Перайсці да зместу

Гарадзец (гарадзішча, Крычаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Гарадзец
Краіна

Гарадзец (мясцовыя назвы «Цвінтар», ці «Прачысценская горка»[1]) — гарадзішча, размешчанае ў цэнтральнай частцы Крычава, на левым беразе ручая Крычавец (правы прыток р. Сож). Пляцоўка моцна пашкоджана, захавалася яе частка даўжынёй 50 м, шырынёй 16 м на поўначы і 5 м на поўдні. 3 паўночнага боку ўмацавана ровам шырынёй 16 м і глыбінёй 1,5 м.

Абследавалі ў розныя гады В. В. Сядоў, Г. В. Штыхаў, П. Ф. Лысенка. Археалагічныя даследаванні праводзілі М. А. Ткачоў (1974, плошча 46 м²) і А. А. Мяцельскі (1995—2000, плошча 168 м²). Культурны пласт таўшчынёй да 3,5 м, стратыграфічна падзяляецца на 3 гарызонты. На мацерыку знойдзены фрагменты гаршкоў сярэднедняпроўскай культуры ранняга перыяду бронзавага веку.

Ніжні гарызонт культурнага пласта дасягае магутнасці 0,6—0,9 м, адносіцца да днепра-дзвінскай культуры і, мяркуючы па знаходках, адклаўся ў VIII ст. да н.э. — I ст. н.э. У ім выяўлены глінабітныя падлогі рэшткаў пабудоў. Пабудовы размяшчаліся па цэнтры помніка, пакідаючы вольнымі ад забудовы тэрыторыю, прылеглую да фартыфікацыйных збудаванняў, што збліжае планіроўку і тэхніку будаўніцтва крычаўскага «Гарадца» з домабудаўнічай традыцыяй юхнаўскіх плямёнаў. У гэты ж час на гарадзішчы былі ўзведзены фартыфікацыйныя збудаванні ў выглядзе вастракола і выкапаны роў з паўночнага боку.

Прыкладна ў II ст. да н.э. — I ст. н.э. тут быў узведзены абарончы вал вышынёй да 1 м. Сярэдні стратыграфічны гарызонт мае магутнасць 0,2—0,95 м і датуецца IIIV стст. У яго запаўненні знойдзена кераміка тыпу сярэдняга слоя гарадзішча Тушамля, сярпы, нажы, упрыгажэнні. У гэты час абарончы вал гарадзішча неаднаразова ўзмацняўся. Сярэдні стратыграфічны гарызонт быў аддзелены ад першага праслойкай пажарышча.

Верхні стратыграфічны гарызонт таўшчынёй 0,7—1,2 м моцна пашкоджаны могілкамі XVIII ст. У яго ніжняй частцы сустракаюцца нешматлікія фрагменты керамікі гаршкоў тыпу верхняга слоя гарадзішчаў Тушамля і Дзямідаўка (V—VIII стст.). Асноўная маса матэрыялу верхняга стратыграфічнага гарызонта адносіцца да X—XIII стст. Сярод знаходак кераміка, шкляныя бранзалеты, пацеркі, наканечнікі стрэл, нажы, суліцы, пінцэт. Наверсе абарончага вала ў гэты перыяд стаяў вастракол. На поўнач ад гарадзішча ў 10—13 ст. знаходзілася селішча (плошча каля 1 га), на якім знойдзена кераміка гэтага часу, шкляныя бранзалеты.

Комплекс з гарадзішча і селішча X—XII ст. складалі аснову першапачатковага «Кречюта», які згадваецца ў Статуце Расціслава Мсціславіча (1136). У другой палове XII ст. паселішча пачало перамяшчацца на бераг Сажа і спынілася тут на пачатку XIV ст.

Яшчэ ў інвентары горада 1747 г. адзначаецца: «Гарадзішча старое, паўцыркуля (паўкруга) якога змыла рэчка Крычаўка. Некалі замак быў тут»[1].

Зноскі