Арсен Васілевіч Паўлюкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Арсень Паўлюкевіч)
Jump to navigation Jump to search
Арсен Васілевіч Паўлюкевіч
Партрэт
Род дзейнасці: палітык
Дата нараджэння: 1889
Дата смерці: 4 красавіка 1941(1941-04-04)
Альма-матар:

Арсе́н (Арсе́нь) Васі́левіч Паўлюке́віч (1889 — ?) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лекар. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з сям’і святара Слуцкага павета. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, медычны факультэт. У часе навучання, паводле звестак польскай дэфензівы, нібыта ўваходзіў у манархічную арганізацыю «Саюз Міхаіла Архангела».

Працаваў лекарам у Слуцку. У 1917 годзе востра выказваўся супраць палякаў. У 1918 годзе ўваходзіў у Слуцкі правінцыйны камітэт партыі беларускіх эсэраў. У лістападзе 1920 года ўзначаліў адноўлены Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, кіраўнік яго медычна-санітарнага аддзела.

На з’ездзе Случчыны быў спаборнікам Уладзіміра Пракулевіча ў барацьбе за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну загадваў шпіталем паўстанцаў. Пасля паразы паўстання не жадаючы здаваць зброю палякам разам з капітанам Хведашчэням і паручнікам Мацэлям ды групай моладзі, адступіў з Морача, апошняга апорнага пункта случчакоў, у Давыд-Гарадок. Там іх усё ж абяззброілі палякі. Тады Паўлюкевіч выступіў з прамовай, у якой гаварыў, што беларускія жаўнеры вызваляць Беларусь ад палякаў і бальшавікоў[1].

Жыў у Нясвіжы, Сіняўцы, Вільні. Удзельнічаў у Пражскай канферэнцыі ў верасні 1921 года. У 1922 годзе, паводле звестак польскай дэфензівы, заснаваў у Наваградскім ваяводстве нелегальны Народны Хаўрус «За Бацькаўшчыну» і ствараў «тэрарыстычныя пяцёркі», скіраваныя супраць ворагаў Беларусі, у першую чаргу супраць Польшчы. Арыштаваны польскімі ўладамі ў красавіку 1922 года ў Нясвіжы. Часова адышоў ад палітыкі і займаўся лекарскай практыкай. У 1920-я гады жыў у Вільні. Працаваў лекарам у адной з польскіх вайсковых частак. У 1924 годзе — адзін са стваральнікаў Часовай беларускай рады, якая стала палітычным апанентам левых беларускіх партый (БСРГ, КПЗБ). Абраны яе старшынёй. Таксама заснаваў і ўзначаліў шэраг іншых беларускіх паланафільскіх арганізацый «Прасвета», «Беларуская хатка», Беларускі камітэт да справаў самакіравання, Беларуская нацыянальная Рада, Беларуская нацыянальная партыя. Выдавец «Грамадскага голаса», у 1926 годзе пераназванага ў «Беларускае слова»[2]. Распачаў у прэсе кампанію з мэтай дыскрэдытацыі Антона Луцкевіча і выяўлення яго сувязяў з бальшавікамі.

Пасля перавароту ў Варшаве 15 траўня 1926 года, Часовая беларуская Рада на надзвычайным пасяджэнні пастанавіла выслаць віншавальную тэлеграму на імя Юзафа Пілсудскага. Хутка пасля тэлеграмы Паўлюкевіч асабіста выехаў у Варшаву з мэтай атрымання падтрымкі і фінансавай дапамогі з боку новага ўрада. Прэм’ер Бартэль, з якім размаўляў Паўлюкевіч, падтрымку і дапамогу абяцаў, аднак запатрабаваў большай актыўнасці і павелічэння сваіх уплываў у беларускім грамадстве. Пасля чаго Паўлюкевіч у канцы траўня правёў агітацыйныя мітынгі ў Навагрудку, Баранавічах і Нясвіжы, а прадстаўнікі Рады з мэтай вядзення агітацыі выехалі ў Гродзенскі, Віленскі і Лідскі паветы. 16 чэрвеня 1926 года Рада выступіла з «Мемарыялам Часовай Беларускай Рады да пана прэм’ера Рады міністраў»[3].

Лічыцца, што быў падвойным агентам — польскай дэфензівы і савецкага ГПУ. Дапамагаў Барысу Каверду ў падрыхтоўцы замаху на савецкага амбасадара Пятра Войкава. У канцы 1926 года праз нястачу фінансавання Рада Паўлюкевіча развалілася, а некаторыя яго былыя паплечнікі пачалі ганіць старшыню. Друкарні таксама адмаўляліся друкаваць газеты праз запазычанасць. У 1928 годзе, як савецкі шпіён асуджаны польскім судом на 12 гадоў катаргі[4]. У верасні 1939 года — вязень Бяроза-Картузскага канцлагера. Прызначаны адным з лекараў у лагеры[5].

Паводле згадак Барыса Каверды, у часе Другой сусветнай вайны Паўлюкевіч удзельнічаў у руху антыгітлераўскага супраціву ў Варшаве, быў схоплены і расстраляны немцамі[6].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]