Ярыла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Скульптура "Ярыла" (Данецк)

Яры́ла — ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог[крыніца?] урадлівасці, вясны і пачуццёвага кахання. Пасля прыходу хрысціянства многія яго рысы атрымалі святы Юр'я[1], і магчыма, святы Пятро.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Ярыла раз'язджаў на коні і быў апрануты ва ўсё белае. П. Шпілеўскі апісвае свята ў гонар Ярылы, якое спраўлялася да сярэдзіны ХІХ ст. Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу абкружаюць не толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных вянок са свежых кветак. Дзяўчыне даюць у адну руку чэрап, у другую - іржаныя каласы (першы атрыбут, верагодна, сімвалізаваў пераможаную зіму і ноч, другі - сілу жыцця і ўраджаю). Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод спявае песні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасці зямлі і нараджэнню дзяцей. Магчыма, што Ярыла ў народных уяўленнях мяняў свой узрост у залежнасці ад сезону года: вясна супастаўлялася з маладым Ярылам, лета - з болей сталым ("Стары Юрый..." - называе яго веснавая песня[2]).

У Юр'яў дзень Ярыла па загадзе маці адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю, а з яго ўзнікненнем пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле. І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу. Паданне малявала Ярылу як апекуна пачуццёвага кахання. Таму не лічылася злачынствам пад яго покрывам і саграшыць у каханні.

Святы Юрай[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу хрысціянства Ярыла стаў забывацца, але многія яго функцыі перайшлі да хрысціянскіх святых, у прыватнасці да Юр'я. Да яго таксама звярталіся, каб ён прагнаў зіму, пусціў у свет вясну, прынес добры ўраджай. Юрай (Юр'я) фігурыруе ў веснавых, юраўскіх, а таксама ў валачобных песнях, з'яўляецца ў народных баладах і паданнях. Ён - "божы ключнік"[3], бо валодае залатымі ключыма, якімі кожную вясну адмыкае вясну і замыкае зіму, адмыкае неба, зямлю (каб адтуль выйшла раса, веснавая трава).

Настаў празнік - святы Юр'я.

Святы Юр'я ўперад пайшоў,

асядлаў каня варанога,

паехаў прама да Бога.

Узяў ключы залатыя,

адамкнуў маці-зямліцу,

пусціў расу на ўсю зямліцу,

на ўсю зямлю вясеннюю[4].

У другой песні ён падае ключы Пятру, каб той адамкнуў зямлю і выпусціў траву - гэта наводзіць на думку аб некаторай тоеснасці двух персанажаў. Трэба, аднак, вызначыць, што ў некаторых сюжэтах Юр'я - заменнік не Ярылы, а Пяруна - асабліва ў матывах змагання са змеямі-пачварамі (цмокамі і інш).

Іншыя заменнікі Ярылы[правіць | правіць зыходнік]

Функцыі Ярылы былі размеркаваныя паміж шэрагам святых.

"Сьвяты Барыс ляды паліць,
Ляды паліць, падчышчаіць.
Сьвяты Сёмка гнаі возіць,
Гнаі возіць, раі раіць,
Раі раіць, мяды сыціць.
Сьвяты Пятро - саўсім ядро,
Лугі косіць..."

— (Зап. у 1968 г. у в. Лявонпаль ад Кісьляка Андрыяна, 1908 г.н.)

Асабістай увагі варты святы Пятро, які выступай, верагодна, іпастассю летняга, сталага Ярылы (Юрай - веснавога, маладога Ярылы). У фальклоры і паданнях ён супрацьпастаўляецца Іллі, які пануе над грымамі і маланкамі (святы Пятро - над сонцам і цяплом). Лічылася, што ў канцы лета, калі надвор'е псуецца, - Ілля перамагае Пятра. Паколькі сам Ілля быў хрысціянскім заменнікам Пяруна, то паданні могуць утрымліваць рэшткі архаічнага міфа пра яго супрацьстаянне з Ярылам. У паданні, якое А. Сержпутоўскі запісаў у Палессі, святы Пятро стаў глухі ад старасці. Бог патрабуе ад яго несці дождж туды, "дзе просяць", а ён нясе туды, "дзе косяць".

У некаторых песнях функцыі надаюцца жывёлам: адамкнуць вясну залатымі ключыма і замкнуць зіму просяць "сізу галачку" ("Вылеці, сізая галачка, \ Вынесі залатыя ключы, \ Замкні халодную зіманьку, \ Адамкні цёплае лецечка..."[5]) ці пчалу[6]. Жаваронкаў просяць прынесці "вясную красную". Не выключна, што некаторыя жывёлы былі набліжаныя да вобразу Ярылы ці выступалі нават яго зааморфнымі абліччамі. Пчол у валачобных і веснавых песнях часта называюць "ярымі", "яравымі".

Ярыла ў беларускай паэзіі[правіць | правіць зыходнік]

"Празь небыцьцё,

Вякоў равы

Трава

Праб'ецца вастракрыла,

Бо мае ўладныя правы

Вогнебародага Ярылы..."[7].

Зімовыя краты

Разбурыла вясна,

Ярыла-араты

Абудзіўся ад сна[8].

"Нам Юр’я агонь паслаў,

Да ўсіх дзевачак к агню сазваў.

Хадземце, дзевачкі, хадземце, мілыя,

Да агню..."[9].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданьне. Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. - Мн.: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5
  • Ярила, Ярило, Ярыло // Мифологический словарь (руск.)