Магілёўская ратуша
| Славутасць | |
| Магілёўская ратуша | |
|---|---|
| | |
| 53°53′40″ пн. ш. 30°19′55″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Горад | Магілёў |
| Архітэктурны стыль | класіцызм |
| Дата заснавання | 1578 |
| Будаўніцтва | 2007—2009 гады |
Магілёўская ратуша — помнік архітэктуры ў цэнтральнай частцы Магілёва, сімвал горада. Існавала ў XVII—XX стст. У 2008 завяршылася ўзвядзенне новага будынка на месцы знішчанага савецкімі ўладамі помніка архітэктуры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.
4 верасня 1679 г. гараджане пад кіраўніцтвам майстра Феські прыступілі да будаўніцтва прастакутнай у плане (28х10,5 м) мураванай ратушы на Гандлёвай плошчы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года. У 1682—1686 гг. майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзеная вежа на вышыню каля 26 м, абвалілася[1]. У чэрвені 1692 г. пасля разборкі муроў першай вежы майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзеная новая 8-гранная 5-ярусная вежа вышынёй да 38 м[1] (са шпілем — 46 метраў). Разам са званіцай Богаяўленскага сабора вежа ратушы з’яўлялася асноўнай вертыкальнай дамінантай горада[1].
Як сведчаць гістарычныя і археалагічныя матэрыялы, у ратушы знаходзіліся: на першым паверсе сені, вялікая «ізба» (адбываліся суды пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя і «ратушная святліца», дзе захоўваліся бягучыя справы магістрата; на другім паверсе сені, судовая «ізба» (магістрацкія суды), вялікая зала (пасяджэнні магістрату) і дапаможныя памяшканні; у цокальным паўпадвальным паверсе скарбніца, склады і астрог. Памяшканні ацяпляліся кафлянымі печамі, аздобленымі тэракотавай і зялёнай паліванай кафляй. Верагодна, што першы паверх быў перакрыты скляпеннямі. На другі паверх вялі лесвіцы, аздобленыя разьбянымі драўлянымі балясамі. Вокны з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Падлога зробленая са спецыяльнай цэглы, сцены пабеленыя. Звонку ратуша была атынкаваная, былі два ганкі — нізкі і высокі парадны (з боку галоўнага і дваровага фасадаў). Вежа пяціярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік (паводле архіўнага здымку пачатку XX ст., быў на вежы ў 2-й палове XVII ст.). Стромкі дах ратушы накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі[1].
Падчас Паўночнай вайны ў верасні 1708 года ратуша згарэла, але была хутка адноўленая. А ў 1733 годзе ратуша капітальна перабудаваная, дах накрыты бляхай. Архітэктура яе фасадаў стала адпавядаць узведзеным побач на плошчы ў стылі класіцызму дамам губернатара і віцэ-губернатара: шырокі гарызантальны пояс, які падзяляў паверхі будынкаў, рустоўка ніжняга паверха, ліштвы акон другога паверха[1]. Будынак быў самым высокім у горадзе. У 1780 годзе з яе назіральнай пляцоўкі Магілёвам любаваліся імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф II.
Знішчэнне
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 г на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, 11 верасня 1953 года — рашэнне Выканкама Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў № 725, паводле якога будынак ратушы аб’яўлялася помнікам архітэктуры, а працы па яе рэстаўрацыі павінны былі быць завершаны да 10 снежня 1953 г.. Аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была пачатая. А ў ліпені 1957 года яна была падарваная.
Аднаўленне
[правіць | правіць зыходнік]Неаднаразова ішлі размовы аб аднаўленні гарадской ратушы. На месцы, дзе стаяла ратуша, праведзеныя археалагічныя раскопкі. У 1979 г. А. Трусавым выяўленыя падмуркі (глыбіня 30—70 см) і рэшткі сцен (шырыня 105—115 см), зробленыя з тонкай (5—5,6 см) цэглы-пальчаткі ў тэхніцы муроўкі (рад лажкоў, рад тычкоў). Падмуркі складзены з вялікіх камянёў, прамежкі закладзены цэглай на вапнавым растворы. Каля галоўнага фасада выяўленыя рэшткі цаглянага ганка. Знойдзеныя таксама кафлі з раслінным і геаметрычным арнаментам, паліваныя куфлі з выявай старажытнага герба Магілёва і вялікая колькасць вырабаў са шкла XVI—XX стст. У 1984 г. І. Чарняўскім раскапаныя рэшткі параднага ганку ратушы[1].
Праведзены ў пачатку 1980-х гг. грунтоўныя археалагічныя і архіўныя даследванні былі пакладзены ў аснову будаўнічанага праекта, распрацаванага Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытутам у 1980-1990-х гадах (архітэктар Я. Ханінай[2]). Тады ж была вызначана і будучая музейная функцыя ратушы[3]. 23 мая 1992 г. адбылася сімвалічная закладка 1-га каменя на старым месцы будучай ратушы і яго асвячэнне на ўрачыстым набажэнстве. Быў нават выкладзены фундамент, але праз недахоп грошай працы прыпыніліся[3].
