Зюзя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Зю́зя (Мароз, Ледзяньі Дзед) — персанаж славянскага фальклору і каляндарных абрадаў, міфічная істота, якая ўвасабляла зімовы холад. Уяўляўся старым сівым дзедам з сінім або чырвоным, як бурак, носам. Яго валасы і доўгая барада былі пакрыты інеем, ці замест вусоў і барады ўніз да долу спускаліся саплі[1]. У Палессі ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда, які ў расхрыстаным кажусе, босым хадзіў па снезе[2].

Трэск у кутках і начное стуканне падчас вялікага холаду прыпісвалі Ледзяному Дзеду, які мае звычай садзіцца на хаце. 3 мэтаю залагодзіць яго, каб ён не разваліў хату ды не памарозіў азімых, запрашалі страшнага дзеда на калядную вячэру: «Мароз, Мароз! Хадзі куццю есці!». Пад Новы год беларусы варылі для Зюзі (Мароза) куццю, каб задобрыць. Таксама на Першую куцьцю у хату прыносілі сена, за сталом выклікалі «марозе».

Слова «Зюзя» паходзіць ад дзеяслова «зюзець» — мерзнуць, калець ад марозу[Крыніца?]. Увасабляе сабой зімовую сцюжу, а таксама каляндарны перыяд ад Калядаў да вясновага раўнадзенства[3]. Павел Шпілеўскі беспадстаўна азначаў Зюзю як бога зімы ў беларускай міфалогіі (гл. Кабінетныя багі і духі беларускай міфалогіі). Паводле паданняў, Зюзя ўяўляецца як дзед з доўгай барадой, які жыве ў лесе, ходзіць басанож, без капелюшу, у белым расхрыстаным кажусе. У руцэ трымае вялікую жалезную булаву — доўбню. Ад яго подыху ўзымаецца завіруха і мяцеліца.

Персанаж блізкі да Дзеда Мароза[Крыніца?] і Санта-Клаўса[Крыніца?].

Па-палеску «зюзя» азначае холад, мароз.

Прымаўкі[правіць | правіць зыходнік]

  • «Зюзя ў хаце, а тут ужо ні снапа на палаце…»
  • «Зюзя на дварэ — куцця на стале»
  • «Калі ж зіма была марозная, то летам будзе засуха»

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Мароз // Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 305. — ISBN 985-01-0473-2
  2. Зюзя // Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя
  3. Сяргей Санько. Некаторыя падставовыя прасторавыя й часавыя структуры традыцыйнай беларускай касмалёгіі. Тэмпаральныя структуры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с. — ISBN 985-11-0279-2
  • Зюзя // Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 216. — ISBN 5-85700-014-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]