Іеранім Іосіфавіч Філіповіч
Іеранім Філіповіч | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Іеранім Іосіфавіч Філіповіч |
Род дзейнасці | гідратэхнік, музейнік, архівіст |
Дата нараджэння | 10 жніўня 1912 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 сакавіка 1998 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Восіп Філіповіч |
Жонка | Таццяна Іванаўна |
Дзеці | 2 сыны, дачка |
Месца працы |
Іерані́м Іосіфавіч Філіпо́віч (10 жніўня 1912, Магілёў — 1998) — беларускі гісторык і краязнавец. Знайшоў арыгінал Магілёўскай хронікі Трафіма Сурты і Трубніцкіх у Салтыкоўскай бібліятэцы. Дзякуючы 8-месячнаму перапісванню летапісу склаў план магілёўскага замка, аднавіў у чарцяжах будынкі, ратушу, плошчы і вуліцы горада.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў доме па вул. Грамадзянскай (узбярэжжа Дняпра) у Магілёве ў шляхецкай беларуска-польскай сям’і. У 1935 годзе скончыў курсы інжынераў-гідратэхнікаў, працаваў па спецыяльнасці, супрацоўнікам музея і Магілёўскага гістарычнага архіва. У гэты ж час пачаў цікавіцца гісторыяй роднага горада. У 1930 годзе ў букіністычнай краме набыў кнігі магілёўскага губернатара Аляксандра Дамбавецкага «Спроба апісання Магілёўскай губерні…».
Ранкам 13 ліпеня 1941 года[1] ў якасці супрацоўніка Магілёўскага дзяржаўнага музея быў сведкам вывазу крыжа Ефрасінні Полацкай супрацоўнікамі Наркамата дзяржбяспекі СССР з памяшкання музея ў Маскву, аб чым паведаміў Зянону Пазняку ў 1964 годзе[2].
Вывучаў гісторыю Магілёва ў архівах і бібліятэках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Рыгі, Мінска. У 1960-х гадах у бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе І. І. Філіповіч знайшоў арыгінал летапісу «Магілёўская хроніка» Сурты-Трубніцкіх 1747 года.
Па яго хадайніцтву на Першамайскай вуліцы Магілёва застаўся будынак былога езуіцкага калегіума, дзе цяпер размяшчаецца філіял этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея.
Памёр Іеранім Іосіфавіч Філіповіч у 1998 годзе.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Дзякуючы летапісу «Магілёўская хроніка» краязнавец склаў план магілёўскага замка, аднавіў у чарцяжах унікальныя будынкі, ратушу, плошчы, вуліцы. На працягу шэрагу гадоў І. І. Філіповіч займаўся вывучэннем «Магілёўскай хронікі». Вынікам даследавання з’явіліся шматлікія публікацыі ў перыядычным друку. Застаўся нявыданым рукапіс Іераніма Іосіфавіча пра падзеі 1709—1749 гадоў у Магілёве.
Друкавацца пачаў у 1964 годзе. У газеце «Маяк Прыдняпроўя» з’явіўся яго першы артыкул «Ці ведаеце вы, што…» (пра мінулае Быхаўшчыны). У 1966 годзе, сумесна з Д. Хонькіным, пабачыла свет публікацыя пра гісторыю роднага Магілёва «Калі ўзнік Магілёў?». Следам, у газетах «Магілёўская праўда» і «Веснік Магілёва», з’явіліся артыкулы І. І. Філіповіча, прысвечаныя заснаванню горада, яго гісторыка-архітэктурным помнікам, вядомым асобам, летапісу «Магілёўская хроніка» і інш.
Іеранім Іосіфавіч — аўтар шматлікіх артыкулаў у Беларускай Савецкай энцыклапедыі: «Магілёўская ратуша», «Магілёўская хроніка», «Магілёўскі Богаяўленскі сабор», «Магілёўскі езуіцкі касцёл і манастыр», «Магілёўскі Станіславаўскі касцёл», «Мітковіч Стахор». І. І. Філіповіч з’яўляецца аўтарам кніг «Міфы і праўда аб Магілёве», «Могилёв: хроника событий 1917—1918 гг. по архивным и печатным материалам».
Асабісты фонд з матэрыяламі па гісторыі Магілёва захоўваецца ў абласным архіве, асобны фонд — у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа ў Мінску. Разам захавалася 117 агульных сшыткаў, 2390 фотанегатываў і 10 тысяч адзінак даведачнага матэрыялу[3]. Рукапісныя матэрыялы І. І. Філіповіча захоўваюцца таксама ў абласным краязнаўчым музеі Магілёва, Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці.
Зноскі
- ↑ «Інтэрфакс». Сяргей Багдановіч: «Жыватворны Крыж Ефрасінні Полацкай трэба шукаць у Расіі» // Звязда : газета. — 7 сакавіка 1997. — № 47 (23148). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Зянон Пазняк. ВКЛ — гэта цывілізацыя . Belarus World (31 студзеня 2016). Праверана 8 лютага 2016.
- ↑ Тамара Калініна. Іеранім Філіповіч — даследчык Магілёўшчыны(недаступная спасылка). Культура. Магілёўскія ведамасці (22 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2015. Праверана 2 студзеня 2013.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 40