У 2004 годзе да ЦРГКЛіТ звярнуўся Магілёўскі гарвыканкам з просьбай выканаць эскізны праект па ўзнаўленні ратушы. Выкананы праект быў узгоднены з Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і з Магілёўскім архітэктурным упраўленнем. У сярэдзіне 2006 года быў выкананы архітэктурны праект па ратушы (навуковы кіраўнік праекта Аляксандр Кропатаў, галоўны архітэктар А. Кандратаў, архітэктары В. Пракопчык і Т. Панамарова[2]), аднак у чэрвені 2007 года яго давялося сур’ёзна карэкціраваць, бо ў выніку праведзеных археалагічных вышукаў быў выяўлены вялікі слой насыпных грунтоў, так што фундамент ратушы давялося паглыбіць да 7 метраў[3]. Першапачаткова меліся чарцяжы планаў папярэдняга праекта, фатаграфіі праекта 1834 года, фатаграфіі абмераў планаў 1919 года, абмер плана 1945 года, і дакладныя фрагментарныя абмеры мура цокаля 1979 года. Матэрыялы абмераў параўноўваліся, каб знайсці супадзенні ў памерах, але адрозніванні былі досыць вялікімі. З дапамогай камп’ютарнай апрацоўкі старых фотаздымкаў былі ўдакладнены памеры і прапорцыі фасадаў і архітэктурнага дэкора[2].
У 2008 годзе ў дзень горада адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.
Гадзіннік
[правіць | правіць зыходнік]
На самым версе 47-метровай вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам Генадзем Галоўчыкам. На гадзінніку размешчаны дыск з абрысамі граніц Беларусі, на які нанесы важныя, паводле меркавання майстра, падзеі з гісторыі Магілёва: выпуск першага хімвалакна на прадпрыемстве «Лаўсан»; інфармацыю пра тое, што ў чэрвені ў XVII стагоддзі ў Магілёве быў снег, які праляжаў два дні, і гэтак далей[4]. Стрэлка на адным з цыферблатаў праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў[5], надпіс сведчыць, што жыццё чалавека скончыцца раней, чым гэтая стрэлка зробіць чвэрць абароту[6]. Маецца таблічка ў гонар маці майстра[6]. Таксама майстар схаваў у механізме гадзінніка «дыск ганьбы» з негатыўнымі падзеямі з жыцця Магілёва і прозвішчамі тых, хто шкодзіць гораду. Надпісы на «дыск ганьбы» можа нанесці толькі гадзіншчык, калі ведае, дзе ён. Прачытаць іх можна будзе толькі ў 2066 годзе — пласцінка выпадзе з механізму за год да 800-годдзя Магілёва, «каб не азмрочваць святкаванне»[4].
28 чэрвеня 2014 года на вежы ратушы з’явілася механічная фігура гарадскога трубача. Аўтарам ідэі і выканаўцам механічнай часткі гэтай механічнай скульптуры стаў Галоўчык, а аўтарам мастацкай часткі (твар і рукі) стаў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. 1 кастрычніка, у Міжнародны дзень музыкі, гарадская ратуша правяла Дзень гарніста, на якім прайшло адкрытае галасаванне па выбару імя для механічнага трубача. Варыянты, прынятыя на галасаванне, на працягу некалькіх месяцаў паступалі на адрас музея. У выніку галасавання большасцю было выбрана імя Магіслаў («той, хто славіць Магілёў»), прапанаванае скульптарам Андрэем Вараб’ёвым[5].
Магіслаў кожны дзень выконвае гарадскую фанфару з балкона ратушы, тройчы за суткі — а 12-й гадзіне дня, а 8-й гадзіне ўвечары (сімволіка гэтага выхаду звязаная з сімволікай васьмёркі як знаку бясконцасці), і трэці раз — у тую хвіліну, калі над Магілёвам садзіцца сонца. Музыка, якую выконвае Магіслаў, была запісана па выніках адмысловага конкурса на гарадскую фанфару, выканаўца — Дзмітрый Касцюшка[5].
Пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавага гвалту супраць нязгодных з гэтым Магіслаў замоўк па рашэнні музейшчыкаў[4]. Пасля звальнення дырэктара музея Аляксея Бацюкова на знак салідарнасці з ім падаў заяву на звальненне і гадзіннікавы майстар Генадзь Галоўчык. Пасля яго сыходу ў сярэдзіне лютага гадзіннік спыніўся[4].
| Ратуша заўжды была сімвалам свабоды, працаваць без свабоды тут цяжка[6]. |
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Ратуша — мураваны двухпавярховы будынак з васьміграннай пяціяруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасада. Вышыня ратушы складае 14 метраў, вежы — 47 метраў 30 сантыметраў. Фасады ратушы адноўлены на сярэдзіну XVIII стагоддзя. Пры рашэнні дваровага фасада выкарыстоўваліся аналагі і ўскосныя ўказанні ў гістарычнай запісцы на існаванне франтона. Агульная плошча памяшканняў складае 844,2 м²[2].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Сучасныя здымкі
-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
Фрагмент
-
З боку палаца губернатара
Зноскі
- ↑ а б в г д е А. А. Трусаў. Магілёўская ратуша // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б в г Грамадзянская супольнасць і дзяржава. Станаўленне беларускага самакіравання Архівавана 21 снежня 2019. / І. А. Пушкін, А. Р. Агееў. — Магілёў : МДУХ, 2017. — 182 с. ISBN 978-985-6985-90-7.
- ↑ а б в Навошта ратушы «бабровы хвост»? № 31 (849) 02.08.2008(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2023. Праверана 28 лютага 2021.
- ↑ а б в г Могилев лишился двух уникальных имиджевых объектов — башенных часов и горниста (и все из-за политики). Что дальше? Архівавана 27 лютага 2021.
- ↑ а б в Пра гадзіннік(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2021. Праверана 27 лютага 2021.
- ↑ а б в У Магілёве праз палітыку звольніўся геніяльны гадзіннікавы майстар
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Трусаў Алег. Магілеўская ратуша // Спадчына. 1998. №5. С. 68-80. // на pawet.net
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Магілёўская ратуша- Могилевская Ратуша. Могилевский городской исполнительный комитет Архівавана 5 студзеня 2011. (руск.)
