Лясун
Лясун, Лесавік, Лешы, Лясны дзед — у славянскай і ў прыватнасці ў беларускай міфалогіі — гаспадар лесу.
Абсяг дзейнасці Лесуна — уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, за выключэннем вадаёмаў, дзе гаспадарыць Вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом Лесавіка, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць — больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця Лясун здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. У асноўным Лесавік мае чалавечы воблік, але ён вострагаловы, як і ўсе нячысцікі, і з блакітнай крывёю, не мае ценю і не пакідае слядоў. Лясун здольны перадаваць галасы жыхароў свайго краю — ад мядзведжага рыку да піску камара.
Лясуна можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апрануць на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена — Лясун адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага кірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць надзею, даходзіць да адчаю, Лясун злосна рагоча, і яго рогат разносіцца па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, нягледзячы, што іншым разам Лешыя і Вадзянікі — непрымірымыя ворагі.
Лічыцца, што Лесавік не столькі шкодзіць людзям, колькі жартуе з іх, але жартуе груба і злосна. Па яго волі блукаюць у лесе, але Лесавік усё ж не завядзе чалавека на прамую пагібель як Чорт. Баіцца ён ліпавага палена, солі і агню, а таксама лаянкі. А вось свіст у лесе яму вельмі падабаецца.
Лесавік — герой многіх літаратурных твораў. Напрыклад у Янкі Купалы:
Барадой лясун ківае, |
Чуеш гул? — Гэта сумны маркотны лясун |
Або:
Стаяў калісь тут бор стары, |
Загінуўшы, Лясун пакінуў пасля сябе люстэрка-возера, якое ў народнай культуры разумелася як сімвал падваення рэальнасці і мяжа паміж зямным светам і іншасветам.
Калі Лясун разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Ён «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка павісквае. Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. У руках ён, здараецца, трымае вялізную дубіну, якой стукае па дрэвах, таму, маўляў, і чуецца ў лесе грукат. Паводле другой версіі — у руках у яго доўгі бізун, якім ён стукае, падганяючы сваіх спадарожнікаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне / Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5.
- Шамякіна Т. I. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лясун
- Міфы Бацькаўшчыны на slounik.org
- Выява лесуна Архівавана 5 сакавіка 2016.