Алег Міхайлавіч Корбан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алег Міхайлавіч Корбан
Дата нараджэння 4 лютага 1985(1985-02-04) (39 гадоў)
Месца нараджэння Мінск, Беларусь
Грамадзянства Беларусь
Адукацыя Кіеўскі міжнародны універсітэт
Партыя
Род дзейнасці палітык
Бацька Міхаіл Васільевіч Корбан
Маці Кацярына Вячаславаўна Корбан

Алег Міхайлавіч Корбан (нар. 4 лютага 1985, Мінск, Беларусь) — быў актывістам Маладога Фронту, сябрам Нацыянальнага камітэта АГП, намеснікам старшыні Мінскай гарадской арганізацыі АГП, займаў пасаду старшыні мінскага гарадскога аддзялення арганізацыі «Маладыя дэмакраты» — моладзевага крыла АГП, на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. быў кіраўніком штаба Яраслава Раманчука па г. Мінску, старшыня грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва», беларускі палітвязень.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў г. Мінску. Вучыўся ў сярэдняй школе № 22 г. Мінска ў класе з беларускай мовай навучання.

У 2004 г. скончыў машынабудаўнічы ліцэй па спецыяльнасці аператар станкоў з праграмным кіраваннем. У гэтым жа годзе паступіў на завочнае аддзяленне Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута на факультэт правазнаўства. У 2006 г. быў адлічаны з інстутута за грамадскую дзейнасць. Па праграме Паўночных краін падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў працягнуў навучанне ў Кіеўскім міжнародным універсітэце завочна па спецыяльнасці псіхолаг, які закончыў у 2012 г. Скончыў 3-х гадовы курс навучання ў Беларускім Калегіюме на аддзяленні найноўшай гісторыі Беларусі.

З восені 2000 г. стаў актывістам «Маладога Фронта», старшынёй Партызанскай рады МФ, рэдактарам бюлетэню “Партызанская”.

У 2001 годзе ўдзельнічаў у акцыях у абарону Курапатаў.[1]

З 2007 па 2012 гг. з'яўляўся сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

У 2008 г. -- каардынатар моладзевага цэнтра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Выступаў на 7-м з’ездзе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Асноўнымі прыярытэтамі дзейнасці моладзевай сеткі вызначыў: адукацыю, праваабарончую дзейнасць і інфармацыйную працу з насельніцтвам.[2]

29 студзеня 2011 г. А. Корбан абраны старшынёй моладзевага крыла АГП — «Маладыя дэмакраты».[3]

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 26-га склікання.[4] Выбары прайшлі 25 красавіка 2010 г. 21 сакавіка 2010 г АГП на з’ездзе прыняла рашэнне не браць удзел у выбарах, але пакінула сябрам партыі самастойна прыймаць рашэнне аб удзеле.[5]

31 сакавіка 2012 г., падчас з’езду АГП, прэтэндаваў на пасаду старшыні АГП, аднак на з’ездзе нечакана зняў сваю кандыдатуру.[6] У ліпені 2012 г. выйшаў з АГП.

З сярэдзіны 2012 г. адзін са стваральнікаў і лідараў грамадскай арганізацыі, зарэгістраванай у Латвіі, «Альтэрнатыва».[7] Былі абвешчаныя асноўныя кірункі дзейнасці  “Альтэрнатывы” : адстойванне правоў моладзі, распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі, актыўныя вулічныя акцыі.

А. Корбан член ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі на прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе.[8] Ініцыятыўная група не сабрала дастатковую для вылучэння А.Лябедзькі кандыдатам у прзідэнты колькасць галасоў.[9]

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета дэпутатаў 28-га склікання на выбарах 18 лютага 2018 г.[10]

Храналогія пераследу

У лютым 2006 г. быў адлічаны з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута за актыўнае валанцёрства ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За некалькі дзён да гэтага быў асуджаны на 10 сутак арышту.[11]

