Перайсці да зместу

Павел Севярынец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павел Севярынец
Род дзейнасці журналіст, палітык, пісьменнік, публіцыст
Дата нараджэння 30 снежня 1976(1976-12-30) (49 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бацька Канстанцін Паўлавіч Севярынец
Маці Таццяна Севярынец[d]
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды і прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Па́вел Канстанці́навіч Севяры́нец (нар. 30 снежня 1976, Орша) — беларускі палітык, пісьменнік і публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту».

Раннія гады. Пачатак палітычнай дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Оршы ў сям’і журналіста і школьнай настаўніцы. Скончыў школу з залатым медалём (1994), геаграфічны факультэт БДУ (2000). У 1994—1999 гадах працаваў журналістам у шэрагу выданняў. З 1998 года друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст[1].

У 1995 годзе Севярынец уступіў у БНФ «Адраджэньне». У лютым 1997 года ён узначаліў Мінскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасні 1997 года на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынёй «Маладога Фронту», у лютым 1999 года — старшынёй (заставаўся ім да 2004 года).

У 1997—2004 годах Павел Севярынец стаў вядомы як удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. 2 красавіка 1998 года арыштаваны ў часе апазіцыйнай маніфестацыі ў Мінску і за «зрыў канцэрту, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», змешчаны ў следчы ізалятар. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 годзе без тлумачэнняў.

У рамках сваёй дзейнасці ў «Маладым Фронце» Павел Севярынец быў заснавальнікам асветніцкага праекту «Шоў Беларушчыны», курсаў «Ды-джэяў Адраджэння», ініцыятарам стварэння кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў «Перамен!», а таксама міжканфесійнай супольнасці «Хрысціянская ініцыятыва».

У 1999—2003 гадах Павел Севярынец быў намеснікам старшыні Партыі БНФ.

Севярынец быў адным з арганізатараў I Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001), абароны Курапатаў (верасень 2001 — чэрвень 2002), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Еўропу!» (вясна 2002), перадвыбарчага блоку «Маладая Беларусь» (2004).

Першае абмежаванне волі

[правіць | правіць зыходнік]

У 2005 годзе Павел Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцый пратэсту супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін, што адбываліся ў Мінску пасля рэферэндуму 2004 года. Быў асуджаны да 3-х гадоў абмежавання волі. Пакаранне ён адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна (Полацкі раён). Там напісаў кнігу «Лісты з лесу» (паводле апытання «Нашай Нівы» прызнаная найлепшай беларускай кнігай 2007 года). У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Паўла Севярынца вязнем сумлення[2]. З улікам амністыі тэрмін зняволення быў скарочаны да двух гадоў, у 2007 годзе Севярынец быў вызвалены.

Прэзідэнцкія выбары 2010 года. Другое абмежаванне волі

[правіць | правіць зыходнік]
Павел Севярынец у 2010 г.

Павел Севярынец у часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасля акцый пратэсту ў ноч на 20 снежня 2010 года. Пяць месяцаў пасля арышту Севярынец правёў у следчым ізалятары КДБ. У траўні 2011 года суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі ў куплінскай спецкамендатуры № 7. Ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні і амністыі Севярынцу было адмоўлена. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Севярынца палітычным зняволеным. Яго вызвалення патрабавалі Еўрасаюз і ЗША[3]. Міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення[4]. Вызвалены ў ноч на 19 кастрычніка 2013 года[5].

Перыяд 2014—2019 гадоў

[правіць | правіць зыходнік]

Працуе над адраджэннем палітычнай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, з’яўляецца сустаршынёй яе арганізацыйнага камітэта. У БХД адказны за ідэалогію, рэгіёны, інфармацыю і культуру. Рэдактар абедзвюх партыйных праграм — 2009 года і 2015 года («Народная партыя з хрысціянскім сэрцам»). Ініцыятар партыйных кампаній «Люблю Беларусь», «Хваля салідарнасці», «У абарону касцёла Святога Язэпа», «Урад для народа», «100 гадоў БХД» і іншых. Як прадстаўнік БХД сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, старшынямі Еўрапарламента Хансам-Гертам Пётэрынгам і Ежы Бузекам, старшынёй Еўрапейскай Народнай партыі Жозефам Долем.

Кніга Паўла Севярынца «Беларусалім. Золак» была прызнана кнігай 2017 года паводле галасавання чытачоў на беларускім конкурсе «Кніга года»[6]. Заснавальнік і прадзюсар серыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысціянскай музыкі «Беларускі Хрысьціянскі Хіт» (2008—2015, выйшла 7 альбомаў). Разам з Максімам Гацакам і Анатолем Шырвелем у 2014 годзе заснаваў хрысціянскі інфармацыйны партал «Крыніца.інфо».

