Шопран
Горад
Шопран
Sopron
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Шо́пран (венг.: Sopron, ням.: Ödenburg) — горад на паўночным захадзе Венгрыі, каля аўстрыйскай граніцы. Другі па велічыні горад медзье Дзьёр-Мошан-Шопран пасля Дзьёра. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2014 года — 61 249[1] чалавек.
Геаграфія і транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Горад размешчаны прыкладна за 220 кіламетраў на захад ад Будапешта, за 80 кіламетраў на захад ад Дзьёра, за 50 кіламетраў на поўнач ад Сомбатхея і за 60 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Вены. Аўстрыйская граніца праходзіць у 6 кіламетрах ад горада. Праз Шопран працякае невялікая рака Іква, якая належыць да басейна возера Нойзідлер-Зэе (Ферцё). Само возера ляжыць за 10 кіламетраў на паўночны ўсход ад Шопрана. Горад звязаны аўтамабільнымі і чыгуначнымі шляхамі з Венай, Дзьёрам і гарадамі рэгіёна Балатана.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паселішча на месцы горада існавала з глыбокай старажытнасці. У рымскі перыяд тут існаваў горад Скарбантыя, які ляжаў на Бурштынавым гандлёвым шляху, што злучаў Прыбалтыку і паўднёвую Еўропу. Форум Скарбантыі знаходзіўся на тым жа месцы, дзе цяпер размяшчаецца галоўная плошча Шопрана.
Пасля краху імперыі горад быў цалкам спустошаны і зноў адноўлены ўжо пасля прыходу венграў. У XI стагоддзі тут былі пабудаваны гарадскія сцены і ўмацаваны замак. Сваю венгерскую назву — Шопран — горад атрымаў па імі аднаго з уладальнікаў замка. Першая згадка назвы Шопран зафіксавана ў 1153 годзе. У XIII стагоддзі Шопран атрымаў статус вольнага каралеўскага горада.
Падчас турэцкага нашэсця на Венгрыю ў XVI стагоддзі горад быў у 1529 годзе разрабаваны турэцкай арміяй, аднак усталяваць кантроль над Шопранам туркі не змаглі. У горад сцякалася вялікая колькасць бежанцаў з акупаваных тэрыторый, што прывяло да яго росту. У 1676 годзе Шопран быў знішчаны вялікім пажарам. Сучасны гістарычны цэнтр Шопрана быў адбудаваны ў некалькі наступных дзесяцігоддзяў. У гэты ж час Шопран стаў сталіцай аднайменнага камітата.
Пасля Першай сусветнай вайны і распаду Аўстра-Венгрыі ад Венгрыі былі адрынуты на карысць суседзяў значныя тэрыторыі. Заходняя Венгрыя (Бургенланд), разам з Шопранам паводле Сен-Жэрменскага і Трыянонскага дагавораў павінна была адысці да Аўстрыі, аднак Венгрыя адмаўлялася перадаваць горад. На Венецыянскай канферэнцыі ў кастрычніку 1921 г., пры пасродніцтве Італіі, Аўстрыя і Венгрыя дамовіліся, што лёс горада павінен вырашыць рэферэндум. На плебесцыце, які прайшоў у снежні 1921 г., 65 % галасоў было аддадзена за захаванне Шопрана ў складзе Венгрыі.
Падчас Другой сусветнай вайны горад значна пацярпеў, а амаль усё шматлікае яўрэйскае насельніцтва горада было знішчана ў лагерах смерці. Савецкая армія вызваліла Шопран 1 красавіка 1945 года.
