Валянцін Іванавіч Даніловіч
Валянцін Іванавіч Даніловіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 лютага 1936 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 мая 1970 (34 гады) |
Месца смерці | Крым, УССР, СССР |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Род войскаў | выпрабавальнік парашутнай і касмічнай тэхнікі |
Званне | старшы інжынер-лейтэнант |
Узнагароды і званні |
Валянцін Іванавіч Даніловіч (15 лютага 1936, Калодзішчы, Мінскі раён, Мінская вобласць, БССР — 20 мая 1970, Крым) — савецкі выпрабавальнік парашутнай і касмічнай тэхнікі, майстар парашутнага спорту СССР . Шасціразовы рэкардсмен свету па парашутным спорце[1]. Першы чалавек у свеце, які пабываў у стане бязважкасці ў самалёце-лабараторыі[2][3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца Івана Іосіфавіча і хатняй гаспадыні Марыі Данілаўны Даніловічаў. Дзед працаваў старшынёй калгаса ў Негарэлым, быў расстраляны як польскі шпіён[4].
У дзяцінстве пераехаў з сям’ёй у вёску Дубовы Лог, дзе пайшоў у школу. Потым жыў у Асіповічах, Лапічах, скончыў школу на Сахаліне.
У 1954 годзе паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, падчас навучання захапіўся парашутным спортам. 11 лютага 1956 года ўстанавіў свой першы сусветны рэкорд у скачках з парашутам на дакладнасць прызямлення. У 1957 годзе стаў удзельнікам сусветнага парашутнага групавога рэкорда.
Падчас вучобы ў інстытуце пачаў займацца фатаграфіяй, удзельнічаў у фотавыстаўках, стаў адным з піянераў паветранай здымкі з замацаваным на ахоўным шлеме фотаапаратам[4]. У 1961 годзе скончыў інстытут па спецыяльнасці «інжынер-электрамеханік», пасля чаго працаваў інжынерам-канструктарам у навукова-даследчым інстытуце парашутабудаўніцтва.
У 1962 годзе ўдзельнічаў ва ўстанаўленні двух сусветных парашутных групавых рэкордаў.
У жніўні 1963 — красавіку 1965 года працаваў старшым інжынерам і парашутыстам-выпрабавальнікам Лётна-даследчага інстытута імя М. М. Громава . Выканаў чатыры катапультаванні і каля пяцідзесяці выпрабавальных скачкоў з парашутам. Правёў выпрабаванні некалькіх тыпаў парашутаў і катапультнага крэсла К-5.
У чэрвені 1964 года напісаў заяву камандуючаму Ваенна-паветранымі сіламі СССР, галоўнаму маршалу авіяцыі Канстанціну Вяршыніну з просьбай уключыць яго для палёту ў космас у якасці інжынера і кінааператара.
У рамках падрыхтоўкі да першага выхаду чалавека ў адкрыты космас Сяргей Каралёў паставіў задачу выпрабаваць адмысловы скафандр і шлюзавую камеру, якія ў самыя кароткія тэрміны былі сканструяваны і выраблены пад кіраўніцтвам Гая Севярына .
Валянцін Даніловіч выпрабоўваў і адпрацоўваў сістэму шлюзавання і выхаду ў адкрыты космас[3]. Для стварэння бязважкасці выкарыстоўваўся самалёт Ту-104, усярэдзіне якога знаходзіўся макет касмічнага карабля «Усход-2 » са шлюзавай камерай. Лётчык разганяў самалёт да максімальнай хуткасці, браў штурвал «на сябе» і адразу ж «ад сябе»: Ту-104 рабіў «доўгую горку» — ляцеў па «парабале Кеплера». На вяршыні парабалы на 30 секунд стваралася бязважкасць — выпрабавальнік павісаў у паветры, пасля чаго самалёт зноў прымаў гарызантальны палёт, і выпрабавальнік падаў на падлогу[1].
У 1965 годзе перайшоў на службу ў Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут ВПС імя В. П. Чкалава , дзе працягваў выпрабоўваць парашуты і катапультавыя крэслы. На працягу жыцця зрабіў каля 1000 парашутных скачкоў, 6 спроб катапультавання, удзельнічаў ва ўстанаўленні 3 сусветных парашутных рэкордаў[1].
20 мая 1970 года Валянцін Даніловіч выпрабоўваў новае катапультнае крэсла К-36 на палігоне пад Феадосіяй. З-за памылкі штурмана Су-7 ён прызямліўся не на сушы, а ў заліве, заблытаўся ў стропах і захлынуўся. Лекары засведчылі смерць ад утаплення. Па іншай версіі, у час катапультавання лётчык атрымаў пералом пазваночніка, што замінала яму дзейнічаць у вадзе[4].
У далейшым за паспяховае выпрабаванне катапультнага крэсла К-36 быў узнагароджаны званнем Героя Савецкага Саюза Алег Хамутоў[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1956 годзе прысвоена званне майстара парашутнага спорту СССР .
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У 1994 годзе ў музеі школы № 2 горада Асіповічы адкрыўся пакой, прысвечаны Валянціну Даніловічу[5].
У 2001 годзе камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі генерал-палкоўнік Георгій Шпак звярнуўся да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пасмяротна прысвоіць Валянціну Даніловічу званне Героя Беларусі «за вялікі ўнёсак у стварэнне і выпрабаванне новых узораў парашутна-дэсантнай тэхнікі, праяўленыя пры гэтым высокае прафесійнае майстэрства, мужнасць і гераізм»[1][4].
Зноскі
- ↑ а б в г д Николай Качук.. Полет длиною в жизнь (руск.). Мінск: СБ. Беларусь сегодня (19 мая 2001). Праверана 02.04.2020.
- ↑ Нашыя на арбіце: беларусы, якія ляталі ў космас . Мінск: Новы Час (12 красавіка 2018). Праверана 02.04.2020.
- ↑ а б Наши на орбите. Кто из белорусов осваивал космос (руск.). Мінск: Аргументы и факты (11 красавіка 2014). Праверана 02.04.2020.
- ↑ а б в г Анна Крючкова.. Космос начинался на Земле (руск.). Мінск: Аргументы и факты № 15 ад 14 красавіка 2010 года (14 красавіка 2010). Праверана 02.04.2020.
- ↑ Акцёр Папанаў заплакаў, калі пачуў, як ён загінуў (недаступная спасылка). Магілёў: Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (16 красавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2020. Праверана 03.04.2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 4. Графік — Зуйка / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — 608 с.: іл., карты. — С. 138