Мікалай Віктаравіч Статкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Старшыня БСДП (НГ)
з 25 лістапада 2007
 
Партыя: БСДП (НГ)
Адукацыя: Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь
Навуковая ступень: кандыдат тэхнічных навук[d]
Прафесія: ваенны інжынер
Дзейнасць: палітык
Веравызнанне: праваслаўе
Нараджэнне: 12 жніўня 1956(1956-08-12) (61 год)
вёска Лядна, Слуцкі раён, Мінская вобласць, БССР
 
Сайт: statkevich.org
 
Узнагароды:
Medal "For Impeccable Service"

Мікалай Вiктаравiч Статкевіч; нар. 12 жніўня 1956, в. Лядна, Слуцкі раён, Мінская вобласць) — лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах у 2010 г, адзін са стваральнікаў грамадскага аб'яднання «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў сям'і настаўнікаў. У 1973 г. паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (МВІЗРВ). Скончыў у 1978 г. па спецыяльнасці «ваенны інжынер па радыёэлектроніцы». Па размеркаванні быў накіраваны ў Мурманскую вобласць, дзе служыў 4 гады. Меў вышэйшую баявую класіфікацыю - «Майстар».

У 1982 г. вярнуўся ў Мінск, паступіў у МВІЗРВ ў ад'юнктуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў кандыдатам тэхнічных навук. Выкладаў у МВІЗРВ. Пасля 1991 г. спрабаваў чытаць лекцыі на беларускай мове. Уцягваў курсантаў у Беларускае аб'яднанне ваенных, чым выклікаў негатыўную рэакцыю камандавання. Паступіў у дактарантуру. Напісаў больш за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эканомікі і сацыяльнай псіхалогіі.

Яшчэ да распаду Савецкага Саюза распрацаваў і апублікаваў канцэпцыю стварэння беларускай арміі, якая была рэалізавана пасля атрымання нашай краінай незалежнасці.

У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з КПСС

20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путча ў Маскве.

Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.

Мікалай Статкевіч на адзначэнні 80-ых угодкаў БНР, 25 сакавіка 1998 года ў Мінску. Фота Уладзіміра Сапагова

Беларускае аб'яднанне вайскоўцаў

У 1991 г. абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое ставіла мэту - «стварэнне беларускай арміі, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства».

Адной з першых акцый БЗВ стала прыняцце грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года, у гадавіну Аршанскай бітвы, Дзень беларускай вайсковай славы.

У 1993 годзе выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), па ўмовах якой Беларусь павінна была адпраўляць сваіх салдат на чужыя войны. За гэта звольнены з войска за месяц да плануемай абароны доктарскай дысертацыі. Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку М. Статкевіча беларускі парламент падпісаў дадзеную дамову з умовай не адпраўляць нашых салдат у «гарачыя кропкі».

16 лютага 1994 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь забараніў дзейнасць БЗВ за ўдзел яго членаў у ахове забастоўкі рабочых у Мінску ад дзеянняў міліцыі.

16 лютага 1994 года быў створаны аргкамітэт патрыятычнага руху БЗВ. 10 сакавіка 1995 года БЗВ быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі як «непалітычны грамадска-патрыятычны рух». Асноўныя мэты: «абарона незалежнасці, дэмакратыі; патрыятычнае выхаванне ў грамадстве і арміі; недапушчэнне выкарыстання арміі супраць народа; садзейнічанне стварэнню беларускага войска».

Пастаянны ціск улады на БЗВ прывёў Статкевіча да прыняцця рашэння ісці ў палітыку. У выніку ў 1995 г. Статкевіч сышоў з пасады старшыні БЗВ, а сама арганізацыя канчаткова спыніла сваё існаванне праз пяць гадоў, не здолеўшы прайсці перарэгістрацыю.[2]

Палітычная дзейнасць

З 1995 г. — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада.

З 1999 г. — старшыня Усходнееўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму.

У 2000 г. балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў.

З 2003 года — лідэр «Еўрапейскай кааліцыі».

У 2009 годзе кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі» вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

Храналогія пераследу[правіць | правіць зыходнік]

У 2005 г. асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 г. у Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2006 г. міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.[3]

19 снежня 2010 г. браў удзел у акцыі на плошчы Незалежнасці. Пасля жорсткага разгону мітынгу пры ад’ездзе на таксоўцы заблакаваны спецназам і затрыманы.

З 19 снежня 2010 г. па 12 студзеня 2011 г. трымаў галадоўку пратэсту ў СІЗА КДБ.

26 мая 2011 г. у Ленінскім судзе г. Мінска судзя Людміла Грачова агучыла ягоны прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма (пракурор — Кірыл Чубкавец).

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення.[4]

Спачатку адбываў тэрмін пакарання ў калоніі г. Шклова, дзе атрымаў траўму рукі, працуючы на лесапілцы, напачатку верасня 2011 г.. Адміністрацыя калоніі замоўчвала гэты факт і адмаўляла сваякам у спатканнях. Міколе Статкевічу тады было адмоўлена ў тэлефанаваннях дадому, таксама аказваўся іншы маральны ціск.

