна і маглі расстраляць, але Урублеўскі хутка заступіўся за Борзабагатага[32].

Пасля падаўлення Парыжскай камуны Борзабагаты быў арыштаваны новай французскай уладай, яго адправілі за краты ў Версаль, дзе ён 7 тыдняў чакаў прысуду і зносіў здзек і допыты. Па прыгавору быў асуджаны на катаржныя работы на галеры, хоць пагражаў яму і расстрэл[33]. Аднак на галерах не быў, бо ўжо ў верасні 1871 г. быў вызвалены і прадоўжыў медыцынскую практыку[33]. У маі 1872 г. пераехаў сам у г. Кракаў, а жонка і дзеці засталіся ў Парыжы[2][33].

У Кракаве Борзабагаты жыў у падвале і зарабляў нелегальнай практыкай урача, за што 24 мая 1873 г. яго прыцягнулі да адказнасці за гэта, але справа была спынена[30]. У кастрычніку 1874 г. у Кракаў прыехала і жонка Фані з дзецьмі. У 1874 г. напісаў зварот да графа Паўла Андрэевіча Шувалава з просьбай вярнуцца ў Расійскую Імперыю, на што атрымаў станоўчы водгук[34].

Вяртанне ў Расійскую Імперыю[правіць | правіць зыходнік]

Паведамленне віленскага генерал-губернатара Пятра Альбядзінскага мінскаму грамадзянскаму губернатру аб вяртанні на радзіму з эміграцыі і ссылцы ў Кастрамскую губерню удзельніка паўстання вольнапрактыкуючага доктара г. Навагрудка Уладзіслава Барзабагатага і аб падачы яго жонкай Францішкай прашэння аб прыняцці яе з дзецьмі Уладзіславам і Веранікай у расійскае падданства (першая старонка). Выдадзена ў г. Вільня (Расійская Імперыя), 2 сакавіка 1876 г.

Заўпэўнены ў дапамозе, былы паўстанец 4 лістапада 1874 г. здаўся на заходняй мяжы Расійскай Імперыі афіцыйным уладам. Борзабагатага пад канвоем даставілі ў Вільню і размясцілі ў басціён №14 цытадэлі на вуліцы Антокалькай[35]. Пачаліся дні чакання; вязню дазволілі напісаць жонцы. Расійскімі ўладамі збіраліся звесткі, у тым ліку аб удзеле Борзабагатага ў Парыжскай камуне. Смерць яму не пагражала, бо дзейнічала пратэкцыя графа Паўла Шувалава, але лёс арыштанта быў неакрэсленым. 26 студзеня 1875 г. Борзабагаты напісаў прашэнне не высылаць яго ў паўночныя раёны Расійскай Імперыі, указваючы, што 6 дзяцей ужо памерлі ад сухотаў і ён непакоіцца аб здароўі двух астатніх (Уладзіслава і Веранікі)[36].

Ваенны суд 1 красавіка 1875 г. асудзіў Борзабагатага на 20 год катаргі на рудніках і пазбаўленне дваранскага звання, але замяніў на пазбаўленне статусу двараніна і пасяленне ў Томскай губерні з забаронай 2 гады адлучацца з губерні і забаронай на 4 гады заязджаць у іншыя губерні Сібіры. Выкананне прысуду зацгвалася. Нарэшце 26 чэрвеня 1875 г. расійскі імператар дазволіў выслаць арыштанта ў адну з губерняў цэнтральнай часткі Расіі — на выбар міністра ўнутраных спраў[37]. У выніку месцам ссылкі на 10 год стала Кастрамская губерня; у чэрвені 1875 г. Борзабагаты ў суправаджэнні двух жандараў адправіўся ў Кастраму, а пасля ў невялікае сяло Архангельск (Кастрамская губерня)[37]. Неўзабаве яму ўдалося дабіцца ад улад заняцца медыцынскай практыкай у якасці земскага ўрача ў г. Варнавіне[38].

У 1876 г. атрымаў дазвол на прыезд у Расійскую Імперыю сваёй жонкі і дзяцей, чаму зноў дапамагла пратэкцыя Шувалава. Па дарозе да мужа жонка і дзеці наведалі матку Уладзіслава ў маёнтку Вясёлы Двор (Слонімскі павет)[38]. За адданую службу і ліквідацыю эпідэміі тыфу атрымаў ад пацыентаў залаты гадзіннік з дарчым надпісам[38].

