Перайсці да зместу

Аляксандр Коўш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Коўш)
Аляксандр Коўш

Адукацыя
Дзейнасць палітык, грамадскі дзеяч, святар
Месца працы
Нараджэнне 2 жніўня 1884(1884-08-02)
Смерць 1943
Дзеці Зоя Коўш і Святаслаў Коўш
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Коўш (1890, в. Рыдзялі Гродзенскі павет, цяпер Гродзенскі раён — 1943) — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч.

Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка, з якім напачатку 1-й сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 года ў Вільні, настаяцель прыхода ў Шніпішках (цяпер у межах горада), дзе за некалькі месяцаў аднавіў і адрамантаваў прыходскі храм. У сваіх казаннях ён заклікаў прыхаджан змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адкрываць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненню паланізацыі[1].

У 1925 г. А. Каўша, як спецыяліста ў банкаўскай сферы, запрасілі на пасаду бухгалтара ў Беларускі кааператыўны банк, які пачаў дзейнічаць у Вільні. Нягледзячы на духоўны статус, ён прыняў прапанову, аднак не пакінуў прыход у Шніпішках[1].

З 1926 г. святар выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі[1]. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Аляксандр Коўш з дзецьмі.

Шмат увагі надаваў грамадскай дзейнасці. Ён стаў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася аказаннем матэрыяльнай дапамогі бедным і ўтрыманнем інтэрнатаў пры беларускіх гімназіях[1].

У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы[1]. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве – самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні[1].

Шмат часу адводзіў А. Коўш асветніцкай рабоце. У 1928—1929 гадах рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца», друкаваў там артыкулы, прысвечаныя гісторыі праваслаўя ў Беларусі; змяшчаў афіцыйныя дакументы мітраполіі, нарысы, павучальныя апавяданні для моладзі і інш.[1]; кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры.

У верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі А. Каўша ў в. Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка за ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. На новым месцы службы святар не мог займацца грамадскай і выдавецкай справай. Ён арганізаваў царкоўны хор, які спяваў духоўныя песні, чытаў казанні на беларускай мове. У 1937 г. А. Коўш пераехаў у в. Кастыкі Вілейскага павета[1].

У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка[1].

У 1941 г. прыехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у выдавецкай камісіі пры мінскім архірэі. Потым атрымаў прыход у в. Плешчаніцы Лагойскага раёну. У 1943 г. за садзеянне ў выратаванні яўрэйскага насельніцтва А. Коўш быў арыштаваны гестапа і расстраляны[1].

Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз[2].

Зноскі