19 жніўня 1989 года на аўстра-венгерскай граніцы побач з Шопранам адбыўся так званы Еўрапейскі пікнік. Па ўзаемнай дамоўленасці на тры гадзіны была адкрыта граніца паміж краінамі, чым скарысталіся звыш шасцісот грамадзян ГДР, якія з'ехалі на Захад. Шопранскі Еўрапейскі пікнік стаў адным з сімвалаў падзення жалезнай заслоны.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У сацыялістычны перыяд у горадзе было пабудавана некалькі індустрыяльных прадпрыемстваў. Пасля крушэння сацыялізму Шопран стаў адным з галоўных цэнтраў эканамічных сувязяў з Аўстрыяй. Хутка развіваецца турыстычная сфера. Вялікае значэнне мае харчовая прамысловасць, у тым ліку вінаробства і піваварства (марка «Шопрані»).
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычны цэнтр Шопрана ўяўляе сабой добра захаваны помнік гарадской планіроўкі XVI—XVIII стагоддзя. Большасць гістарычных пабудоў цэнтра горада — помнікі аўстрыйскага барока.
- Пажарная вежа. 60-мятровая вежа пабудавана ў стылі неарэнесанс. Першапачатковая вежа была пабудавана ў XI стагоддзі на рымскім падмурку і з тых часоў неаднаразова перабудоўвалася. У ніжняй частцы вежы знаходзяцца «Вароты вернасці» ў памяць пра рэферэндум 1921 года, на якім грамадзяне горада прагаласавалі за прыналежнасць Шопрана да Венгрыі. Вароты ўпрыгожаны дэвізам «Civitas Fidelissima» (Найверныя грамадзяне).
- Ансамбль цэнтральнай плошчы. Цэнтральная плошча (Fő tér) акружана старадаўнімі дамамі, большасць з якіх з'яўляецца помнікамі архітэктуры. Найбольш характэрны «дом Шторна» (цяпер музей), «дом генерала» (музей сучаснай скульптуры) і «дом Гамбрынус». У цэнтры плошчы стаіць чумная калона, або калона Святой Тройцы (1680, барока).
- Царква дамініканцаў. Вядомая таксама пад мянушкай «Казіная царква». Царква пабудавана ў гатычным стылі ў канцы XIII стагоддзя, неаднаразова перабудоўвалася. У сучасным абліччы царквы ўжо больш барочных рысаў, чым гатычных.
- Царква Святога Георгія. XVII—XVIII стагоддзя, барока. Да 1674 года належала пратэстантам, затым перададзена каталіцкаму ордэну езуітаў. Званіца пабудавана ў 1882 годзе.
- Старая сінагога. Адна з найстарэйшых сінагог Цэнтральнай Еўропы, пабудавана ў 1379 годзе.
- Лесагаспадарчы і лесапрамысловы ўніверсітэт Шопрана, заснаваны ў 1808 годзе, з'яўляецца адной з найбуйнейшых у Еўропе навучальных устаноў, якая спецыялізуюцца ў лесаводстве і лесазнаўстве.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе базуецца футбольная каманда — ФК Шопран. У 2005 годзе каманда выйграла кубак краіны. У сезоне 2007/2008 года каманда абвясціла пра банкруцтва, пасля чаго вынікі яе матчаў былі ануляваны, а каманда выключана з вышэйшага дывізіёна.
Знакамітыя людзі
[правіць | правіць зыходнік]- Ферэнц Ліст — знакаміты кампазітар. Нарадзіўся ў 1811 годзе ў мястэчку Добар’ян (сучасны аўстрыйскі Райдынг) непадалёк ад Шопрана.
- Рэжо Манінгер (1890—1970) — вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акадэмік (1939) і віцэ-прэзідэнт (1960—1966) Венгерскай АН. Замежны член УАСГНІЛ.
- Андраш Хегедзюш — венгерскі палітык XX стагоддзя, нарадзіўся ў вёсцы Сілшаркань пад Шопранам.
- Іван Пінкава — харвацкі скрыпач. Нарадзіўся ў Шопране.
- Іштван Хілер — венгерскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, старшыня Венгерскай сацыялістычнай партыі (2004—2007), міністр культуры (2003—2005), міністр адукацыі і культуры Венгрыі (чэрвень 2006 — май 2010).
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шопран
- Афіцыйны сайт