Акругі БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Акругі БССР у 1924—1927 гадах
Скарачэнне колькасці акруг. Чэрвень-верасень 1927

Акруга — адміністрацыйна-тэратарыяльная адзінка першага парадку, якая існавала ў Беларусі ў 1924—1930 гадах і 1935—1938 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

20 чэрвеня 1924 года Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР прыняў пастанову аб адміністрацыйна-гаспадарчым падзеле. Дакумент прадугледжваў ліквідацыю губерняў і паветаў, стварэнне замест іх новых тэрытарыяльных структур — акруг, раёнаў і сельсаветаў. У 1924 годзе ў БССР было ўтворана 10 акруг: Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая. У склад акруг, у сваю чаргу, увайшлі раёны. Кожны з іх меў плошчу прыкладна 1 тысяч км² з насельніцтвам 25-50 тысяч чалавек. На тэрыторыі сельсаветаў, на якія былі падзелены раёны, пражывала ад 2 да 4 тысяч чалавек[1].

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў савецкая ўлада працягвала пошук найбольш аптымальнага ў эканамічным плане варыянта адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання БССР. З мэтай спрашчэння сістэмы кіравання, прамога падпарадкавання цэнтру мясцовых органаў улады было вырашана правесці рэарганізацыю некаторых тэрытарыяльных адзінак. 26 ліпеня 1930 года ЦВК і СНК БССР быў падпісаны рэспубліканскі акт «Аб ліквідацыі акруг».

Пагранічныя акругі[правіць | правіць зыходнік]

Памежныя акругі БССР. 1935

21 чэрвеня 1935 года акруговая сістэма была часткова адноўлена. На тэрыторыі БССР былі створаны чатыры пагранічныя акругі — Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая. Гэта было звязана з неабходнасцю забеспячэння больш аператыўнага кіраўніцтва на месцах у сувязі з умацаваннем мяжы з Польшчай і пашырэння паўнамоцтваў мясцовай улады. 20 лютага 1938 года ў сувязі з увядзеннем абласнога падзелу ў БССР акругі былі скасаваны.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Елизаров, С. А. Формирование и функционирование системы административно-территориального деления БССР (1919—1991 гг.) / С. А. Елизаров. — Гомель : Гомел. гос. техн. ун-т, 2009. — 222 с. — С. 78