Перайсці да зместу

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў
54°15′24″ пн. ш. 26°00′36″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць францысканцы
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Павел Стэфан Сапега
Будаўніцтва 16181770 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000063шыфр 412Г000063
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў — каталіцкая святыня ў в. Гальшаны (Ашмянскі раён). Уключае мураваныя касцёл і жылы корпус. Помнік дойлідства XVIXVIII стст.

Гісторыя

У 1618 годзе Павел Стэфан Сапега запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак Гальшаны і заснаваў там францысканскі манастыр. Першы будынак касцёла пабудаваны ў пачатку XVI ст., перабудаваны пад кальвінскі збор у сярэдзіне XVI ст. У 1618 г. на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў перабудаваны, узведзены жылы корпус кляштара.

Касцёл у 1896 годзе
Амбон у касцёле, 1897

У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, у 1774 г.) будынак касцёла быў разабраны амаль да муроў і на яго месцы з выкарыстаннем падмуркаў і часткі сцен пабудаваны новы, які захаваўся да нашага часу.

Пасля паўстання 1830 года многія каталіцкія кляштары былі зачынены, францысканскі кляштар у Гальшанах быў зачынены ўказам ад 19 ліпеня 1832 года[1], жылы будынак перададзены ваеннаму ведамству. Касцёл Яна Хрысціцеля стала звычайнай прыхадской.

Пасля 1944 года храм прыйшоў у заняпад, але быў рэканструяваны і працягвае заставацца дзеючым каталіцкім храмам.

Архітэктура

Касцёл

Агульны выгляд інтэр’ера
Алтар і заалтарны абраз

Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохкупальны храм з паўкруглай апсідай і капліцамі па баках. Галоўны фасад і апсідная частка маюць рысы стылю барока — фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты.

Вертыкальнае чляненне галоўнага фасада пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Эмацыянальны акцэнт інтэр'ера касцёла — жывапіс на сцяне трох’яруснага галоўнага алтара, выкананага ў 1790-х гадах. У першым ярусе паміж архітэктурнымі кулісамі размешчаная дзвюхфігурная кампазіцыя «Хрышчэнне». Другі ярус уяўляе сабой надкартушную прастору з выявамі анёлаў. На атыку намаляваная фігура пішучага Яна Евангеліста з яго сімвалам — арлом. У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, у якім два анёлы нясуць у руках герб. Акрамя галоўнага, у касцёле было сем бакавых алтароў.

Надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак, Музей старажытна-беларускай культуры

У адной з бакавых капліц іх знаходзілася надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак — трох’ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу, які цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.

Кляштар

Кляштарны корпус

Жылы корпус кляштара двухпавярховы, прамавугольны ў плане, прымыкае да будынку касцёлу з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыку (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 г.) злучала касцёл з жылым корпусам (рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёлу выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі касцёлу В. С. Маскалёвым). Да паўночнага вугла жылога корпуса прымыкае шасцігранная вежа (у час археалагічных даследванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынку размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня, трапезная, у другім — келлі і бібліятэка. Планіроўка захавалася часткова.

Званіца

Мураваная квадратная ў плане званіца пабудаваная ў 1810-я гады, мела тры званы, завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштара абнесеная мураванай агароджай.

Легенда пра Белую панну

З касцёлам Яна Хрысціцеля звязана легенда пра прывід Белай панны , аналагічная многіх легендам пра Белую панну, якія існуюць у розных краінах Еўропы. Нібыта будаўнікі не паспявалі скончыць храм да прызначанага тэрміна, і ўгневаны Сапега прыстрашыў пакараць смерцю іх у выпадку затрымкі. Будаўнікі вырашылі, што ім перашкаджаюць чорныя сілы і прынеслі ў ахвяру маладую дзяўчыну, замураваўшы яе ў сцяну жыўцом. З тых часоў нібы ў сценах кляштара і царквы перыядычна з'яўляецца яе прывід[2][3].

Зноскі

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  2. www.belarusin.net
  3. Гальшаны і Крэва: ажывелыя тайны старадаўніх руін

Літаратура

Спасылкі