Барысаглебская царква, Гродна

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Галоўны фасад
St Barys and Hleb Church Horadnia.JPG

Барысаглебская царква — знаходзіцца ў Гродне на правым беразе р. Нёман, побач з Замкавай гарой, непадалёку ад Старога замка. Пабудавана ў 2-й палавіне 12 ст. з цэглы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Багародзіца Адзігітрыя Каложская

Як лічыцца, пабудавана царква ў 1180-ыя гады[1].

Назва царквы, верагодна, звязана з імёнамі яе заснавальнікаў князёў Барыса і Глеба Усеваладавічаў. Атрымала сваё другое імя — Каложская ад імя мясцовасці, калі, як лічыцца, у 1405 годзе вялікі князь Вітаўт пасяліў каля царквы палонных калажан, жыхароў горада Пскова[2].

Аднаўлялася ў пачатку 16 ст. дойлідам Богушам Багутовічам (Багувіцінавічам) пасля таго, як была разбурана крыжакамі. Пры царкве існаваў манастыр, якому вялікі князь Аляксандр Ягелончык у 1500 г. ахвяраваў маёнтак Чэшчэўляны з-за павагі да старажытнасці прыстанка. Наступныя ахвяраванні манастыру рабіў кароль Жыгімонт I Стары ў |1508 г. і 1538 г. На гравюры М. Цюндта 1568 г. бачна царква пасля гэтай перабудовы — страчаны рысы крыжова-купальнага храма, над дахам узведзены высокі шацёр, шчыпец апсіды завершаны невялікім крыжам, да паўднёва-заходняга боку далучана круглая ў сячэнні ярусная, завершаная купалам вежа-званіца. Пасля Брэсцкага сабора 1596 г. пры царкве створаны Каложскі базыльянскі кляштар.

У 17 ст. згодна з лягендай царква была моцна пашкоджана падчас вайны з Расіяй. Маскоўскае войска, захапіўшы горад, разбурыла скляпенні і засыпала іх зямлёй, а наверсе былі пастаўлены гарматы, якія стралялі па Старому замку. Па іншым звесткам, гарматы стаялі па даху царквы, з-за чаго скляпенні і разбурыліся[3].

У 19 ст. у сувязі з змяненнямі берагавой лініі Нёмана з'явілася небяспека знішчэння помніка. Ужо ў 1840 годзе на сценах з'явіліся расколіны[4], пазней была часткова разбурана ў 185359 гг. у выніку апоўзняў (абваліліся частка заходняй сцяны і скляпенні), у 1872—73 гг. рэканструявана (у апсідзе створана капліца ў імя святых Барыса і Глеба). Часткова абвалілася ў 1889 г. Упершыню помнік навукова апісаны і замаляваны мастаком В. В. Гразновым у 1860-я гг., адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1869 г.

Царква з'явілася першым помнікам, пытанне пра захаванне якой разглядалася Імператарскай археалагічнай камісіяй у 1896 г.; у 1904 г. пры Сінодзе створана спецыяльная камісія па яе рэстаўрацыі; у 1914 г. архітэктар камісіі П. П. Пакрышкін падаў у сінодскую камісію праект рэстаўрацыі храма. Работы па кансервацыі праведзены ў 1910 г. і 1935 г., кансервацыйна-рамонтныя — у 1970 г. Захаваліся паўночная і частка заходняй сцяны, апсіда са скляпеннямі і 2 міжнефавыя слупы. Знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Дзейнічае. 24.9.1995 г. храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Аздабленне вокнаў
Устаўкі з валуноў і маёлікавых плітак

Царква з'яўляецца выдатным помнiкам старажытнарускага і візантыйскага царкоўнага дойлідства. Адносіцца да крыжова-купальных, 6-стоўпных, 3-нефавых, 3-апсідных базілік. Першапачаткова мела памер 13,5 на 21,5 м, а таўшчыня сцен дасягала 1,2 м[5].

Аб'ём храма завяршаўся адным купалам і меў пазакамарнае пакрыццё. Фасады крапаваны слаёнымі 3-ступеньчатымі лапаткамі (сярэднія ўступы скругленыя). Вуглавыя лапаткі з заходняга боку скошаныя. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы раўнарадавай муроўкі. Выкарыстоўвалі цагліны лякальныя, трапецападобныя, з паўкруглым шырокім бокам, са скошаным вуглом. На тарцах некаторых цаглін ёсць лічбы і рэльефныя знакі[6]. Раствор вапнавы з дамешкам цамянкі і вугалю. Падмуркі на глыбіні 1,5 м складзены з камянёў сярэдніх памераў без раствору.

Фасады ўпрыгожаны ўстаўкамі з паліраваных валуноў і маёлікавых плітак карычневага, зялёнага і жоўтага колераў. Памеры камянёў у сценах памяншаюцца ўгару, што візуальна яе аблягчае. 3 маёлікавых плітак набраны крыжы з закругленымі ці трапецападобнымі канцамі. Вялікія каляровыя камяні і фігурныя керамічныя пліткі ўтваралі непадобныя адна на адну геаметрычныя фігуры і крыжы. Гэта стварала ўражанне, што для аздобы выкарыстаны не простыя матэрыялы, а каштоўныя камяні[7]. На галоўным фасадзе знаходзіцца ўваходны арачны праём.

Унутраннае ўбранства

Унутраная прастора расчлянёна круглымі слупамі (дыяметр каля 1,2 м) на прамавугольных цокалях, уверсе паступова набываюць крыжападобную форму: 4 усходнія падкупальныя, 2 заходнія пад хорамі, якія абапіраліся на корабавае скляпенне. У тоўшчы сцяны апсіды размешчаны вузкія лесвіцы, якія вялі на драўляныя бакавыя галерэі, аб'яднаныя з хорамі (не захаваліся). Асаблівасць інтэр'ера — мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі паўночнай, заходняй і паўднёвай сцен і скляпенні. Удала падабраныя галаснікі не толькі стваралі належную акустыку , але і памяншалі вагу скляпенняў[8]. У верхняй частцы сцен размяшчаліся вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. Сцены былі аздоблены фрэскавым жывапісам (не захаваўся; вядомы па малюнках В. В. Гразнова). Падлога была з квадратных маёлікавых плітак. Пад ёй захаваўся культурны пласт, які існаваў да будаўніцтва храма. Цэнтральная апсіда вылучана 2-ярусным драўляным іканастасам (створаны ў 1996—99, мастак-рэстаўратар з Рыгі А. Льянаў). Пад храмам мелася крыпта з пахаваннямі са славянскімі надпісамі; у 1857 г. на заходняй сцяне храма меўся камень з надпісам «Положен раб Божи Елизар лета от сотворения мира 6998 (1490)».

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулагін А. М. Праваслаўны храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2001. ІSВN 985-11-0190-7
  • Горадна, Горадзен, Гродна: нарысы. А. Марціновіч. - Мн.: Маст. літ., 2008. - 112 с. - (Твае гарады, Беларусь). ІSВN 978-985-02-0921-4
  • Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi: Т 3. — Мн.: БелЭн, 1996.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

герб Гродна Гродзенская школа дойлідства Каложская царква

Барысаглебская царкваВаскрасенская царкваЗамкавая царква ў ВаўкавыскуКняжацкі церамМалая царкваМураваныя сцены XII ст.Ніжняя царкваПрачысценская царква



Cite error: Для існуючага тэга <ref> не знойдзена адпаведнага тэга <references/>