Бабруйская раўніна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бабруйская раўніна (2001)
Хутар Такары Бабруйскага раёна

Бабруйская раўніна — геамарфалагічны раён у вобласці раўнін і нізін Перадпалесся, на паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласці.

Раўніна займае каля ⅓ часткі аднайменнага фізіка-геаграфічнага раёна Перадпалескай правінцыі. Суседнічае з Салігорскай на захадзе, Пухавіцкай на паўночным захадзе, Цэнтральнабярэзінскай на поўначы і ўсходзе раўнінамі, Светлагорскай нізінай на поўдні. Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход 70-75 км, с поўначы на поўдзень 55-60 км. Абсалютныя адзнакі вышынь вагаюцца ад 150 да 170 м, у тальвегах рэк ад 130 да 140 м, на халмах і градах да 206 м.

Прымеркавана да Бабруйскага пахаванага выступу. Крышталічны фундамент (абсалютныя адзнакі ад −300 м да −500 м) перакрыты асадкавым чахлом (магутнасць 360—600 м), складзеным пратэразойскімі, дэвонскімі, мелавымі, палеагенавымі, неагенавымі і чацвярцічнымі (магутнасць 20-100 м) адкладамі. Карысныя выкапні: торф, гліна, будаўнічыя і сілікатныя пяскі, мінеральныя воды.

У рэльефе пераважае спадзіста-хвалістая водна-ледавіковая раўніна. Сустракаюцца ўчасткі марэннай раўніны і краявых ледавіковых град. У паўночнай частцы развіта шырокая плоская забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна (вышыні 145—150 м) з рэшткавымі зарастаючымі азёрамі. Распаўсюджаны тарфяныя балоты, у асноўным нізінныя.

Гідраграфічная сетка (басейн Дняпра) уключае фрагменты далін Свіслачы, Бярэзіны, Пцічы, іх прытокі, азёра, меліяратыўныя каналы, вадасховішча і пруды. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя.

Сярэдняя тэмпература студзеня −6,6⁰С, ліпеня 18,3⁰С. Ападкі 609 мм у год. Вегетацыйны перыяд 192 дні.

У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пераважаюць сасновыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы, распаўсюджаны асінавыя, дубовыя і грабавыя лясы. Сярэдняя лясістасць каля 49 %. У сельска-гаспадарчым ужыванні 38,8 % зямель.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004
  • Республика Беларусь. Энциклопедия в 6 томах. Т. 5. Мн.: БелЭн, 2007