Гарадзенскае княства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гарадзенскае княства (1116 — кан. XIV ст.) — удзельнае княства Русі і ВКЛ з цэнтрам у горадзе Горадне.

Выдзелена з Тураўскай зямлі ў 1116, як удзел для князя Усеваладкі пасля яго шлюбу з дачкой Уладзіміра Манамаха і палітычна залежала ад вялікага князя кіеўскага, рэлігійна падпарадкоўвалася Тураўскай епархіі. Ахоплівала тэрыторыю дрыгавіцкай каланізацыі ў ятвяжскіх землях.

На думку некаторых даследчыкаў, Гарадзенскае княства было невялікім ускраінным удзелам, князі якога не маглі прымаць актыўнага ўдзелу ў агульнарускіх справах[1]. Але ў той час, калі не кожнае ўдзельнае княства Русі магло дазволіць сабе будаўніцтва нават адной каменнай царквы, у Горадне ў 2-й пал. XII ст. былі збудаваны 4 каменныя царквы, каменны княжацкі палац і каменныя умацаванні на дзяцінцы. У Ваўкавыску была закладзена, але не дабудавана, каменная царква на ўзор гарадзенскіх, таксама была збудавана каменная Барыса-Глебская царква ў Новагародку.

Усё гэта сведчыць аб велічыні і заможнасці Гарадзенскага княства, чаму спрыяла выгаднае геаграфічнае становішча, гарадзенскія князі кантралявалі гандлёвыя шляхі з Балтыйскага мора, праз Нёман, у басейн Дняпра. Першы шлях праходзіў па левым прытоку Нёмана — Росі, далей праз волак каля Ваўкавыска ў Ясельду і Прыпяць. Другі шлях праходзіў па правым прытоку Нёмана — Заходняй Бярэзіне, далей праз волак каля горада Лошаска ў Свіслач, Бярэзіну і Дняпро. Гэтыя шляхі напрамую вялі з Паўднёвай Русі да вострава Готланд і Заходняй Еўропы і на меркаванне некаторых даследчыкаў былі больш старажытнымі, чым т.зв. шлях з вараг у грэкі[2][3].

У XII ст. гарадзенскія князі не раз удзельнічалі ў войнах рускіх княстваў. Так, Усеваладка ўдзельнічаў у паходзе супраць Полацкай зямлі (1127) і літвы (1132), а яго сыны Барыс, Глеб і Мсціслаў Усеваладавічы ўдзельнічалі ў міжусобіцах галіцка-валынскіх князёў (1144), паходах на Кіеў (1151, 1173) і супраць полаўцаў (1170, 1183).

Пасля смерці Усевалада з Гарадзенскага княства верагодна вылучылася 2 удзелы — Ваўкавыскі і Новагародскі. У 1250-х, відаць, з Новагародскага, выдзяліўся Слонімскі ўдзел.

Не выключана, што з кан. 12 ст.—пач. 13 ст. княства перыядычна залежала ад галіцка-валынскіх князёў. Пасля 1240-х[4] — удзельнае княства ВКЛ, у 1253—1277 за землі княства вялася барацьба між галіцка-валынскімі і літоўскімі князямі. Так, у 1274 князь Трайдзень сіламі гарадзенскага апалчэння захапіў у Галіцка-Валынскага княства горад Дарагічын. У 1270-я—1280-я гг. сюды перасялілася частка прусаў-бартаў, што ўцякалі ад націску нямецкіх рыцараў. З дапамогай прускіх перасяленцаў у 1277 быў адбіты супольны паход на княства татар і залежных ад іх князёў Русі.

Пасля 1284 княства робіцца цэнтрам барацьбы супраць крыжаносцаў (гл. таксама: Давыд Гарадзенскі). З 1-ай пал. XIV ст. княства належала Кейстуту, а пазней Вітаўту, які ў канцы XIV ст., пры ліквідацыі ўдзельных княстваў у ВКЛ, пераўтварыў яго ў староства. У 1413 староства пераўтворана ў Гарадзенскі павет у складзе Троцкага ваяводства. (гл. таксама: Гарадзельская унія).

Зноскі

  1. М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн.: Маст.літ., 2001. с. 257.
  2. В. Б. Перхавко, Опыт комплексного использования письменных и материальных источников для реконструкции истории Припятско-Бугского пути в ІХ-ХІІІ вв. // Проблемы исторической географии России, Москва 1983, с. 21.
  3. В. А. Булкин, В. Н. Зоценко, Среднее Поднепровье и Неманско-Днепровский путь ІХ-ХІ вв. // Проблемы археологии Южной Руси, Киев 1990, с. 123.
  4. Магчыма, не раней за кан. 1260-х, паводле Ермаловіча.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. — Мн. : Наука и техника, 1968.
  • Ермаловіч М. І. Гарадзенскае княства // БелСЭ. Т.3. — Мн. : БелЭн, 1971.
  • Госцеў А. П., Швед В. В. Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990 гг.). — Гродна: НВК «Пергамент», 1993.
  • Назаренко А. В. Городенское княжество и городенские князья в XII в. // Древнейшие государства Восточной Европы, 1998 г.: Памяти чл.-корр. РАН А. П. Новосельцева. М., 2000. С.169-189. ISBN 5-02-018133-1