Асінавыя лясы
Асі́навыя лясы́, асі́ннікі — драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар'я, галоўным чынам у Еўропе і Азіі.
На Беларусі сустракаюцца часцей на паўночным усходзе, радзей на паўднёвым захадзе; агульная плошча 151,7 тыс. га (1,96 % лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з'яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення.
Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сеткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавых лясоў выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Асінавыя лясы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).