Бабінавіцкі заказнік
Бабінавіцкі | |
---|---|
альтэрн.: Бабінавіцкі заказьнік[1] | |
Катэгорыя МСАП — IV (Тэрыторыя кіравання відамі ці месцапражываннямі) |
|
Размяшчэнне | Беларусь, Лёзненскі раён, Віцебская вобласць |
Плошча | 10 547 га |
Дата заснавання | 1998 |
Бабі́навіцкі — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Заснаваны ў 1998 годзе для аховы унікальных ландшафтаў з асабліва каштоўнымі і эталоннымі лясамі і папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Плошча заказніка складае 10 547 га.
Ландшафты з паверхневым заляганнем азёрна-ледавіковых пяскоў і супескаў (75 %) ці ўзвышаныя платопадобныя, з заляганнем азёрна-ледавіковых суглінкаў і глін (25 %). Рэльеф плоскі, месцамі бугрысты, з рачнымі далінамі і лагчынамі, дзюнамі, камавымі і марэннымі ўзгоркамі. Глебы дзярнова-слабападзолістыя, пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і інш.
Лясы (хваёвыя, яловыя, бярозавыя) займаюць 94 % тэрыторыі. Шмат поймавых і сухадольных лугоў. У флоры каля 500 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 11 у Чырвонай кнізе: луннік ажываючы, ятрышнік мужчынскі, шпажнік чарапіцавы, лінея паўночная, званочак шыракалісты і інш. У фаўне 145 відаў надземных пазваночных, з іх 11 у Чырвонай кнізе: буры мядзведзь, рысь, кулон вялікі, пугач, сыч дамавы, сплюшка, бусел чорны і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бабінавіцкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).