Іраку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іраку
(Iraqw)
Агульная колькасць 956000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Танзанія
Мова іраку
Рэлігія політэізм, культ продкаў, іслам, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя кушыты

Іраку (саманазва Iraqw) — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна на поўначы краіны паміж Арушай і Маньярай. Агульная колькасць (2023 г.) — 956 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Іраку — найбольш паўднёвы народ кушыцкай групы. Сучасны арэал яго рассялення ўсталяваўся толькі ў канцы XIX ст., аднак прысутнасць іраку на поўначы сучаснай Танзаніі фіксавалася значна раней. Генетычныя даследаванні пачатку XXI ст. выявілі роўную блізкасць гэтага народа да насельніцтва Афрыканскага Рога і суседніх нілоцкіх народаў.

Частка даследчыкаў звязвае іраку са старажытнымі кушытамі, якія перасяліліся ва Усходнюю Афрыку з даліны Ніла яшчэ ў неаліце і стварылі на поўначы сучаснай Кеніі земляробчую культуру, зніклую ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. з-за міграцыі банту. Продкаў іраку таксама звязваюць з існаваннем сярэднявечнай культуры Энгарука.

У нашы дні сярод хрысціян-іраку распаўсюджаны міф пра паходжанне з Ірака, што тлумачыцца блізкасцю назваў народа і блізкаўсходняй краіны.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Іраку ў роўнай ступені займаюцца земляробствам і жывёлагадоўляй. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: кукуруза, пшаніца, проса, батат, бульба, гарбузы, цыбуля, бабовыя. Паколькі надзелы адносна невялікія, сяляне часцяком сумяшчаюць на адной мяжы камерцыйныя і харчовыя расліны. Трымаюць кароў, коз, авечак, курэй, свінняў. Сем'і, якія спецыялізуюцца на адгоннай жывёлагадоўлі, звычайна маюць асабістыя пашы, дзе пасвяць як свою, так і суседскую жывёлу, наўзамен атрымоўваюць частку малака і цялят.

Традыцыйныя рамёствы: металургія, пляценне цыновак і ганчарства. Першае рамяство лічыцца выключна мужчынскім, астатнія — жаночымі. У нашы дні важную ролю ў забеспячэнні адыгрываюць выраб сувеніраў, дробных гаспадарчых рэчаў, гандаль.

Сядзіба

У мінулым вёскі іраку мелі розныя памеры, у іх жыло ад 40 да 400 чалавек. Аднак з 1974 г. адбывалася ўзбуйненне, у выніку якога вылучыліся паселішчы па некалькі тысяч жыхароў. Характэрна раскіданая планіроўка, што адпавядае асаблівасцям пагорыстай мясцовасці.

Зрэдку ў адносна засушлівых землях захоўваюцца старыя зямлянкі, вырытыя ў схілах пагоркаў. У мінулых яны выкарыстоўваліся як умацаванае жытло, абароненае ад нападаў масаяў. У нашы дні іх часцей выкарыстоўваюць для гаспадарчых патрэб або трымання дробнай жывёлы. Другі стары тып будынкаў — круглявыя хаціны без вокнаў з вузкім выхадам на захад. Іх сцены сплецены з галля і пакрыты глінай, дахі крыюць саломай. Часцяком такія будынкі аднапакаёвыя з землянымі нарамі для начлегу. Але заможныя сем'і аддаюць перавагу асобным пакоям для жаночай і мужчынскай працы, асобнаму памяшканню для жывёлы. Таксама сустракаюцца падземныя памяшканні, што першапачаткова з'яўляліся ваеннымі хованкамі, а ў нашы дні ў іх захоўваюць гаспадарчыя рэчы і харч. Гэтыя старыя тыпы будынкаў паступова выціскаюцца новымі шматпакаёвымі прастакутнымі дамамі, крытымі дахоўкай.

Іраку падзяляюцца на 200 экзагамных родаў, кожны з якіх мае назву, вытворную ад імя мужчыны-заснавальніка. Прадстаўнікі родаў раззасяроджаныя, а таму болей важнай сацыяльнай арганізацыяй з'яўляецца малая нуклеарная сям'я. Хаця палігінія не забаронена, у большасці выпадкаў сем'і складаюцца з мужа, жонкі і дзяцей. Пошукам нявесты і арганізацыяй шлюбу звычайна займаюцца бацькі жаніха. Напярэдадні вяселля нявеста атрымоўвае ў падарунак карову, а яе бацькі — мёд, дробную жывёлу, хатнія прылады. У выпадку развода яны вяртаюцца ў сям'ю жаніха. Адлік сваяцтва вядзецца толькі па мужчынскай лініі, прычым дзеці, народжаныя жанчынай пасля смерці яе мужа, усё роўна лічацца яго нашчадкамі.

У мінулым сваяцкія абшчыны фарміраваліся ў выніку перасяленняў, калі першы перасяленец разглядаўся як ахоўнік навакольных зямель і атрымоўваў высокі грамадскі статус, што даваў яму магчымасць кіраваць абшчынай. Але ў каланіяльны перыяд узнікла арганізацыя, залежная ад прызначанага старасты. Старасты пэўнай адміністрацыйнай акругі фарміруюць раду, на чале якой стаіць акруговы стараста. Старасты фармальна адказныя за землі абшчыны, але ў рэчаіснасці зямля належыць канкрэтным сем'ям. Некаторае выключэнне маюць толькі абшчынныя пашы.

Хлопчыкі ад 3 да 10 гадоў праходзяць рытуал абразання і ўступаюць у вясковую мужчынскую арганізацыю масомба. Яе чальцы абавязаны ўдзельнічаць у абароне абшчыны і аказваць узаемную дапамогу. Масомба дапамагае ствараць шчыльныя сяброўскія сувязі, якія часцяком аказваюцца болей моцнымі, чым сваяцкія. Ва ўзросце каля 40 гадоў мужчыны падвышаюцца ў статусе і разглядаюцца ўжо як старэйшыны. У мінулым была шырока распаўсюджана практыка абразання жаночагга клітару, але асобныя жаночыя арганізацыі не ствараліся.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова іраку адносіцца да паўднёвай галіны кушыцкай моўнай сям'і. У канцы XX ст. нарвежскія місіянеры стварылі для яе пісьмовасць на аснове лацінкі і пераклалі на яе Біблію.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных вернікаў спавядаюць хрысціянства або іслам. Тым не меней, іраку захавалі многія рысы сваёй традыцыйнай рэлігіі. Яна абапіраецца на веру ў 2 галоўныя боскія істоты — Лоа і Нетлангу. Лоа ўяўляецца як жаночае бажаство, што стварыла сусвет, увасабляецца ў сілах прыроды, дае ўраджай і здароўе. Нетлангу — мужчынскае бажаство, падобнае на чалавека, звязана з паўсядзённымі праблемамі грамадства. Шанаванне Лоа і Нетлангу ўключае ахвярапрынашэнні з просьбамі аб дапамозе. Іраку вераць, што пасля смерці нябожчыкі трапляюць у замагільны свет, падобны на зямны, але здольныя ўплываць на жыццё жывых людзей, ператварацца ў гіен і помсціць за крыўды.

Чарадзейства разглядаецца толькі як адмоўная справа. Выключэнне складаюць прадстаўнікі роду Манда́, якія займаюцца выкліканнем дажджу, кансультуюць падчас арганізацыі рытуалаў, лякуюць хворых.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]