Ігар Аліневіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ігар Аліневіч
Род дзейнасці: інжынер, палітычны вязень
Дата нараджэння: 24 верасня 1983(1983-09-24) (35 гадоў)
Альма-матар:

Ігар Аліневіч (нар. 24 верасня 1983) — палітычны зняволены, анархіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў сярэднюю школу, затым універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Па спецыяльнасці інжынер-электроншчык. Удзельнічаў у працы над расійска-беларускім спадарожнікам. Са школьных гадоў цікавіўся гісторыяй, асабліва анархісцкага руху[1].

Арышт[правіць | правіць зыходнік]

28 лістапада 2010 года Ігар быў затрыманы людзьмі ў цывільным, як потым выявілася, прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў, у Маскве і змешчаны ў СІЗА КДБ у Мінску[2]

27 мая 2011 года суд Заводскога раёна Мінска пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 2 артыкула 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і частак 2 і 3 артыкула 218 КК (пашкоджанне маёмасці небяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры). Разам з І.Аліневічам па адной крымінальнай справе праходзілі М.Дзядок і А.Францкевіч[3].

Першапачаткова І.Аліневіча абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расійскае пасольства ноччу з 30 на 31 жніўня 2010 года, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштабу Узброеных сіл Беларусі 19 верасня 2009 года. Затым абвінавачанне было пашыранае: акрамя эпізоду па Генштабе, Аліневічу інкрымінавалі напады на казіно «Шангры Ла», на офіс банку «Масква-Мінск» 31 мая 2010 года, на расійскае пасольства 30 жніўня 2010 года і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна 6 верасня 2010 года[1].

У судзе ад анархісцкіх поглядаў Аліневіч не адмовіўся, але сваёй віны не прызнаў.

Заявіў, што ўдзельнічаў у антываеннай акцыі каля будынку Генштаба Беларусі, але кожны беларус мае права на свабоду мірных сходаў і шэсцяў. Ён жа спрабаваў выказаць сваё стаўленне да таго, што ў час крызісу, калі насельніцтву Беларусі зменшылі заробкі і адпраўлялі ў вымушаныя адпачынкі, Мінабароны праводзіла маштабныя і дарагія вайсковыя вучэнні[4].

Праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што суд над Ігарам Аліневічам і іншымі ўдзельнікамі справы адбываўся з шэрагам парушэнняў, і таму зняволеных па гэтай справе нельга лічыць законна асуджанымі. Так, затрыманне Ігара Аліневіча ў Маскве і далейшая перавозка яго ў СІЗА КДБ у Мінск адбываліся з парушэннем устаноўленых працэдур, у тым ліку працэдуры экстрадыцыі беларускіх грамадзян з Расійскай Федэрацыі. Пры затрыманні ён быў пазбаўлены магчымасці атрымаць дапамогу з боку адваката і, такім чынам, магчымасці абскардзіць затрыманне. Цягам папярэдняга следства да абвінавачаных ужываліся псіхалагічны ціск і катаванні.

Перад тым, як яго перавялі ў іншы СІЗА — па вул. Валадарскага ў Мінску — Ігару прапаноўвалі працаваць на ўлады хакерам, ад чаго ён катэгарычна адмовіўся. Да суда Аліневіча трымалі ў ізалятары КДБ — «Амерыканка». Пра гэты час Ігар напісаў і здолеў перадаць на волю кнігу-дзённік «Еду ў Магадан» (кніга перакладзена на баснійскую, сербскую, харвацкую і англійскую мову цалкам, нямецкую і беларускую мову — часткова)[5]. Пасля выхаду кнігі стаўленне адміністрацыі калоніі да Ігара Аліневіча зрабілася больш жорсткім.

Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены ў калонію «Віцьба-3»[1].

Вызваленне[правіць | правіць зыходнік]

На волю Аліневіч павінен быў выйсці 29 лістапада 2018 года (тэрмін пакарання пачаўся з моманту заключэння пад варту — 29 лістапада 2010 года).

Быў памілаваны па рашэнні прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі[6] і вызвалены 22 жніўня 2015 года[4]. Разам з ім былі вызваленыя М. Статкевіч, А. Пракапенка, Я. Васьковіч і Ю. Рубцоў.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч артымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра[7].

У 2016 годзе Аліневіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасць»[8]. Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе[9].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Еду в Магадан» — «Радикальная теория и практика», 2013.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мирзоянова Л. Ф. Счастье за решеткой. -- Москва: IRISBOK, 2012. - 67 с. -- С. 57-60. -- ISBN 978-5-452-04781-0