4 лютага 2007 г.,  А.Корбан і З.Хведарук былі затрыманыя разам з іншымі моладзевымі актывістамі на паседжанні Цэнтральнай Рады «Маладога Фронта», якое адбывалася на прыватнай кватэры. Упраўленнем КДБ па Мінску была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 КК РБ (арганізацыя дзейнасці аб’яднання, фонду ці рэлігіёзнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй). А. Корбан, старшыня Партызанскай рады МФ і З. Хведарук, старшыня Першамайскай рады МФ з’яўляліся падазраванымі па ўзбуджанай крымінальнай справе і трое сутак правялі ў СІЗА КДБ. Далей па справе Маладога фронта ў якасці падазраваных былі прыцягнутыя прэс-сакратар МФ Барыс Гарэцкі, старшыня Заводскай рады МФ Аляксей Янушэўскі і кіраўніца аргаддзелам МФ  непаўнагадовая Наста Палажанка.[12]

Абвінавачанне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах маладафронтаўцаў друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасня 2006 г., 25-га, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 г. З. Хведарука абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай «Маладога Фронта», А. Корбана — у кіраўніцтве Партызанскай рады, А. Янушэўскага — Завадской, Б. Гарэцкага — у тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Н. Дашкевіч  абвінавачвалі ў кіраўніцтве арганізацыйным аддзелам арганізацыі. Мэтай дзейнасці «Маладога Фронта», на думку абвінавачання, з’яўляўся захоп ўлады шляхам масавых вулічных акцый.

Судовыя слуханні па справе праходзілі 28-29 мая 2007 г. ў судзе Савецкага раёна Мінска. Дзяржабвінаваўца прапанавала пакараць З. Хведарука, А. Янушэўскага, А. Корбана, Б. Гарэцкага штрафамі ў памеры 500 базавых велічынь, а Н. Дашкевіч — выпраўленчымі працамі. Суддзя Руслан Аніскевіч прызнаў моладзевых актывістаў вінаватымі ва ўчыненні крымінальнага злачынства і вынес наступныя пакаранні: З. Хведарук — штраф у памеры 40 базавых велічынь (1 млн. 240 тыс. руб.), А. Корбан, А. Янушэўскі, Б. Гарэцкі — штрафы ў памеры 30 базавых велічынь (930 тыс. руб.), Н. Дашкевіч вынесена судовае папярэджанне.

У студзені 2008 г. за дапамогу адміністрацыйна арыштаваным удзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, быў асуджаны судом Маскоўскага раёна на дзесяць сутак арышту.

А. Корбан затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. за ўдзел у мітынгу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Мінску. Абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК РБ (арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх). Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. 7 студзеня 2011 г. вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

31 студзеня 2011 г. на вуліцы ў Мінску быў затрыманы паўторна, адпушчаны праз 2 гадзіны пасля допыту ў КДБ. 23 жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была закрытая «за адсутнасцю складу злачынства».

12 кастрычніка 2012 А. Корбан і Уладзімір Сяргееў асуджаныя судом Партызанскага раёна, суддзя Р. Шарай, на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за флэшмоб супраць дзяржаўнай прапаганды.  11 кастрычніка 2012 г. актывісты “Альтэрнатывы” на вул. Няміга ў Мінску паставілі стары тэлевізар, экран якога быў заклеены лагатыпамі дзяржаўных беларускіх каналаў. На тэлевізар паставілі талерку з локшынамі. Каля яго – шыльду з надпісам: «Ахвяраванні на заробак БТ».[13]

11 снежня 2014 г. А. Корбан быў арыштаваны на 10 дзён за акцыю, якую актывісты “Альтэрнатывы” правялі 26 ліпеня 2014 г. у г. Дяржынску. Тады каля гарвыканкаму быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, а па горадзе былі расклеены  плакаты: «За незалежную Беларусь!», «Беларусь — не Расія!».[14]

15 верасня 2016 г. А. Корбан быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь у судзе Цэнтральнага раёна Мінска, суддзя Вікторыя Шабуня. Штраф грамадскаму актывісту прысудзілі па артыкуле 23.34 КоАП РБ — за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі 25 жніўня 2016 г. Актывісты «Альтэрнатывы» з нагоды 25-й гадавіны зацвярджэння незалежнасці беларускай дзяржавы, арганізавалі віншаванне мінчан, раздаючы сцяжкі з выявай бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».[15]

У 2016 г. за грамадскую дзейнасць быў звольнены з працы ў лагістычнай кампаніі.

