Перайсці да зместу

Дом віцэ-губернатара (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом віцэ-губернатара

53°54′11″ пн. ш. 27°33′12″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль неакласіцызм і мадэрн
Архітэктар Фёдар Аляксандравіч Крамер
Дата пабудовы 1745 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом віцэ-губернатара — будынак у Мінску, у квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 3.

Фасад будынка бурсы Мінскага калегіума езуітаў з праекта 1745 года.

Архітэктурны комплекс Мінскага калегіума езуітаў у стылі барока сфарміраваўся ў 1-й палове XVIII стагоддзя. У 1745 годзе з боку вуліцы Койданаўскай (цяпер Рэвалюцыйная) пабудаваны вялікі аднапавярховы будынак з падвальнымі памяшканнямі, перакрытымі скляпеннямі, дзе знаходзілася бурса і стайня.

Фасад будынка Дом віцэ-губернатара з праекта Фёдара Крамера.

У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў будынак перабудаваны паводле праекта архітэктара Фёдара Крамера ў стылі класіцызму пад рэзідэнцыю мінскага віцэ-губернатара  (руск.). Гэта быў аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокальным паверхам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў вылучаны трыма рызалітамі ў цэнтральнай і вуглавых частках. У 1873 годзе дом віцэ-губернатара моцна пацярпеў падчас пажару, пасля якога быў адноўлены.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў на першым паверсе будынка знаходзіліся жылыя пакоі, а цокальны паверх выкарыстоўваўся пад крамы, у тым ліку бакалейную і мануфактурны склад «Канавалаў і сын».

У пачатку 1920-х гадоў прынята рашэнне пра грунтоўную рэканструкцыі будынка, праект у 1924 годзе распрацаваў архітэктар Аляксей Дзянісаў. Падчас рэканструкцыі надбудаваны другі паверх, а сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў вырашаны ў стылі неакласіцызму з элементамі архітэктуры мадэрну.

З 1932 года ў былым доме віцэ-губернатара знаходзіўся Камітэт па радыёвяшчанні пры ЦВК БССР, які ў 1933 годзе рэарганізаваны ў Камітэт радыёінфармацыі і радыёвяшчання пры Савеце Народных Камісараў БССР, які знаходзіўся тут да 1941 года.

У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны ў ім знаходзіліся розныя адміністрацыйныя ўстановы. У 1950-я гады будынак былога дома віцэ-губернатара рэканструяваны, праз што часткова страчаны архітэктурны дэкор галоўнага фасада.

У канцы XX стагоддзя распрацаваны праект рэстаўрацыі будынка (архітэктар Людміла Іванова), такім чынам быў цалкам адноўлены выгляд галоўнага фасада паводле ранейшага праекта архітэктара Аляксея Дзянісава.

У 2003 годзе пасля капітальнага рамонту, калі надбудаваны трэці паверх, будынак заняты цэнтральным апаратам Камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй пры МУС Рэспублікі Беларусь.

Пабудаваны з цэглы. Двухпавярховы будынак з цэнтральнай часткай, якая завершана ў выглядзе трохвугольнага шчыта. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Уваход паглыблены, дэкараваны 2 калонамі круглага сячэння, устаноўленымі на ганку. Аконныя праёмы прамавугольныя, без ліштваў, на 1-м паверсе ў цэнтры шырокія, двухчасткавыя[1].

Зноскі

  1. 271.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.