Баяры (Бабруйскі раён)
Вёска
Баяры
| ||||||||||||||||||||||
Бая́ры[1] (трансліт.: Bajary, руск.: Бояры) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Сычкаўскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вёска знаходзіцца за 14 км на паўночны захад ад Бабруйска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Мірадзіна на лініі Бабруйск-Мінск, 124 км на паўднёвы захад ад Магілёва, на аўтамабільнай дарозе Мінск-Гомель М4. На поўнач ад вёскі працякае рака Ваўчанка (правы прыток Бярэзіны). Ландшафт мясцовасці хвалісты з шыракаліста-яловымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Аршанскі артэзіянскі басейн.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2-й палове XVIII ст. вёска Баяры ў складзе маёнтка Дурынічы Новагародскага павета і аднайменнага ваяводства Рэчы Паспалітай, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў Расійскай імперыі. У 1838 годзе ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, 35 жыхароў мужчынскага полу, памешчыцкая ўласнасць. На 1847 год — вёска ў складзе маёнтка Восаў, належыць памешчыкам Асяцінскім. Паводле перапісу 1897 года Баяры ў Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічае хлебазапасны магазін. У 1914 годзе вёска разгорнута на хутары. У 1924 годзе побач з вёскай на хутары Падтакары адкрыта працоўная школа 1-й ступені, для якой у 1925 годзе пабудавана новае памяшканне. Школу наведвала ў 1925 годзе 75 вучняў. У 1934 годзе створаны калгас «Чырвоныя Баяры». У час Вялікай Айчынай вайны загінулі 23 вяскоўцы. У 1980 годзе да Баяраў далучана сумежная вёска Ваўчанка. У 1986 годзе ў вёсцы 92 гаспадаркі, у складзе саўгаса «імя Леніна». Працуюць сталярна-цяслярскія майстэрні, клуб, бібліятэка, амбулаторыя, кніжны, прамтаварны, харчовы і гаспадарчы магазіны, ферма БРЖ, зернедрабільня.
Помнікі гісторыі і археалогіі
[правіць | правіць зыходнік]Курганны могільнік-1
[правіць | правіць зыходнік]За 0,2 км на паўднёвы захад ад вёскі 3 насыпы вышынёй 0,2-0,4 м, дыяметрам 6-8 м. Курганы здзірванелыя, добрай захаванасці. Адкрыў у 1965 годзе Л. Д. Побаль, абследаваў у 1978 годзе П. Ф. Лысенка.
Курганны могільнік-2
[правіць | правіць зыходнік]За 1,5 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Рыгораў Хутар, на ўзлессі. 19 курганоў вышынёй 0,7-2 м, дыяметрам 8-15 м. Насыпы здзірванелыя, параслі лесам. Захаванасць добрая. Адкрыў у 1965 годзе Л. Д. Побаль, абследаваў у 1978 годзе П. Ф. Лысенка.
Брацкая магіла савецкіх воінаў
[правіць | правіць зыходнік]Каля будынка амбулаторыі. Пахаваны 36 воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе ў баях супраць нямецкіх войскаў. Сярод пахаваных — гвардыі капітан, камандзір танкавага батальёна 16-й гвардзейскай танкавай брыгады 1-га гвардзейскага танкавага корпуса, Герой Савецкага Саюза Мікалай Андрэевіч Ізюмаў. У 1970 годзе на магіле пастаўлены помнік-стэла з мемарыяльным надпісам.
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Меліярацыйным каналам вёска падзяляецца на паўночную і паўднёвую часткі. Планіроўка квартальная, пераважна з драўлянай забудовай сядзібнага тыпу.
Дынаміка развіцця
[правіць | правіць зыходнік]паказчык | 1847 | 1897 | 1917 | 1926 | 1959 | 1970 | 1986 | 1997 | 2007 | 2014 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
колькасць двароў, адзінак | 19 | 27 | 52 | 65 | няма звестак | няма звестак | 92 | 62 | 43 | 33 |
колькасць насельніцтва, жыхароў | 91 | 183 | 258 | 321 | 218 | 201 | 187 | 97 | 64 | 49 |
Краявіды
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
- Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Баяры (Бабруйскі раён)