13 снежня 2011 г. стала вядома, што Мікола Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары ў шклоўскай ПК № 17. Падставай змяшчэння вязня ў ШІЗА на 5 сутак стала публікацыя ў СМІ ягоных лістоў, неадцэнзураваных адміністрацыяй калоніі.

12 студзеня 2012 года на закрытым паседжанні Шклоўскі раённы суд асудзіў Статкевіча да больш строгага рэжыму ўтрымання — 3 гады зняволення ў крытай турме (судзя — Віталь Волкаў). Прычынай было названае «злоснае парушэнне рэжыму». Ужо праз 4 дні стала вядома аб знаходжанні палітыка ў турме № 4 г. Магілёва, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрымання. 17 студзеня 2012 г. Статкевіч пакараны 10 суткамі карцэра (за што — дагэтуль дакладна не вядома). Знаходзіўся ў камэры-адзіночцы магілёўскай турмы. У канцы чэрвеня 2012 г. зноў быў пераведзены ў штрафны ізалятар.

12 студзеня 2015 года этапаваны ў шклоўскую папраўчую калонію №17.

4 мая 2015 г. суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў «крытую» турму №4 г. Магілёва.

22 жніўня 2015 года Статкевіч быў датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі згодна з прынятым Аляксандрам Лукашэнкам рашэннем аб памілаванні шасці палітвязняў (на волю таксама выйшлі Мікалай Дзядок, Юрый Рубцоў, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч ).[5]

Быў адным з арганізатараў мітынгу 10 кастрычніка 2015 года перад прэзідэнцкімі выбарамі.[6]

Таксама арганізаваў акцыю пратэсту 12 верасня 2016 года пасля парламенцкіх выбараў.[7]

Падтрымліваў пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў 2016 года.[8]

Адзін з арганізатараў акцый пратэсту ў Беларусі, 2017 года.

Затрыманы 23 сакавіка, напярэдадні акцыі пратэсту на Дзень Волі, 25 сакавіка. Утрымліваўся ў адзіночнай камеры СІЗА КДБ. У СІЗА КДБ следчы, капітан Васілеўскі, паведаміў Статкевічу, што той з'яўляецца падазраваным па крымінальнай справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў разам з групай неўстаноўленых асоб». У пратаколе аб яго затрыманні значылася, што апазіцыянер рыхтаваў масавыя беспарадкі з 2011 года, нягледзячы на тое, што з канца 2010 года да сярэдзіны 2015 года ён знаходзіўся ў зняволенні. Раніцай, 27 сакавіка, Статкевіча завезлі ў пасёлак Сокал, недалёка ад Мінска, і адпусцілі, аддаўшы ўсе асабістыя рэчы, але не пакінуўшы ніякіх дакументаў, звязаных з яго абвінавачваннем.[9]

Затрыманы і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту 29 красавіка 2017 г., напярэдадні акцыі 1 мая.[10]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

16 студзеня 2012 г. Статкевічу прысуджана Міжнародная прэмія імя Вілі Бранта «За асаблівую палітычную мужнасць».[11]

24 лютага 2012 г. узнагароджаны прэміяй імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам» «за мужнасць, за гонар, за самаахвярнасць».[12]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Palitviazni.info — 2013. — С. 251-252
  • Тамковіч А. Супраць плыні. — 2011. — С. 41—52
  • Адзін дзень палітвязня 2009—2011. — 2011. — С. 200—211 - ISBN 978-0-929849-42-3 

Зноскі

  1. https://amnesty.org.ru/node/1677/ Беларусь призывают освободить узников совести, задержанных в связи с протестами после выборов
  2. http://nn.by/?c=ar&i=131147&lang=ru Новейшая история Беларуси: как создавали «Белый легион»
  3. https://amnesty.org.ru/node/885/ Беларусь: наказаны воспользовавшиеся своим правом на свободу слова
  4. https://amnesty.org.ru/node/1677/ Беларусь призывают освободить узников совести, задержанных в связи с протестами после выборов
  5. http://nn.by/?c=ar&i=155057 Вызвалены ўсе асуджаныя палітвязні, у тым ліку Статкевіч, Васьковіч і Рубцоў
  6. http://korrespondent.net/world/3574749-v-mynske-proshly-massovye-aktsyy-protyv-lukashenko В Минске прошли массовые акции против Лукашенко
  7. https://news.tut.by/politics/511819.html Оппозиция в Минске потребовала от властей новые выборы
  8. http://naviny.by/rubrics/economic/2016/03/14/ic_articles_113_191185 Предприниматели провели в Минске новую акцию протеста
  9. http://naviny.by/article/20170327/1490601969-statkevich-menya-zaderzhali-chtoby-diskreditirovat-v-glazah-storonnikov
  10. http://belsat.eu/news/mikolu-statkevicha-zatrymali-i-asudzili-na-5-sodnyau-aryshtu/ Міколу Статкевіча затрымалі і асудзілі на 5 содняў
  11. http://www.nv-online.info/by/339/politics/55526/ Николай Статкевич награжден премией Вилли Брандта
  12. https://charter97.org/ru/news/2012/2/24/48491/ Николай Статкевич награжден премией «С открытым забралом»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wikiquote-logo.svg
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Мікалай Статкевіч