Вялікалятчанскі батанічны сад

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
План зямельных угоддзяў Вялікалятчанскага батанічнага сада Беларускай акадэміі навук

Вялікалятчанскі батанічны сад — батанічны сад ў в. Вялікія Лётцы Віцебскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне батанічнага сада звязана з імем вучонага-батаніка Уладзіміра Уладзіміравіча Адамава, які пасяліўся тут у 1899 г. пасля заканчэння Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У сваім спадчынным маёнтку даследчык пасадзіў батанічны і вопытна-акліматызацыйны сады, пабудаваў цяпліцы і парнікі, пачаў сістэматычнае вывучэнне мясцовай флоры[1].

Значную частку калекцыі У. У. Адамаў прывёз з сядзібы «Белы калодзеж»[ru] у Курскай губерні. Насенне і расліны набываў у батанічных садах Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, Акадэміі навук Расіі, садовых арганізацыях Варшавы, Парыжа, Жэневы і інш. У стварэнні сада ўдзельнічалі таксама вядомыя батанікі таго часу Я. К. Касельрынг, К. Н. Вагнер, Р. Ф. Німан, Х. Я. Гобі. Шмат карысных парад па вырошчванні раслін у клімаце Паўночнай Беларусі даў вучоны садавод Батанічнага сада Расійскага Імператарскага ляснога інстытута[ru] Э. Л. Вольф. Для больш актыўнага абмену з калегамі У. У. Адамаў выдаў некалькі каталогаў раслін свайго сада. У выніку да 1910 г. даследчыкам сабрана 344 віды дрэвавых і 664 віды травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей. Сярод іх былі экзэмпляры з розных месцаў Паўночнага паўшар’я і акліматызаваныя прадстаўнікі азіяцкай, заходнееўрапейскай і іншай флоры, якія добра пераносілі мясцовы клімат. Меліся калекцыі бэзу, дрэвавых і травяністых раслін-альбіносаў, стракаталістых форм дрэў (клён вастралісты, вольха шэрая, бяроза нізкая, асіна), шмат раслін з сямейства араліевых (аралія маньчжурская, калапанакс сямілопасцевы, акантапанакс сядзячакветны) і інш[1].

Вялікалятчанскі батанічны сад страціў частку сваёй калекцыі ў гады Першай сусветнай вайны. У далейшым маёнтак У. У. Адамава экспрапрыіраваны савецкімі дзяржаўнымі органамі. Сад з 1918 года знаходзіўся ў распараджэнні Віцебскага агранамічнага пададдзела губернскага зямельнага аддзела, з 1923 года - Віцебскага сельскагаспадарчага тэхнікума, з 1924 года - Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Былы ўладальнік прызначаны загадчыкам сада, і з некалькімі памочнікамі ў штаце працягваў яго догляд. У гэты перыяд тут расло каля 400 відаў дрэвавых парод, мелася калекцыя шматгадовых травяністых раслін, цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый «Жывы зельнік», гадавальнік, дзе вырошчвалася больш за 2000 відаў лекавых, тэхнічных, ягадных і іншых раслін, працаваў батанічны музей, праводзіўся збор больш за 1000 відаў насення. Па прапанове вучонага ў садзе была выдзелена запаведная зона плошчай да 18 дзесяцін зямлі[1].

У 1920-я гг. частка раслін з калекцыі Вялікалятчанскага батанічнага сада (да 200 відаў) перавезена ў Віцебск, дзе ў гэты перыяд закладваўся гарадскі Батанічны сад. Пасля 1924 г. У. У. Адамаў працаваў у батанічных установах Віцебска, Мінска, Крыма. У 1926 г. батанічны сад у Вялікіх Лётцах уключаны ў спіс помнікаў мастацтва, даўніны, быту і прыроды Беларусі. Аднак у далейшым, пакінуты без нагляду, ён прыйшоў у заняпад[1].

Напярэдадні Другой сусветнай вайны на яго былой тэрыторыі яшчэ існавала каля 100 відаў дрэвавых парод, якія ў наступныя гады былі страчаны. У сядзібным доме У. У. Адамава з 1946 г. размясціўся дзіцячы дом. У цяперашні час у Вялікіх Лётцах захаваліся асобныя экзэмпляры бэзу венгерскага, ліпы шырокалісцевай, клёна палявога, таполі пятроўскай, бузіны чорнай, маліны духмянай і іншых раслін з колішняга батанічнага сада[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]