Горацкая філія «Аршанскага Маладняка»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка» — суполка паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў і літаратуразнаўцаў якое існавала ў 1926—1928 гг. пры Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках Магілёўскай вобласці і ўваходзіла ў «Маладняк» — Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў.

Гісторыя стварэння філіі[правіць | правіць зыходнік]

У стварэнні Горацкай філіі «Аршанскага Маладняка» вялікую ролю адыграў Міхаіл Ганчарык, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, член-карэспандэнт АН БССР, выхаванец Беларуская сельскагаспадарчай акадэміі 1924 года. «Не памятаю дакладна, — пісаў ён, — але здаецца, у сакавіку 1924 г. да мяне прыехалі Кандрат Крапіва і Уладзімір Дубоўка. …Крапіва і Дубоўка звярнуліся да мяне з прапановай арганізаваць філію „Маладняка“. Такія філіі ўжо былі ў некаторых акругах, і ім было даручана арганізаваць такую ж у Оршы. У гэты час у Оршы працаваў рабфак, якім кіраваў Акулік, загадчыкам вучэбнай часткі быў Сташэўскі. Я звязаўся з імі. Мы пагутарылі са студэнтамі, сярод якіх быў „знойдзены“ Тодар Кляшторны і два-тры хлопцы, якія пажадалі ўдзельнічаць у будучым „Маладняку“. Кіраўніцтва было сфарміравана ў саставе членаў праўлення Сташэўскага і Кляшторнага. Мяне прызначылі старшынёй філіі. Было вырашана выдаць і першы нумар часопіса „Аршанскі маладняк“. Праз тры месяцы літаратурныя матэрыялы для першага нумара былі выдадзеныя за кошт сродкаў аддзела народнай адукацыі…» [1].

Праца філіі[правіць | правіць зыходнік]

Як бачна з архіўных дакументаў, што знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь (БДА-М ЛіМ), філія афіцыйна была арганізавана ў маі 1925 года. У 1926 годзе Міхася Ганчарыка запрасілі на працу асістэнтам кафедры фізіялогіі раслін сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля гэтага аршанская філія «Маладняка» фактычна разбілася на дзве часткі (горацкая частка спачатку назывaлася студыя). Нягледзячы на тое, што частка сяброў арганізацыі жыла ў Горках і раёне, яна была філіяй «Аршанскага Маладняка». Аднак сябры зноў створанай арганізацыі называлі сябе сябрамі Горацкай філіі «Аршанскага Маладняка». Назву часопіса «Аршанскі Маладняк» не змянілі, хоць ён з 3-га нумара пачаў выдавацца ў Горках. 2 кастрычніка 1926 года, на першым пасяджэнні сябры Горацкай філіі улічваючы, што «сувязь з Воршай (так у той час называлі Оршу) дасканала немагчыма з-за недахопу сродкаў, працу рэарганізаваць у тым сэнсе, што ў Горках утварыць самастойную філію. У наступны момант гэта мае пад сабой грунт, затым што сілы ў Горках павялічыліся». Аднагалосна вырашылі з аршанскай філіі «Маладняка» выйсці і «…утварыць дзве самастойныя філіі: у Горках і ў Воршы, падзяліўшы ўсе сродкі пароўну» [2]. На гэтым жа пасяджэнні прынялі праект каляндарнага плана працы на 1926—1927 гг., састаўлены А. Вечарам. Ён складаўся аж з 23 пунктаў. План фактычна быў праграмным дакументам студыі. Так, у ім рэкaмендaвалaся «…вывучаць літаратуру з боку філёзофскага, зачым лічыць неабходным вывучэнне той часткі матэрыалістычнай філёзофіі, якая гаворыць аб ёй» [3]. Планы гэтыя паспяхова праводзіліся ў жыццё, што пацвярджаюць пацвярждаюць даклады студыйцаў Ю.Гаўрука («Проза і віды прозы»), А.Вечара («Аб стылістыцы») і інш. Гэта дало падставу М. І. Мушынскаму адзначыць, што "на высокім узроўні вялася творчая, крытычная праца ў некаторых найбольш моцных філіях, гуртках, аб чым сведчыць дзейнасць Горацкай студыі «Маладняка»[4]. З пратаколаў студыі бачна, што паседжанні адбываліся кожны тыдзень у кабінеце кафедры беларусазнаўства. Пачыналіся яны ў 9 гадзін вечара, пасля таго як канчаліся заняткі ў акадэміі. Кіравала працай філіі Бюро, у якое ўваходзілі старшыня — М.Ганчарык, сакратар — А. Вечар, сябры — Ю.Гаўрук і П.Мадзёлка. Акрамя штотыднёвых паседжанняў, cябры праводзілі літаратурныя вечары сярод студэнтаў акадэміі і рабфака, а таксама ў школах і на прадпрыемствах города і раёна. З пратаколу ад 25 снежня бачна, што філія прымала ўдзел у працы гуртка «Беларускай культуры» акадэміі, а таксама культкамісіі пры прафкаме. Не парывалі сувязі горацкія сябры філіі і з Оршай. Усе свае творы, перш чым рэкамендаваць іх да друку, члены філіі абмяркоўвалі на сваіх паседжаннях.