05.01.2017 г. судом Ленінскага раёна А. Корбан, разам з А. Лябедзькам і П. Севярынцам  быў аштрафаваны за пікет у падтрымку «Белсата» і супраць расійскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў, які адбыўся каля адміністрацыі прэзідэнта ў Мінску 20 снежня 2016 г.[16]

16.01.2017 г. суд Савецкага раёна горада Мінска, суддзя — Н.Драчова, пакараў лідара грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» А. Корбана штрафам у 805 рублёў за ўдзел 9 снежня 2016 г. у пікеце каля будынку БДУІР супраць адэптаў «рускага свету».[17]

25 сакавіка 2017 г. А. Корбан быў затрыманы на Дзень Волі ў Мінску. Асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.[18]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Алег Корбан — першы лаўрэат памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча,[19] заснаванага Партыяй БНФ у 2014 г. для ўганаравання асобаў і арганізацыяў, якія спрычыніліся да арганізацыі масавых акцый у Беларусі, што мелі істотны ўплыў на грамадства.

Зноскі

  1. https://bydc.info/interview/262-anketa-bdts-oleg-korban Архівавана 8 мая 2021. Анкета БДЦ: Олег Корбан
  2. https://gazetaby.com/cont/print_rdn.php?sn_nid=17975(недаступная спасылка) Александр Ярошук вновь избран председателем БКДП
  3. https://nashaniva.by/?c=ar&i=49698 Алег Корбан — новы старшыня «Маладых дэмакратаў»
  4. http://minsk.gov.by/ru/actual/view/240/sveden_dept.shtml Архівавана 4 чэрвеня 2017. Сведения о кандидатах в депутаты Минского городского Совета депутатов 26го созыва
  5. http://naviny.by/rubrics/politic/2010/03/21/ic_articles_112_167143 Съезд ОГП вновь «инвестировал» в прежнего лидера
  6. http://www.mogilev.by/mnews/62893-oleg-korban-sozdaet-molodezhnuyu-organizaciyu-alternativa.html(недаступная спасылка)
  7. https://alternativaby.net/arganizacyya/
  8. http://www.ctv.by/vybory-2015-iniciativnye-gruppy-prodolzhayut-sbor-podpisey-za-vydvizhenie-kandidatov-v-prezidenty Архівавана 23 снежня 2017.
  9. http://naviny.by/rubrics/elections/2015/09/30/ic_articles_623_189897 Анатоль Лябедзька: калі б у нас былі выбары, мы б разбіліся ў ляпёшку і сабралі гэтыя 100 тысяч подпісаў
  10. https://alternativaby.net/oleg-korban-kandidat-v-minskij-gorodskoj-sovet-deputatov/ Олег Корбан – кандидат в Минский городской Совет депутатов
  11. https://bydc.info/interview/262-anketa-bdts-oleg-korban Архівавана 8 мая 2021.
  12. https://spring96.org/files/reviews/be/2007_review_by.pdf
  13. https://gomel.today/rus/news/belarus/32975/ Активисты молодежной инициативы осуждены на пять суток ареста
  14. https://charter97.org/be/news/2014/12/11/130353/ Алег Корбан арыштаваны на 10 дзён за плакат «Беларусь — не Расея!»
  15. http://by.belapan.by/archive/2016/09/16/865374_865375/ Лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан атрымаў штраф за раздачу бел-чырвона-белых сцяжкоў
  16. http://belsat.eu/in-focus/menski-sud-za-padtrymanne-belsatu-ashtrafavau-aktyvistau-na-vyalikiya-sumy/ Менскі суд за падтрыманне «Белсату» аштрафаваў актывістаў на вялікія сумы
  17. https://novychas.by/hramadstva/aleh-korban-pakarany-za-udzel-u-akcyi-suprac-adept Алег Корбан пакараны за ўдзел у акцыі супраць адэптаў «рускага свету»
  18. https://www.svaboda.org/a/28418119.html Адчуваньне, што прабыў 10 дзён у магіле, — Алег Корбан пра Акрэсьціна
  19. http://narodny.org/?p=6211 Архівавана 3 жніўня 2020. Першы ляўрэат памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча — Алег Корбан

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Palitviazni.info — 2013. — С.144
  • Тамковіч А. Супраць плыні — 2011 — С.147-156
  • Еднасць абаронцаў волі — Мінск. 2016 — С. 28-29.
  • Маладафронтаўцы — Менск 2009 — С. 135-138.
  • Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе. Аналітычны агляд — Менск. 2008 — С. 43-44.
  • Прага вясны — Менск. 2007 — С. 22-25.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]