Вікіпедыя:Артыкулы года/Найлепшыя артыкулы 2015 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Календарь

Найлепшыя артыкулы 2015 года[правіць зыходнік]

Былі абраны паводле вынікаў галасавання (гл. Вікіпедыя:Артыкулы года/2015)

Уста́ва аб кірава́нні, ці Канстыту́цыя 3 ма́я (польск.: Ustawa rządowa, Konstytucja 3 maja) — асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам 3 мая 1791 г. у Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі (т.зв. «змешанай манархіі» — monarchia mixta) на канстытуцыйную манархію.

Канстытуцыя рэгулюе правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначае прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Галоўная ўвага надаецца сферы палітычных адносін — вызначэнню падзела галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай), а самы вялікі і дэталёва прапісаны артыкул Канстытуцыі прысвечаны каралю (вялікаму князю) як кіраўніку выканаўчай улады. У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя) у грамадстве і сістэме ўлады. Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Канстытуцыяй назаўсёды скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета (liberum veto) у сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

(далей…)


Макс Карл Эрнст Лю́двіг Планк (ням.: Max Karl Ernst Ludwig Planck, 23 красавіка 1858, Кіль4 кастрычніка 1947, Гётынген) — выдатны нямецкі фізік, заснавальнік квантавай тэорыі, які перадвызначыў асноўны кірунак развіцця фізікі з пачатку XX стагоддзя.

Навуковыя працы Планка прысвечаныя тэрмадынаміцы, тэорыі цеплавога выпраменьвання, квантавай тэорыі, спецыяльнай тэорыі адноснасці, оптыцы. Ён сфармуляваў другі пачатак тэрмадынамікі ў выглядзе прынцыпу ўзрастання энтрапіі і выкарыстоўваў яго для вырашэння розных задач фізічнай хіміі. Прымяніўшы да праблемы раўнаважнага цеплавога выпраменьвання метады электрадынамікі і тэрмадынамікі, Планк атрымаў закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела (формула Планка) і абгрунтаваў гэты закон, увёўшы ўяўленне аб кванце энергіі і кванце дзеяння. Гэта дасягненне паклала пачатак развіццю квантавай фізікі, распрацоўкай розных аспектаў якой ён шмат займаўся ў наступныя гады («другая тэорыя» Планка, праблема структуры фазавай прасторы  (англ.), статыстычная механіка квантавых сістэм і так далей). Планк упершыню вывеў ураўненні дынамікі рэлятывісцкай часціцы і заклаў асновы рэлятывісцкай тэрмадынамікі. Шэраг работ Планка прысвечаны гістарычным, метадалагічным і філасофскім аспектам навукі.

(далей…)


Гэты спіс уключае ў сябе толькі тых асоб, якія былі прыведзены да прысягі ў якасці Прэзідэнта пасля ратыфікацыі Канстытуцыі Злучаных Штатаў, якая ўступіла ў сілу 4 сакавіка 1789 года. Амерыканскія лідары да ратыфікацыі Канстытуцыі з'яўляліся Прэзідэнтамі Кантынентальнага Кангрэса. Апроч таго, спіс не ўключае ў сябе асоб, якія выконвалі абавязкі Прэзідэнта паводле Дваццаць пятай папраўкі да Канстытуцыі ЗША.

Дзеючым, 44-м прэзідэнтам, з'яўляецца Барак Абама2009 года). Традыцыйна некалькі паслядоўных тэрмінаў прэзідэнцтва нумаруюцца як адзін, але абодва прэзідэнцтва Гровера Кліўленда абазначаюцца як 22-е і 24-е, так як яны не праходзілі запар. Такім чынам, за ўсю гісторыю існавання пасады Прэзідэнта ЗША яе займалі 43 чалавекі. З усіх прэзідэнтаў ЗША чацвёра памерлі на пасадзе сваёй смерцю (Уільям Гарысан, Закары Тэйлар, Уорэн Гардзінг і Франклін Рузвельт), чацвёра былі забіты (Аўраам Лінкальн, Джэймс Гарфілд, Уільям Мак-Кінлі і Джон Кенэдзі) і адзін падаў у адстаўку (Рычард Ніксан).

(далей…)


Эрнэ́ст Мі́лер Хемінгуэ́й (англ.: Ernest Miller Hemingway; 21 ліпеня 18992 ліпеня 1961) — амерыканскі пісьменнік і журналіст. Аўтар шматлікіх апавяданняў і рэпартажаў. Майстар дыялога і ўнутранага маналога. Яго творы, адметныя драматызмам, экспрэсіўнасцю, сугестыўнасцю аповеду з глыбокім падтэкстам, насычаны біблейскімі матывамі і вобразамі-сімваламі. Яго стрыманы рэалістычны стыль моцна паўплываў на літаратуру XX cтагоддзя, а жыццё, поўнае прыгод, і грамадскі імідж аказалі ўплыў на наступныя пакаленні.

У 1954 годзе Эрнэст Хемінгуэй атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. За сваё жыццё ён апублікаваў сем раманаў, шэсць зборнікаў апавяданняў і два дакументальныя творы. Апроч таго, яшчэ тры раманы, чатыры зборнікі апавяданняў і тры дакументальныя творы былі апублікаваны пасмяротна. Многія з яго твораў лічацца класікай амерыканскай літаратуры. (далей…)