12 лютага 1928 года ў Горках адбылася акруговая канферэнцыя «Aршанскага маладняка» сумесна з прадстаўнікамі Оршы і Мсціслава. На канферэнцыі прадстаўнік Усебеларускага часовага кірaўніцтва «Маладняка» Васіль Каваль зрабіў даклад аб становішчы маладнякоўскага руху ў Беларусі. Было вырашана падтрымаць ідэю аб уваходзе «Маладняка» ва Усесаюзную Асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. На Усебеларускую канферэнцыю «Маладняка» былі абраны А.Вечар, Ю.Гаўрук і У.Прыбыткоўскі. 15 лютага 1928 года адбылася Усебеларуская канферэнцыя, арганізаваная часовым кіраўніцтвам «Маладняка». Было абрана пастаяннае Цэнтральнае Бюро ў складзе 7 членаў, у тым ліку ад Горацкай філіі ў ЦБ увайшлі Ю. Гаўрук, А.Вечар і былы сябра Горацкай філіі В. Каваль. Горацкая філія «Аршанскага Маладняка» працавала ўсяго некалькі гадоў (1926—1928 гг.), але яна стала добрай школай для будучых паэтаў і пісьменнікаў. А тыя, хто пісьменнікамі не сталі, на ўсё жыццё захавалі любоў да літаратуры і творчасці.

Сябры філіі[правіць | правіць зыходнік]

У філію ўваходзілі Алесь Вечар, Юрка Гаўрук, Міхась Ганчарык, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў, Уладзімір Прыбыткоўскі, Васіль Каваль, Герасімовіч (Язэп Вір), Віктар Бухаркін, Сяргейчык, Мурашка, Чыжанок, Шрубок, Янушка, Калядка, Сымончык, Змушка, Мільячэнка, Мятко, Дзямядовіч, Саулік і іншыя. Пра лёс многіх сяброў студыі да гэта часу нічога невядома. Невядомы нават іх імёны.

Максім Гарэцкі, хоць афіцыйна і не ўваходзіў у Горацкую філію «Аршанскага Маладняка», аднак, як успамінаў М. Ганчарык, «…аказваў заўсёды добразычлівую і аўтарытэтную дапамогу „маладнякоўцам“ філіі… Асабліва быў карысным яго ўдзел у літаратурных вечарах, якія наладжваліся маладнякоўцамі, ці пры калектыўных разглядах творчасці паасобных сяброў філіі.»[5]. Вядома, што М. Гарэцкі пільна сачыў за творчасцю сяброў Горацкай філіі. У яго кнізе «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928" (Мн.: 1928) ён некалькі разоў узгадвае А.Вечара, Ю.Гаўрука, В.Каваля і іншых. Надзеі, якія М. Гарэцкі ўскладаў на некаторых маладнякоўцаў, с цягам часу спраўдзіліся: з іх выраслі добрыя пісьменнікі. На жаль, асноўная частка з іх загінула ў час таталітарнага рэжыму.

Афіцыйна не ўваходзіла ў Горацкую студыю «Аршанскага Маладняка» і яго жонка Л. Чарняўская, дзіцячая пісьменніца. Відаць публікацыі ў часопісе «Маладняк» далі М. І. Мушынскаму падставу залічыць яе ў сябры «Маладняка»[6]. Дарэчы і У. А. Навумовіч таксама ўключае Л. Чарняўскую ў лік сяброў «Маладняка» [7].

Часопіс «Аршанскі маладняк»[правіць | правіць зыходнік]

З друку ў 1925—1928 гады выйшла сем нумароў часопіса «Аршанскі маладняк» (у 1925 — два нумары, у 1926 — тры, у 1927 і 1928 гг. — па аднаму). Калі часопіс друкaваўся ў Оршы ў друкарні імя Ф. Скарыны тыраж быў 1500 паасобнікаў, але ён быў аб’ёмам 40-50 старонак. А калі пачаў друкавацца ў Горках, кніжкі былі да 110 старонaк і тыраж быў 1000 паасобнікаў. Акрамя аўтараў з Оршы і Горак у альманаху друкавалі свае творы і маладнякоўцы з Мсціслава: Зяма Півавараў, Юлі Таўбін, Сяргей Калугін, Я. Гоманава, Ганна Сапрыка, Змітрок Астапенка, Ларыён Максімаў.