Ініцыятар стварэння «Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай» (2014), «Камітэту абароны прадпрымальніцтва» (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума «Свабоду палітвязням!» (2015).

У 2017 годзе Павел Севярынец завочна аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна Мінска на 50 базавых велічынь (1150 рублёў) за ўдзел у Маршы абураных беларусаў 17 лютага[7]. За ўдзел у мітынгах у Курапатах 3 сакавіка Севярынец прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Савецкім судом Мінска 31 сакавіка 2017 года асуджаны на 10 сутак[8]. За ўдзел у мітынгу 12 сакавіка ў Оршы ў «Маршы недармаедаў» Севярынец быў асуджаны Аршанскім судом на 15 сутак арышту[9]. За ўдзел у пратэсце ў Курапатах[10] і першамайскай дэманстрацыі суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала Севярынца арыштам на 15 сутак[11].

Быў прыняты ў Беларускі ПЭН-Цэнтр за кнігу «Лісты з лесу» ў 2007 годзе. З 2014 года не плаціў сяброўскія ўнёскі, аргументуючы гэта тым, што ён хрысціянін і не бачыць для сябе магчымасці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця пад эгідай арганізацыі. У 2019 годзе выключаны з арганізацыі за нясплату ўнёскаў — паводле старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтра, гэта адбылося 15 студзеня, але паведамлена пра выключэнне Паўлу Севярынцу было ў красавіку[12]. Севярынец унёскі заплаціў, і на агульным сходзе арганізацыі 26 кастрычніка рашэнне пра выключэнне было скасаванае. Напярэдадні сходу Павел Севярынец апублікаваў ліст, у якім абвінаваціў «гей-лобі і марксістаў» у радзе беларускага ПЭНу ў тым, што яны «на дух не пераносяць хрысціян». Новаабраная старшыня рады ПЭНу Святлана Алексіевіч назвала выказванні Паўла Севярынца «маральным сярэднявеччам». 29 кастрычніка яна прапанавала прыпыніць рашэнне з’езду аб прыёме Севярынца, у выніку рада прыняла рашэнне выключыць Паўла Севярынца з ПЭНу[13].

Павел Севярынец — ініцыятар і арганізатар масавых акцый супраць інтэграцыі з Расіяй, што праходзілі ў Мінску ў снежні 2019 года. За тры дні да апошняй акцыі, 26 снежня, Севярынец быў арыштаваны на 15 сутак, а таксама пакараны штрафам, 9 студзеня 2020 года палітыка завочна зноў пакаралі буйным штрафам. 10 студзеня суд пакараў Паўла Севярынца яшчэ 15 суткамі арышту за акцыю ў абарону незалежнасці 20 снежня і 15 суткамі за акцыю 21 снежня[14].

Прэзідэнцкія выбары 2020 года

[правіць | правіць зыходнік]

У часе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўдзельнічаў у пікетах па зборы подпісаў Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама ў Паўла Севярынца на той час заставаліся неадбытымі 30 сутак арышту за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй[15]. Міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення[16]. Меркавалася, што ён выйдзе на волю 21 жніўня, па адбыцці 75 сутак. Але са Следчага камітэта паведамілі, што ёсць непасрэдна ўзніклае падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, што Павел Севярынец затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна[17]. 20 жніўня на палітвязня завялі крымінальную справу «за падрыхтоўку масавых беспарадкаў», ён застаўся пад вартай[18].

Суд над ім і шэрагам іншых палітычных актывістаў праходзіў у 2021 годзе ў Магілёве, у закрытым рэжыме. 25 мая Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Аналагічны прысуд быў вынесены ў дачыненні да Андрэя Войніча і Яўгена Афнагеля[19]. Доўгі час Павел Севярынец утрымліваўся ў гродзенскай турме. Вызвалены ў рамках пагаднення паміж уладамі РБ і ЗША 13 снежня 2025 года; разам з групай былых палітвязняў быў высланы з Беларусі і адпраўлены ва Украіну.

Пасля вызвалення

[правіць | правіць зыходнік]

13 снежня 2025 года з групай 123 палітычных зняволеных вызвалены ў выніку сустрэчы Аляксандра Лукашэнка з прадстаўніком Дональда Трампа Джонам Коўлам, прымусова дэпартаваны на тэрыторыю Украіны[20]. Быў прымусова вывезены з Беларусі, знаходзіцца ў Вільні[21].

Жанаты. Жонка — Вольга Севярынец (Шылак)[22], ёсць сын.

