Олтуш
Аграгарадок
Олтуш
| ||||||||||||||||||||||
О́лтуш[1] (трансліт.: Oltuš, руск.: Олтуш) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на ўсходнім беразе Олтушскага возера. Уваходзіць у склад Олтушскага сельсавета. Размешчаны за 15 км на поўдзень ад горада і чыгуначнай станцыі Маларыта, 67 км ад Брэста. На аўтадарозе Маларыта — Олтуш. 241 гаспадарка, 699 жыхароў (2005).
Пункт пропуску на мяжы з Украінай. З украінскага боку яму адпавядае пункт пропуску «Пішча» (укр.: Піща) Шацкага раёна Валынскай вобласці, мае статус міждзяржаўнага (прызначаны толькі для грамадзян Беларусі і Украіны).
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У ваколіцах вёскі ў 1930-я г. знаходзілі крамянёвыя наканечнікі коп’яў, мноства дробных апрацаваных крамянёў — разцы, нажы. Знаходкі сведчаць аб тым, што людзі пасяліліся ў гэтай мясцовасці ў старажытныя часы.
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з 16 ст. Упамінаецца ў 1546 годзе ў юрыдычным дакуменце пры апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Згодна з рэвізіяй Берасцейскай эканоміі, у 1566 годзе сяло, цэнтр Олтушскага войтаўства Палескай воласці.
У 1668 годзе налічвалася 32 валокі, 1 валока належала уніяцкай царкве, 19 безгаспадарчых валок, 45 аселых гаспадарак. 26 лістапада 1679 года быў аформлены рэвізорны ліст на Олтушскую царкву, 10 красавіка 1685 года — прывілей, які пацвярджае гэты ліст. Згодна з інвентаром 1682 года, сяло, цэнтр войтаўства Палескага ключа, 68 аселых гаспадарак, 32 валокі зямлі, 2 валокі належалі царкве.
У 1792 годзе прывілей караля Станіслава Аўгуста святару Сымону Паўловічу на каад’юторыю царквы Праабражэння Гасподня ў Олтушы.
Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло ў пажыццёвае валоданне генерал-маёру Мікалаю Ланскому. У другой палове 19 — пачатку 20 ст. сяло, цэнтр воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні.
У 1854 годзе было 100 драўляных жылых будынкаў. Дзейнічалі валасное праўленне, карчма, царква, капліца, працавалі запасны магазін, школа. У 1859 годзе В. С. Парошын прадаў маёнтак Олтуш калежскаму саветніку А. К. Маймескулу. У 1860-я г. сяло адносілася да маёнтка Олтуш памешчыка Маймескула. У 1862 годзе было адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1878 годзе сяляне в. Олтуш аказалі супраціўленне, адмовіліся плаціць штрафы за выпас жывёлы на панскіх лугах. Паводле рашэння суда апісана і прададзена жывёла.
У 1886 годзе ў Олтушы меліся валасное праўленне, царква, капліца, земскае народнае вучылішча, карчма, млын. У школе вучылася 66 дзяцей (з іх 3 дзяўчынкі). У 1890 годзе было 658 вучняў. У 1881 годзе сяло моцна пацярпела ад пажараў.
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
У 1921—39 гг. вёска ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1930-я г. тут дзейнічаў Маларыцкі райкам КПЗБ. Працавалі пачатковая школа (у 1937 — 79 вучняў), спажывецкае таварыства.
З верасня 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 22 чэрвеня 1942 года фашысты расстралялі 11 мірных жыхароў. На франтах загінулі і прапалі без вестак 22 вяскоўцы.
21 кастрычніка 1949 года арганізаваны калгас імя Калініна. У 1962—65 гг. у Брэсцкім раёне. У наш час цэнтр калгаса «Перамога».
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- XVI стагоддзе:
- 1566 — 31 двор, 79 сем’яў.
- XVIII стагоддзе:
- 1795 — 303 рэвізскія душы мужчынскага і 329 жаночага полу
- XIX стагоддзе:
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2000 — 250 гаспадарак, 739 жыхароў.
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, 3 магазіны, ашчадны банк, кафэ, лясніцтва, ветучастак.
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Радовішча будаўнічых пяскоў
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Праабражэнская царква, іканастас (1783, абноўлена ў 1862 і 1879) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000520
- Капліца Святога Аляксея (1872), на могілках
- Брацкая магіла (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000519
- Стаянка жалезнага веку
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Во́лтуш, Аўту́ш
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004—2021.
- Деревня Олтуш: История и современность. Ч. 4. — Малорита, 2010. — 106 с.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Олтуш
- Олтуш на сайце Глобус Беларусі (руск.)