Успаміны сяброў філіі[правіць | правіць зыходнік]

Аб Горацкай філіі пакінуў успаміны былы сябра студыі Юрка (Юры Паўлавіч) Гаўрук, які ў 1925 г. скончыў Вышэйшы літаратурны інстытут у Маскве і з 1925 по 1931 г. працаваў дацэнтам кафедры беларусазнаўства ў Горках. Ён піша, што «…апынуўся ў Горках амаль адначасова з А.Вечарaм у наступстве доктарам біялагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі і тэхнікі БССР. Ён прыехаў вучыцца, а я выкладаў беларускую мову і літаратуру. З 1925 па 1930 г. пры акадэміі бесперапынна працаваў літаратурны гурток, мы нават выпусцілі некалькі нумароў часопіса „Аршанскі Маладняк“, апошні з якіх (№ 7 за 1928 г.) выглядаў вельмі грунтоўна. Акрамя А.Вечара і мяне, актыўны ўдзел у працы гуртка прымаў Максім Гарэцкі, які кіраваў кафедрай беларусазнаўcтва. Гурток збліжаў у асноўным студэнтаў, якія спрабавалі пісаць ці цікавіліся літаратурой. Назаву некалькі імёнаў: Міхась Ганчарык, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў, Уладзімір Прыбыткоўскі (цудоўны паэт, загінуў у пачатку вайны на Брэстчыне), Васіль Каваль, Язэп Вір. Алесь Вечар прыцягваў мяне сваёй самастойнасцю, сур’ёзнасцю, унутранай стрыманасцю, уменнем кожную распачатую працу даводзіць да канца. Ён пісаў вершы, мы іх друкавалі, прычым без усялякіх выпраўленняў, як быццам напісаны яны былі не пачаткоўцам, а дасведчаным майстрам. Для шостага нумара „Аршанскага Маладняка“ не было адпаведнага клішэ. А хацелася даць нешта арыгінальнае. І Алесь Вечар вельмі нядрэнна выразаў на ліноліуме дрэва з лісцем, якое было надрукавана на вокладцы. Я мала ведаю Алеся Вечара як навукоўца, пра гэта скажуць іншыя, але магу з упэўненасцю запэўніць, што Вечар-паэт у многім дапамог Вечару-навукоўцу» [8].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гаўрук, Юрка. «Ступень адказнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн.: 1986.
  • Гілевіч, Н. С. Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»). — Мн.: 1962.
  • Гарэцкі, М. «Маладняк» за пяць гадоў. — Мн.: 1928.
  • Ліўшыц, Уладзімір. З гісторыі горацкай студыі «Аршанскага маладняка» / // «Парнасу» — 60 : літаратурна-гістарычныя нарысы, публіцыстыка : да 60-годдзя літаратурнага аб’яднання «Парнас» / Установа адукацыі «БДСГА». Горкі: 2013. С. 25―34
  • Ліўшыц, Уладзімір. Горацкія маладнякоўцы. «Памяць. Горацкі раён».- Мінск:1996. С.150.
  • Ліўшыц, Уладзімір. Горацкая студыя «Аршанскага Маладняка»-Горкі: 2013. 96с. іл. http://lib-gorki.mogilev.by/index.php/chitatelyam/116-elektronnye-knigi-goretskikh-avtorov#collapse612
  • Мушынскі М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. — Мн.: 1975.
  • Навумовіч У. А. Шляхамі арлянят. — Мн.: 1984.
  • Хромчанка, К.Р. Маладняк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.3. С.410,411.
  • История белорусской советской литературы. — Мн.: 1977. С.22-23,46-50.
  • Пшыркоў Ю. С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гадоў). — Мн., 1960.
  • Перкін Н. С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. — Мн.: 1960.
  • Чыгрын І. П. Проза «Маладняка». — Мн.: 1985.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Зноскі

  1. Ліўшыц, Уладзімір. Горацкія маладнякоўцы. «Памяць. Горацкі раён».- Мінск:1996. С.150
  2. БДА-М ЛіМ ф. 225. воп.1, сп.18.л.6
  3. БДА-М ЛіМ ф. 225. воп.1, сп.18.л.6
  4. Мушынскі, М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. Мн.: 1975. С.196
  5. Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы. С. 69 −70
  6. Мушынскі, М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. Мн.: 1975.С.198
  7. Навумовіч, У. А. Шляхамі арлянят. Проза «Маладняка» — Мн.: 1984.С.9
  8. Гаўрук, Юрка. «Ступень адказнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн.: 1986.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.