Баранавіцкі краязнаўчы музей

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Баранавіцкі краязнаўчы музей
Профіль комплексны
Заснаваны 1929
Падпарадкаванасць аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама.
Месцазнаходжанне Брэсцкая вобласць, г. Баранавічы, вул. Савецкая, 72, 225320
Памеры фонду больш за 43000
Агульная плошча 1017
Выставачная плошча 390
Плошча запаснікаў 139
Тэлефон (+ 0163) 42-11-00, 42-15-24
Адкрыты 10.00–17.00, акрамя панядзелка
baranovichi-museum.com
Лагатып Вікісховішча Баранавіцкі краязнаўчы музей на Вікісховішчы

Баранавіцкі краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў кастрычніку 1929 года ў г.Баранавічы як павятовы. У пачатку 1929 г. адміністрацыя Баранавіцкага павета прыняла рашэнне аб арганізацыі выстаўкі, якая б адлюстроўвала жыццё павета, эканамічны і культурны стан горада і рэгіёна. Краязнавец Л. Турскі прапанаваў стварыць у Баранавічах замест часовай выстаўкі публічны музей з карціннай галерэяй пры ім. Музей складаўся з 3 асноўных аддзелаў: прыроды, этнаграфіі і гісторыі, пададдзела кніг. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. пераўтвораны ў абласны музей выяўленчага мастацтва.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей не быў эвакуіраваны і застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Акупанты вывезлі 1716 каштоўных экспанатаў. Сярод іх палотны Рэмбранта, Я. Матэйкі, Жэрыко, калекцыя старажытных японскіх ваз і інш. Музей фактычна перастаў існаваць. Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў адзіны ўцалелы музей на тэрыторыі вобласці — Слонімскі — у 1947 гг. быў пераўтвораны ў Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. 30.05.1952 г. выканкам абласнога Савета прыняў пастанову «Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г.Слоніма ў г.Баранавічы» (адначасова аднавіў сваю дзейнасць і Слонімскі музей — у Баранавічы былі перавезены толькі тыя экспанаты, якія не мелі дачынення да гісторыі Слонімскага раёна). 22.02.1953 г. была адкрыта першая пасляваенная экспазіцыя, якая ахоплівала перыяд з 1917 г. да пачатку 1950-х г. 09.04.1954 г. у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці музей атрымаў сучасную назву. З 1960 г. экспазіцыя Баранавіцкага краязнаўчага музея, якая ўвесь час папаўняецца, тройчы перабудоўвалася (апошні раз у 1994-95 гг.). У 2006 г. адноўлена зала, прысвечаная сучаснаму гораду. Музей у розны час узначальвалі: Л.Турскі, Г.М.Мацвеева, П.М.Волкаў, Л.А.Сокал-Кутылоўскі, І.В.Біруля, Н.П.Паўлоўская, Т.П.Гірдзюк, Л.З.Лобач, М.А.Мартыновіч, В.К.Палікарпаў, Ю.А.Любамірскі, М.В.Гарбуноў С.А.Шчарбакоў. З 2006 г. дырэктар І.П.Станюк.

Фонды і экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Паштоўка з выявай Марыінскай вуліцы, пач. XX ст.

Асноўны фонд музея (2008) складаюць 40 201 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 18 151 адзінкі. Экспазіцыя размешчана ў 7 залах агульнай плошчай 250 м² і мае 3 раздзелы. Раздзел «Прырода Баранавіцкага краю» знаёміць з геаграфічным палажэннем Баранавіцкага раёна, разнастайнасцю яго ландшафтаў — лясамі, балотамі, рэкамі, азёрамі, іх раслінным і жывёльным светам. Вялікі комплекс матэрыялаў прысвечаны экалагічным праблемам і шляхам іх вырашэння. У раздзеле «Гісторыя Баранавіцкага краю» прадстаўлены матэрыялы пра з'яўленне першага чалавека на баранавіцкай зямлі, аб Вялікім Княстве Літоўскім, беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Гэты раздзел знаёміць з гісторыяй узнікнення і развіцця Баранавіч у 2-й палове 19 — пачатку 20 ст., расказвае пра падзеі 1-й сусветнай вайны на тэрыторыі краю, яго гісторыю ў складзе Польшчы (1921-39 гг.), у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра цяжкасці пасляваеннага аднаўленчага перыяду, дзеячаў беларускай культуры, ураджэнцаў баранавіцкай зямлі — А. Рымшу, А. Міцкевіча, П. Багрыма, У. Галубка і інш. Экспазіцыйны раздзел «Баранавічы. Горад, у якім мы жывем» уключае матэрыялы пра Баранавічы ў перыяд з 1985 да цяперашняга часу.

Статут Вялікага Княства Літоўскага

У фондах музея захоўваюцца 35 калекцый: паштовак з краявідамі Баранавіч (пачатку 20 ст. і 1920-30-х гг.), ручнікоў (пачала фарміравацца яшчэ ў першыя пасляваенныя гады і складаецца з ручнікоў вырабленых у канцы 19 — 1-й палове 20 ст. на сучаснай тэрыторыі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў), нумізматыкі (манеты 16 — 20 ст., у тым ліку 4 манетныя клады), археалагічных знаходак (з раскопак на тэрыторыі Баранавіцкага раёна помнікаў каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і эпохі феадалізму, а таксама асобных знаходак), побыту і этнаграфіі, фотаматэрыялаў (шматлікія фотаздымкі даюць уяўленне пра горад у розныя перыяды яго гісторыі), падпольных выданняў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, жывапісу і графікі (карціны А. Гугеля, Л. Лейтмана, Б. Заборава, А. Родзіна, А. Кашкурэвіча, Л. Шчамялёва, Я. Ціхановіча і інш.), плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны (работы мастакоў Кукрыніксаў, М. Далгарукава, А. Какарэкіна, М. Жукава, В. Іванова, Б. Яфімава, В. Дэні і інш.). У ліку найбольш цікавых экспанатаў 2 арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут Вялікага Княства Літоўскага выдання 1694 г., памятны знак «У гонар першага стрэлу па Басфору» пад № 2. Музей мае 2 выставачныя залы, адна з іх дзейнічае ў будынку музея, другая (плошчай 140 м², адкрыта ў 1984 г.) знаходзіцца ў асобным будынку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Баранавіцкі краязнаўчы музей / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1993. – Т. 1. – С. 299.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]