  • «Ды-джэй Адраджэння» (1998)
  • «Пакаленне Маладога Фронту» (2002)
  • «Нацыянальная ідэя» (2005)
  • «Лісты з лесу» (2007)
  • «Брату» (2007)
  • «Люблю Беларусь. 200 феноменаў нацыянальнай ідэі» (2008; у чэрвені 2024 г. кніга была абвешчана «экстрэмісцкай» судом Кастрычніцкага раёна г. Мінска)
  • «Маладафронтаўцы» (2009) — сумесна з Настай Палажанкай
  • «Беларуская глыбіня» (2014)[3]
  • «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917—2017» (2017)
  • «Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (2017; адзін з аўтараў, укладальнік)
  • «Беларусалім. Золак» (2017)
  • «Каменнае сэрца» (2018; у чэрвені 2024 г. кніга была абвешчана «экстрэмісцкай» судом Кастрычніцкага раёна г. Мінска)
  • «Беларусалім. Сэрца святла» (2020; у чэрвені 2024 г. кніга была абвешчана «экстрэмісцкай» судом Кастрычніцкага раёна г. Мінска)

Павел Севярынец — лаўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Францішка Аляхновіча. Уганараваны прэміяй «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2008)[23].

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[24]. У лістападзе 2020 года стаў лаўрэатам народнай прэміі «За асабістую мужнасць»[25].

Зноскі

  1. Павел Севярынец — Біяграфія Архівавана 9 лютага 2015.
  2. Беларусь: узмацненьне ціску на іншадумцаў Архівавана 5 красавіка 2007.
  3. а б Павел Севярынец прэзентаваў «Беларускую глыбіню»
  4. Беларусь призывают освободить узников совести, задержанных в связи с протестами после выборов Архівавана 18 красавіка 2017.
  5. Павел Севярынец(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2016. Праверана 3 мая 2017.
  6. https://pen-centre.by/2019/05/10/startavala-chytackae-galasavanne-za-najlepshuju-kngu-2018-godu.html
  7. Севярынца зноў аштрафавалі — цяпер за акцыю 17 лютага
  8. Паўла Севярынца за Курапаты пасадзілі на 10 сутак. Праваабарончы цэнтр «Вясна».
  9. Павел Севярынец прэзентаваў ў Оршы свае кнігі
  10. Минске прошел митинг в защиту Куропат
  11. «Беззаконне. Але жыве Беларусь!». Севярынцу далі 15 содняў
  12. https://belisrael.info/?p=19212
  13. Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтру. Беларуская служба Радыё «Свабода».
  14. belsat.eu
  15. Спіс палітычных вязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна». Архівавана з першакрыніцы 3-7-2020. Праверана 3-7-2020.
  16. Белорусского узника совести Павла Северинца держат в одиночке в ужасных условиях. Помогите нам его освободить! (руск.). eurasia.amnesty.org.
  17. Паўла Севярынца не выпусцяць, заведзена крымінальная справа. Наша Ніва.
  18. «Цяпер бачу поўную карціну Берасця». Брестская газета(бел.)(руск.) (42 (931)): 18. 2020-10-16. {{cite journal}}: |access-date= патрабуе |url= (даведка)
  19. Паўла Севярынца не выпусцяць, заведзена крымінальная справа. Наша Ніва.
  20. На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні. Наша Ніва. Праверана 15 снежня 2025.
  21. Вызваленыя палітвязні прыехалі ў Вільню. Наша Ніва.
  22. Сёння абвянчаліся Павел Севярынец і Вольга Шылак.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2016. Праверана 3 мая 2017.
  23. У Бычкі на ўгодкі Васіля Быкава. Беларуская служба Радыё «Свабода».
  24. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100. Беларуская служба Радыё «Свабода».
  25. Беларусы замежжа прысудзілі Паўлу Севярынцу прэмію «За асабістую мужнасць». Наша Ніва.
  • Тамковіч, А. Найноўшая гісторыя ў асобах. — Смаленск : Смоленская городская типография, 2013. — С. 579–584. — ББК 84, УДК 823. С. 651–656.
  • Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (ст.183-184).
  • Верым! Можам! Пераможам!: падзеі Менскай вясны — 2006: Кроніка, дакументы, сьведчаньні /укл. М.Савушкіна, А.Лапцёнак. — Менск, 2006. — 184 стар. / ст.96. С.92-93.
  • Grigory Ioffe, Vitali Silitski Jr. SEVIARYNETS, PAVAL (1976–) // Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe) (англ.). — Lanham: Rowman & Littlefield  (польск.), 2018. — С. 294. — 476 с. — ISBN 978-1538117057.