У 1884 г. скончыліся 10 год яго ссылкі. Борзабагаты адразу вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны, наведаў Навагрудак, аднак улады не дазволілі яму там пасяліцца. У Мінскай губерні была вакантнай пасада сельскага ўрача ў мястэчку Любяшова Пінскага павета, дзе Борзабагаты пасяліўся з сям'ёй, працаваў урачом і памёр 28 сакавіка 1886 г.[39] Пахаваны ў Любяшове (цяпер гэта ўжо Валынская вобласць Украіны), магіла з цягам часу згубілася.

Напісаў успаміны пра Студзеньскае паўстанне[1].

Нашчадкі роду Борзабагатых[правіць | правіць зыходнік]

Пасля эміграцыі сына Уладзіслава, маці Юлія Борзабагатая (з роду Туганоўскіх) вымушана была прадаць маёнтак Рутка і пераехала з сынам Ігнатам Канстанцінавічам Борзабагатым у маёнтак Вясёлы Двор (Слонімскі павет). Ігнат валодаў маёнткам да 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР[40]. У міжваенны час у Заходняй Беларусі жыло шмат сваякоў Уладзіслава Борзабагатага, якія пасля Другой сусветнай вайны аселі ў Польшчы. У 1938 г. у Польшчы быў апублікаваны нарыс Канстанціна Канстанцінавіча Борзабагатага (1906—1936) аб сваім сваяку Уладзіславе Борзабагатым[41].

Дачка Уладзіслава Борзабагатага Вераніка памерла 17 ліпеня 1953 г. у Польшчы, а пры жыцці склала геналагічнае дрэва свайго роду ад XV ст.[41]

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

2 жніўня 1981 г. доктар медыцынскіх навук, прафесар Вітольд Часлававіч Бржэскі (1913—1984), які заснаваў і на працягу 20 год узначальваў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, распачаў перапіску з Навагрудскім камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі аб увекавечанні памяці ў г. Навагрудку ўрача і паўстанца Уладзіслава Борзабагатага. Да перапіскі дабаўляліся копіі дакументаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы і спіс літаратурных крыніц. У выніку пасля шматмесячнай перапіскі 15 верасня 1982 г. Навагрудскі камітэт Камуністычнай партыі Беларусі вырашыў перайменаваць у г. Навагрудку вуліцу Бальнічную ў вуліцу Уладзіслава Канстанцінавіча Борзабагатага[42]. Вуліца носіць яго імя і дагэтуль.

У 1991 г. у вёсцы Рутка 1 з нагоды 160-гадовага юбілея нараджэння Уладзіслава Борзабагатага быў устаноўлены памятны знак — прывезены з ваколіцы камень-валун, да якога прымацавалі мемарыяльную шыльду[43].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е Борзобогатый Владислав Константинович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
  2. а б в Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
  3. а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22.
  4. Зараз гэтая вёска ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі мае назву «Рутка 1».
  5. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 21—23.
  6. а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 24.
  7. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 21.
  8. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22, 23, 24.
  9. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 22, 27.
  10. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 28.
  11. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 29, 30.
  12. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 30.
  13. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 31.
  14. а б в г Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 32.
  15. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 33, 34.
  16. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 35.
  17. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 36.
  18. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 41.
  19. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 40, 43, 44.
  20. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 48.
  21. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 51.
  22. а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 53.
  23. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 52.
  24. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 57.
  25. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 59.
  26. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 58.
  27. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 62.
  28. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 63.
  29. а б в г д Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 64.
  30. а б в г д е Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 65.
  31. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 66.
  32. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 67.
  33. а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 68.
  34. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 70, 71.
  35. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 71.
  36. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 71, 72.
  37. а б Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 72.
  38. а б в Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 73.
  39. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 74.
  40. Ігнатовіч, Ф. І. Уладзіслаў Борзабагаты… С. 75.
  41. а б Ігнатовіч, Ф. І. Уладзіслаў Борзабагаты… С. 76.
  42. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 76—78.
  43. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты... С. 78.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Борзабагаты / Ф.І. Ігнатовіч. — Мінск : Полымя, 1993. — 79 с.
  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг. М., 1965
  • Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987
  • ЭГБ, т. 2
  • АЗБ.